Гомельскую настаўніцу змясцілі ў ІЧУ за карагод вакол елкі

Вечарам 6 студзеня міліцыя затрымала ў Гомлі настаўніцу адной са школ, піша Свабода.

47683430_401.jpg

Дома ў яе міліцыя правяла «агляд памяшкання». Пасля 57-гадовую настаўніцу зьмясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на няпэўны тэрмін.
Пра прычыны затрымання міліцыя не гаворыць. «Магчыма, яна ўдзельнічала ў навагоднім карагодзе ў лесе, удзельнікаў якога цяпер ловіць па Гомелю міліцыя. Іншых прычын мы не бачым», — зазначылі сябры настаўніцы.
Вечарам 6 студзеня настаўніца выйшла з пад'езду — ішла ў царкву на службу, але была затрыманая міліцыяй і апынулася ў ІЧУ.
25 снежня жыхары Гомля зладзілі ў лесе навагодні пікнік. Яны прыбралі ялінку, палілі вогнішча, смажылі сала і вадзілі карагод. На ялінцы былі аркушы з надпісамі «Пацук, уцякай!» і «Новы год без пацука». Некаторыя з удзельнікаў трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі.
Відэа з карагоду з'явілася ў тэлеграм-каналах.
5 студзеня міліцыя затрымала адну з удзельніц карагоду, затым — яшчэ адну, 59-гадовую пэнсіянерку Алу. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. Так міліцыя і суд расцанілі карагод у лесе вакол ялінкі.
Паводле пратаколу міліцыі, пэнсіянерка «ў загадзя дамоўленым месцы, у лясным масіве каля вёскі Новая Бухалаўка прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу без дазволу гарвыканкаму».
«Для чаго было сцягі з сабой браць? Вы ж выдатна разумееце, што, каб не гэтыя сцягі — вам бы ніхто і слова не сказаў? — удакладняў суддзя. — Калі б вы не выкарыстоўвалі нейкія палітычныя моманты... Вы выкарыстоўваеце бел-чырвона-белыя сцягі, плякаты на ялінцы: „Новы год без пацука“ — гэта што?», — дапытваўся на паседжанні суддзя Андрэй Лагуновіч.