«А заўтра была вайна»
Беларуска, якая з'ехала ва Украіну, напісала, чым можна дапамагчы людзям, што ўцякаюць ад вайны. З яе дазволу на ўмовах ананімнасці публікуем яе допіс.
«Вы ведаеце, пра што я думаю ў аўтобусе, які ляціць па сустрэчай паласе да мяжы з Польшчай?
Пра вечар перад вайной. Ды і апошні тыдзень.
Я зрабіла манікюр, нарэшце знайшла фітнес-зал. Пачала ўрокі малявання.
А ў сераду я апранула новую сукенку і паліто, што вычапіла ў сэкандзе, абула абцасы і пайшла з сяброўкай ў тэатр. Спектакль быў пра жыццё, мы пасмяяліся, паплакалі, добра адпачылі.
Нашы мужы ў той вечар бавілі час з дзеткамі, гулялі ў настолкі і размаўлялі.
А заўтра была вайна.
Мы з дзецьмі ўзялі самыя неабходныя рэчы і збеглі. Муж сяброўкі пайшоў у ваенкамат, яна сама набрала ванну вады на выпадак адключэння, і жыве паміж кватэрай і падвалам.
Калі вы думаеце, чым памагчы, ёсць некалькі спосабаў:
- Зараз на мяжу едуць машыны і аўтобусы, многія пераходзяць пешшу. Калі маеце магчымасць і машыну — едзьце сустракаць людзей на пункты пропуску;
- Мы выехалі фактычна голыя, і па прыездзе на нейкую кропку, будзем мець патрэбу ў забеспячэнні;
- Можна таксама падтрымаць украінскае войска.
Слава Украіне!Жыве Беларусь!»