Нашто беларускай уладзе спатрэбіліся завочныя суды?

Адвакат Ілля Салей, юрыст парадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі, разважае, што значыць новы закон пра завочныя суды

illja_salej_1.jpg

— Учора былі падпісаныя змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія ўвялі ў Беларусі спецыяльную (завочную) вытворчасць па крымінальных справах.

Што гэта значыць?

Прынятыя змены дазволяць перадаваць у суд і выносіць прысуды ў дачыненні да тых, хто сёння знаходзіцца за межамі Беларусі. Пералік злачынстваў, па якіх змогуць судзіць завочна, уключае акт тэрарызму, наёмніцтва, здраду дзяржаве, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый… Іншымі словамі — найбольш распаўсюджаныя злачынствы, паводле якіх распачынаюць палітычна матываваныя крымінальныя справы.

І якія наступствы?

Перш за ўсё, важна разумець, што завочны суд відавочна пазбаўляе чалавека канстытуцыйнага права на абарону.

Іншыя наступствы прынятых змяненняў з'яўляюцца адначасова і палітычнымі, і прававымі.

Па-першае, дзеючай уладзе неабходна паказаць лаяльнай часткі беларускага грамадства, што тыя, хто з'ехаў за мяжу, — злачынцы. І гэта цяпер больш не пустыя словы прапаганды, а нібыта усталяваны судом факт (пытанне законнасці такіх прысудаў мы тут не закранаем).

Па-другое, наяўнасць абвінаваўчага прысуду — дадатковы спосаб ціску на тых, хто з'ехаў. Такія людзі лішні раз падумаюць, ці варта ім вяртацца ў Беларусь, і амаль напэўна адкажуць сабе на гэтае пытанне адмоўна.

Па-трэцяе, наяўнасць абвінаваўчага прысуду можа ў будучыні стаць падставай для канфіскацыі маёмасці або нават пазбаўлення грамадзянства. Дарэчы, цяпер заканадаўства не прадугледжвае магчымасці спынення грамадзянства ў дачыненні да тых, для каго яно з'яўляецца адзіным. Але, як паказвае практыка, — усё магчыма.

Ну і нарэшце, думаю, што з пункту гледжання дзейнай улады, наяўнасць прысуду суда, а не толькі абвінавачвання, нейкім чынам дапаможа дабрацца да тых, хто з'ехаў, па лініі міжнароднага вышуку. Але, на мой погляд, гэта вельмі малаверагодна — стаўленне да Беларусі ў Інтэрполе вельмі насцярожанае.

Але цікавым з'яўляецца іншае пытанне: каго з вымушаных з'ехаць першага асудзяць у Беларусі завочна? Чый кейс стане першым?

Як вы думаеце?»

Нагадаем, кіраўнік Беларусі ўчора, 21 ліпеня, падпісаў Закон «аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь». Закон даць магчымасць праводзіць у Беларусі завочнае следства ў дачыненні да палітычных эмігрантаў, а ў далейшым перадаваць крымінальныя справы ў суды.