NATO: Свет будзе прыцягваць Расію і Беларусь да адказнасці за іх дзеянні

Лідары краін NATO 25 лютага сабраліся на пазачарговы саміт з-за ўварвання Расіі ва Украіну. У Паўночнаатлантычным альянсе асудзілі падобныя дзеянні і заклікалі Расію неадкладна вывесці свае войскі.

211118_flags_hq_rdax_775x440s_1.jpg

Пра гэта гаворыцца ў заяве NATO, абнародаванай пасля саміту.
Так, Альянс асуджае поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну пры падтрымцы Беларусі.
«Мы заклікаем Расію неадкладна спыніць ваенны наступ, вывесці ўсе свае сілы з Украіны і вярнуцца са шляху агрэсіі. Гэты даўно спланаваны напад на Украіну — незалежную, мірную і дэмакратычную краіну — жорсткі, абсалютна несправакаваны і неапраўданы... Мір на еўрапейскім кантыненце быў фундаментальна парушаны. Свет будзе прыцягваць Расію і Беларусь да адказнасці за іх дзеянні», — гаворыцца ў заяве.
Альянс канстатуе, што Расія нясе поўную адказнасць за гэты канфлікт. Ён у корані парушыў міжнароднае права, у тым ліку Статут ААН. Дзеянні Расіі таксама з'яўляюцца «абуральнай адмовай» ад прынцыпаў, замацаваных у Засноўвалым акце Расія-NATO: менавіта Расія парушыла свае абавязанні па гэтым акце.
«Рашэнне прэзідэнта Пуціна напасці на Украіну — гэта жудасная стратэгічная памылка, за якую Расіі давядзецца заплаціць суровую цану, як у эканамічным, так і ў палітычным плане, у бліжэйшыя гады. У дачыненні да Расіі ўжо ўведзены маштабныя і беспрэцэдэнтныя санкцыі», — сказана ў публікацыі.
Таксама NATO мае намер працягнуць цесную каардынацыю з адпаведнымі зацікаўленымі бакамі і іншымі міжнароднымі арганізацыямі, уключаючы ЕС.