«Найбольш іх цікавіла наша матэрыяльная дапамога людзям». Праваабаронца пра ператрусы ў Гомелі

5 студзеня ў Гомелі і Рэчыцы прайшлі ператрусы ў праваабаронцаў, валанцёркі і актывістаў. Міліцыя прыйшла ў кватэры да Васіля Палякова, Мікалая Новікава, Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы. Дзесяць гадзін «трэслі» супрацоўнікі УБАЗіК офіс на Палескай, 52.

Праваабаронца Васіль Палякоў у офісе на Палескай, 52 пасля ператрусу. 5 студзеня

Праваабаронца Васіль Палякоў у офісе на Палескай, 52 пасля ператрусу. 5 студзеня

Вынік ператрусу на Палескай, 52 — ажно 304 прадметы, якія забралі супрацоўнікі па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. 250 з гэтых «прадметаў» — асабістыя справы людзей, рэпрэсаваных пасля выбараў. Ім дапамагаў праваабаронца Леанід Судаленка.
Ператрус у офісе апазіцыі, дзе працуюць і праваабаронцы, адбыўся нібыта ў звязку з крымінальнай справай актывіста і ўдзельніка прэзідэнцкай кампаніі Уладзіміра Няпомняшчых. Той нібыта на судзе пагражаў пракурору.
«Якая сувязь паміж меркаванымі пагрозамі Няпомняшчых пракурорцы і працай праваабаронцаў? Гэта толькі нагода, каб дабрацца да нашай інфармацыі, кампутараў. Спроба міліцыі паралізаваць працу нашага офісу, — кажа Леанід Судаленка. — Пасля выбараў да нас звярнуліся каля тысячы чалавек — па кансультацыі, у пошуку сваякоў, па прававую і матэрыяльную дапамогу. Так, я асабіста дапамагаў матэрыяльна, напрыклад у аплаце дзяржаўнага збору за скаргі. Раней я стаў лаўрэатам міжнароднай праваабарончай прэміі, частку якой у жніўні вырашыў выдаткаваць на дапамогу людзям».
Паводле праваабаронцы, пры допыце супрацоўнікаў УБАЗіК цікавіла менавіта матэрыяльная дапамога людзям, яе паходжанне і юрыдычныя падставы.
Гэта ўжо чацвёрты вобшук у праваабаронцы дома і пяты ў офісе на Палескай, 52 ад 2006 года.
«Міліцыянты выкарыстоўваюць розныя нагоды, каб толькі трапіць на офіс і забраць тэхніку. Пасля выбараў 2010 года яны забралі тэхніку на той падставе, што ў Жлобіне распачата крымінальная справа за нейкую арматуру. Мяне дапытвалі, што я ведаю пра арматуру», — дадаў Судаленка.
Радыё Свабода