BAZA заклікае міжнародную супольнасць падтрымаць Украіну

Беларуска-амерыканскае задзіночанне (BAZA) звярнулася з заявай да ўраду ЗША у сувязі з нападам Расіі на Украіну.

baza_3.jpg

BAZA асуджае ўзброеную агрэсію Расійскай Федэрацыі супраць Украіны і ўдзел у гэтай агрэсіі нелегітымнага беларускага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
«Цяперашні ўзброены напад Расійскай Федэрацыі на Украіну з'яўляецца незаконным. Ён нясе ў сабе рысы міжнароднага ваеннага злачынства. У падтрымцы гэтых незаконных дзеянняў замешаны дзейная ўлада Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў заяве Задзіночання.
BAZA заклікае ўрад Злучаных Штатаў прыняць далейшыя меры:

  •  абвяшчэнне Расіі дзяржавай-спонсарам тэрору і Пуціна — ваенным злачынцам;
  •  ужыванне Закона Магніцкага да расійскага кіраўніцтва і элітаў, якія нажываюцца на парушэннях правоў чалавека ўнутры і за межамі Расіі;
  • адключэнне Расіі ад усіх міжнародных дзяржаўных і прыватных фінансавых рынкаў, у тым ліку SWIFT, гандаль суверэнным доўгам і суверэннай валютай;
  • забарона акаўнтаў расійскага ўрада/прапаганды на ўсіх медыя-платформах ЗША, у тым ліку ўрадавых чыноўнікаў, якія выкарыстоўваюць платформы сацыяльных сетак для прасоўвання дзяржаўнай прапаганды;
  • прадпісанне амерыканскім кампаніям спыніць усе аперацыі ў Расіі і ўвядзенне энергетычнага эмбарга;
  • выяўленне, выкрыццё і замарожванне актываў усіх структур, звязаных з Пуціным і яго чыноўнікамі.

«У дадатак да ўжо аб'яўленых абмежаваных санкцый неабходны далейшыя меры, каб паслаць рашучы сігнал беларускаму рэжыму. Заклікаем міжнародную супольнасць заняць цвёрдую пазіцыю як адносна кіраўніцтва дзяржавы-агрэсара, так і нелегітымнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі.
Мы лічым, што будучыня Беларусі і рэгіёна будзе залежаць ад поспеху Украіны ў адбіцці гэтай агрэсіі.BAZA заклікае міжнародную супольнасць аказаць поўную падтрымку абароне Украіны ад узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі», — сказана ў заяве.