На мяжы Беларусі з Украінай: войскі ідуць на Кіеў ці Львоў
Уварванне расійскіх войскаў ва Украіну было ажыццёўлена не толькі з Расіі, але, відавочна, і з тэрыторыі Беларусі. DW — аб сітуацыі ў раёне беларуска-ўкраінскай мяжы.
Беларускія ўлады абвяргаюць паведамленні аб удзеле беларускай арміі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Яны запэўніваюць, што інфармацыя "аб удзеле ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ў Данбасе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь з'яўляецца фэйкавай". Такую заяву зрабіў 24 лютага памочнік міністра абароны Беларусі Леанід Касінскі.
У той жа час у Міністэрстве абароны Беларусі ўказваюць, што на тэрыторыі краіны працягваецца "праверка сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы", не ўдакладняючы, што менавіта гэта азначае. Афіцыйнай інфармацыі аб тым, што адбываецца зараз практычна няма. Аб рэальнай сітуацыі ў раёне беларуска-ўкраінскай мяжы можна меркаваць хіба што па расказах мясцовых жыхароў.
На мяжы — танкі і іншая тэхніка
Ад беларускай вёскі Хаціслаў у Маларыцкім раёне да ўкраінскай мяжы — некалькі кіламетраў. У ранейшыя часы яе зручней было перасякаць на дызель-цягніку, бо пунктаў пропуску для аўтамабіляў паблізу няма. Мясцовы жыхар Сяргей расказвае, што трапіць ва Украіну можна і праз лясны масіў, але гэта будзе лічыцца парушэннем мяжы. "А зараз мы бачым, што ў лесе стаіць тэхніка без апазнавальных знакаў — танкі і БТР, але падысці бліжэй вяскоўцам забараняюць", — кажа мужчына.
Ён удакладняе, што ніякіх вайсковых вучэнняў каля Хаціслава не было, а тэхніка з'явілася толькі ў апошнія дні. "Калі войскі перасякаюць мяжу, то ідуць на Кіеў ці Львоў, а не на Данбас, да якога адсюль вельмі далёка", — перакананы Сяргей.
Падобная сітуацыя назіраецца і ў іншых раёнах Брэсцкай і Гомельскай абласцей, якія мяжуюць з Украінай. Мясцовыя жыхары адчуваюць шок, калі бачаць, як вайсковыя калоны ідуць у бок мяжы. "Я і ўявіць сабе не магла, каб столькі танкаў ездзілі па нашых дарогах, якія зусім не прыстасаваныя для такой тэхнікі", — эмацыйна расказвае яшчэ адна жанчына з беларускага прыгранічча.
У Брэсце заўважаны эшалоны
Трывога ад таго, што адбываецца гэтымі днямі ў родным горадзе, не пакідае і жыхароў Брэста. Як расказвае мясцовы прадпрымальнік Аляксандр, па справах яму даводзіцца часта ездзіць на аўтамабілі па ўсім горадзе, і гэтыя паездкі цяпер пакідаюць шмат уражанняў.
"Не заўважыць багацце ваеннай тэхнікі проста немагчыма: на чыгуначнай станцыі "Брэст-Палескі" стаяць платформы з танкамі — іх там дзясяткі, а па аб'язных дарогах рухаюцца калоны вайсковых машын з расійскімі нумарамі", — дзеліцца брэстаўчанін.
Па словах Аляксандра, у людзей няма дакладнай інфармацыі аб тым, навошта ўся гэтая тэхніка знаходзіцца ў Брэсце. "І ў гарвыканкаме, і ў ДАІ пакідаюць такія пытанні без каментароў, хаця нават падчас нядаўніх вучэнняў вадзіцеляў папярэджвалі, дзе чакаецца рух армейскага транспарту", — адзначае прадпрымальнік.
Як легальна перасекчы мяжу?
Складаная сітуацыя ў тых, каму трэба выехаць з Беларусі ва Украіну ці вярнуцца назад. Украінскі бок працу сваіх пагранпераходаў пасля расійскага ўварвання спыніў, а беларускі Дзяржпагранкамітэт паведамляе, што пункты пропуску "Новая Рудня" і "Новая Гута" (абодва размешчаны ў Гомельскай вобласці) працягваюць функцыянаваць.
Пры гэтым, паводле версіі беларускага пагранічнага ведамства, пад'езды да гэтых пунктаў пропуску з тэрыторыі Украіны "ўскладнены з-за разбурэння дарог і не заўсёды бяспечныя".
У Брэсцкай жа вобласці ўсе пагранпераходы ва Украіну закрытыя, і цяпер дабрацца на радзіму не могуць нават грамадзяне Украіны, якія прыязджалі ў Беларусь на працу. Спынены і рэгулярныя аўтобусныя зносіны: на аўтавакзале Брэста адмянілі нават тыя адзінкавыя рэйсы, якія заставаліся падчас пандэміі.
У сваю чаргу, паводле інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі, за мінулыя суткі амаль чатыры сотні чалавек перасеклі мяжу, каб патрапіць з Украіны ў Беларусь. Паводле МЗС, большасць з іх — беларусы або грамадзяне трэціх краін.