У Гомелі пасля ператрусу затрымалі праваабаронцу Леаніда Судаленку. Абноўлена
Каля 10 гадзін працягваўся ператрус у гомельскім цэнтры апазіцыі. Пасля гэтага праваабаронцу Леаніда Судаленку забралі ва Ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, піша Свабода.
5 студзеня супрацоўнікі Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй прыйшлі з ператрусам у Гомельскі грамадска-палітычны цэнтар «Палеская, 52».
Пры падтрымцы АМАП яны практычна 10 гадзін праводзілі ператрус. Такія дзеянні міліцыянты патлумачылі тым, што ў офісе нібыта могуць быць «прадметы і рэчы», датычныя да крымінальнай справы Уладзіміра Няпомняшчых.
Па выніку каля 18.40 стала вядома, што на Палескай, 52 забралі дакументы, якія тычацца дзейнасці праваабаронцы Леаніда Судаленкі (пастановы судоў, абскарджванні), а таксама тэхніку і бел-чырвона-белыя сцягі. Цяпер праваабаронцу павезлі «на гутарку» ва УБАЗІК. Судаленка ў перыяд выбараў і пасля іх шмат дапамагаў удзельнікам пратэстаў – у абскарджванні судовых пастаноў і г.д.
Паводле перапісу, пасля ператрусу забралі 304 прадметы. Знялі і забралі нават бел-чырвона-белыя сцягі са сцен.
У дадзены момант вобшук пачынаецца дома ў Леаніда Судаленкі.
Абноўлена: Увечары стала вядома, што Леаніда Судаленку вызвалілі. Падчас ператрусу ў яго дома забралі дзве банкаўскія карткі і нетбук.