Следства па справе Кацярыны Андрэевай, імаверна, завершана
Да гэтай высновы прыйшоў муж журналісткі Ігар Ільяш, які атрымаў сёння ад Кацярыны ліст з жодзінскай турмы, піша Белсат.
Адвакат па справе Кацярыны Андрэевай знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні і не мае права паведаміць нават сваякам, на якой стадыі знаходзіцца справа журналісткі. Аднак сёння Ігар Ільяш атрымаў ліст ад Кацярыны ад 1 студзеня 2021 года. У ім журналістка піша, што ў хуткім часе чакае этапавання ў Менск.
«З кантэксту зразумела, што гаворка ідзе пра этапаванне на суд. Гэта цалкам лагічна: Кацярыну пераводзілі ў Жодзіна на час следства. Паколькі яна мае падставы разлічваць на этапаванне ў Менск, значыць следства было завершана і трэба чакаць, што неўзабаве будзе суд», – кажа Ігар Ільяш.
Калі можа адбыцца этапаванне і суд – не вядома. Аднак Кацярына піша ў лісце наконт будучага судовага працэсу:
«Прагнозаў не раблю нават. Гатовая да ўсяго. Здзівіць даволі складана мяне цяпер».
Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі з 15 лістапада – яны былі затрыманыя за стрым, дзе паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
Белсат