Справа блогераў Пятрухіна і Кабанава рыхтуецца для перадачы ў суд

Палітвязень Аляксандр Кабанаў паведаміў, што яго і Сяргея Пятрухіна пераводзяць у СІЗА ў Брэст. Падчас дасудовага следства блогеры знаходзіліся ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін. Фота: Раман Кісляк. Крыніца: https://www.b-g.by

Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін. Фота: Раман Кісляк. Крыніца: https://www.b-g.by

Жыхарка Брэста атрымала ліст ад блогера Аляксандра Кабанава, якім падзялілася з «Брэсцкай газетай». У ім Кабанаў паведамляе, што яго крымінальная справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.
«А я хутка да вас, у Брэст. Закрыў справу, яе перадалі ў пракуратуру, і хутка будзе ў "судзе". А судзіць будуць у Брэсце, і мяне, і Сяргея (Пятрухіна — заўв. Рэд.). Так што хутка перавязуць у СІЗА Брэста. І будуць вазіць у "суд". Так што прыходзьце, калі ласка). І знаёмых прыводзьце. Толькі не здзіўляйцеся з нашай справы, у якім няма ні аднаго доказу. Адны здагадкі і фантазіі. Ну ўсё, як заўсёды, беларускае «правасуддзе» яно такое, своеасаблівае. Як і следства», — піша Кабанаў.

pismo_kabanov_2020.jpg


Ліст датаваны 28 снежня 2020 года. Не выключана, што блогер ужо ў Брэсце.
Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін — блогеры, аўтары youtube-канала «Народны рэпарцёр». Да затрымання ў сярэдзіне чэрвеня мінулага года асвятлялі тэму барацьбы з акумулятарным заводам, а таксама займаліся расследаваннямі на вострыя сацыяльныя тэмы.
Якія артыкулы КК фігуруюць цяпер у крымінальных справах блогераў, пакуль невядома. Першапачаткова праваабаронцы паведамлялі, што ім прад'яўлена абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады), арт. 369 КК РБ (Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў) і арт. 391 КК РБ (Абраза суддзі або народнага засядацеля ў сувязі з ажыццяўленнем iмi правасуддзя).
Аднак пазней Кабанаў пісаў, што ім спрабуюць паставіць яшчэ і артыкул 130 КК РБ (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні)».
Дарэчы, Сяргея Пятрухіна ўжо прыцягвалі да крымінальнай адказнасці. У красавіку 2019 года суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў яго вінаватым у публічнай абразе міліцыянтаў і прысудзіў да буйнога штрафу — 360 базавых (9 180 рублёў). Акрамя таго, блогера абавязалі пакрыць маральную шкоду чатыром пацярпелым супрацоўнікам міліцыі (у агульнай складанасці 7 500 рублёў) і выдаткі на адваката. Праваабаронцы прызналі справу палітычна матываванай.