Мікола Дзядок: Дзякуй, што вы ў мяне верыце — гэта дадае сілаў!

Актывіст анархісцкага руху і былы аўтар «Новага Часу» Мікола Дзядок даслаў калегам ліст з-за кратаў.

50661360_1.jpg


«Вельмі прыемна ведаць, што вы ў мяне верыце і не сумняецеся ў маёй моцы. Гэта вельмі натхняе і дадае сілаў! Я таксама веру, што самы цёмны час — перад світанкам. Тым больш, для гэтага світанку мы зрабілі так шмат!» — напісаў Мікола калегам.
Ён дзякуе ўсім за падтрымку, а таксама за падпіску на НЧ — яму ў камеру прыходзяць ажно два асобнікі газеты.  
Адвакатка Міколы Дзядка днямі паведаміла, што ў яго нармальны стан здароўя, а настрой бадзёры. Акрамя таго, Наталля Мацкевіч расказала, што за апошні тыдзень яму аддалі больш за 100 лістоў (да гэтага Мікола быў пазбаўлены перадач і карэспандэнцыі, бо сядзеў у карцары).
За час знаходжання ў СІЗА Мікалай змяніў некалькі камер з прычыны канфліктаў з сукамернікамі. Дзядок лічыць, што сітуацыя можа пагоршыцца. Умовы сустрэч Мікалая з адвакаткай у СІЗА на Валадарскага, паводле яе, «не забяспечваюць умоваў для аказання эфэктыўнай юрыдычнай дапамогі».
Тым часам праваабаронцы «Вясны» звярнуліся да спецдакладчыцы ААН аб Беларусі Анаіс Марэн і спецдакладчыка аб катаваннях Нільса Мельцэра і заклікалі іх умяшацца ў сітуацыю.
Нагадаем, Міколу Дзядка затрымалі і моцна збілі 12 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК у пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна. Затым яму прад’явілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым.
Вы можаце падтрымаць вязня, даслаўшы яму ліст ці паштоўку на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА №1, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу