«Нашумеў» па ўсім свеце. Беларуса шукае Дзярждэпартамент ЗША — і нават гатовы плаціць за інфармацыю

Мутная гісторыя разгортваецца вакол беларуса, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку, мае грамадзянства Украіны і быў затрыманы ў Кыргызстане. Свой пераслед ён называе палітычна матываваным, а амерыканцы хочуць «закрыць» яго за махлярства. 

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Калі амерыканскі Дзярждэпартамент прапанаваў да 2,5 мільёнаў долараў за інфармацыю, якая прывядзе да арышту меркаванага «кардэра», гэта азнаменавала завяршэнне шэрагу ператварэнняў гэтага чалавека з меркаванага злачынца ў дысідэнта і назад.

Гаворка ідзе пра беларуса Уладзіміра Кадарыю, якога ЗША абвінавачваюць у схеме распаўсюджвання «Anchor Exploit Kit» і іншага шкоднаснага праграмнага забеспячэння. Ахвярамі сталі мільёны карыстальнікаў персанальных камп'ютараў. Кадарыя здаваўся асабліва няўлоўным

Калі ён упершыню стаў падазраваным у Беларусі, то збег і пражыў шмат гадоў за мяжой. За гэты перыяд беларус паспеў атрымаць прытулак і новы пашпарт ва Украіне.

Калі яго затрымалі ў Кыргызстане, за яго заступаліся чыноўнікі ААН.

«Голас Амерыкі» расказвае гісторыю меркаванага махляра, які хаваўся ад правасуддзя амаль 15 гадоў.

Хто такі Уладзімір Кадарыя?

Асабістай інфармацыі пра Кадарыю надзвычай мала. Яму 38 гадоў. Родам ён з Беларусі.

Як паведамляў раней Следчы камітэт, прыкладна ў 2008 годзе Кадарыя быў прызнаны падазраваным у крадзяжы грошай у асабліва буйным памеры «шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі».

«Мужчына набываў рэквізіты і інфармацыю з магнітных палос банкаўскіх карт у "даркнэце", пасля чаго запісваў іх на "белы пластык" для імітацыі банкаўскай аплатнай карты, абналічваў выкрадзеныя грашовыя сродкі праз банкаматы Мінска, а таксама выводзіў грошы праз банкаўскія рахункі "дропаў", сярод якіх былі ў тым ліку грамадзяне Беларусі», — паведамлялі беларускія ўлады ў сакавіку 2023 года.


Глядзіце таксама

Сцвярджаецца, што ахвярамі гэтай схемы сталі грамадзяне ЗША, Польшчы, Францыі і Вялікабрытаніі.

Паводле звестак СК, у 2016-м годзе Кадарыя прасіў Украіну даць яму статус уцекача. Пазней ён, верагодна, атрымаў украінскае грамадзянства.

У прэс-рэлізе Мінюста ЗША ён апісваецца як «грамадзянін Беларусі і Украіны». На якой падставе Кадарыя атрымаў украінскі пашпарт, незразумела. Пра жыццё Кадарыі ва Украіне таксама вядома няшмат.

Згодна з адкрытымі базамі даных ва Украіне, чалавек з яго рэдкім прозвішчам, імем і імем па бацьку рэгістраваўся ў якасці «фізічнай асобы-прадпрымальніка». Згодна з базай «OpenDataBot», Кадарыя раней быў адным з бенефіцыяраў кампаній «Космо Медикал» і «Диджитал мед».

Яго можна таксама ўбачыць на адным з фотаздымкаў мерапрыемства «IT Nature Party International», якое адбылося летам 2018 на ўскрайку Кіева. Мяркуючы па назве мерапрыемства, гэта міжнародная вечарынка на прыродзе для людзей са сферы інфармацыйных тэхналогій.

Сайт арганізатара мерапрыемства запрашаў «на рэальную і ўжо легендарную закрытую летнюю тусоўку "IT Nature Party" ў 30 км ад Кіева!».

Затрыманне і экстрадыцыя

У 2022 годзе СК Беларусі атрымаў інфармацыю, што Кадарыя пэўны час пражыў у Іспаніі. У жніўні таго ж года ён прыляцеў у Бішкек і быў затрыманы. Беларусь запрасіла яго экстрадыцыю.

Там, разам з кыргызскім адвакатам, Кадарыя сцвярджаў, што яго на радзіме пераследуюць па палітычных матывах.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года па гарадах Беларусі пракацілася хваля шматтысячных пратэстаў. Беларускія ўлады арыштавалі тысячы чалавек. Паводле некаторых ацэнак, да паўмільёна жыхароў пакінулі краіну. На дадзены момант у Беларусі застаюцца каля 1400 палітвязняў.

У Кыргызстане Кадарыя сцвярджаў, што быў грамадзянінам Беларусі з імем Андрэй Кавалёў. Як паведамляе «Радыё Азатык», у 2017 годзе Кадарыя атрымаў ва Украіне статус уцекача. Пазней, пры атрыманні грамадзянства, ён змяніў імя.

У інтэрв'ю «Настоящему времени» Кадарыя сцвярджаў, што ў Мінску працаваў адміністратарам апазіцыйнага сайта, дзе публікаваліся тэксты пра карупцыю.

Паводле яго, беларускія сілавікі затрымалі яго ў 2008 годзе. Яны канфіскавалі ноўтбук, але з-за сістэмы шыфравання даных ім не ўдалося пацвердзіць яго сувязь з апазіцыяй. Калі яго адпусцілі, Кадарыя адразу пакінуў краіну.

Генпракуратура Кыргызстана не знайшла ў справе супраць яго палітычных матываў. Суд ухваліў яго экстрадыцыю. Кадарыя паспрабаваў аспрэчыць гэтае рашэнне. Яго юрыст заявіў, што экстрадыцыя Кадарыі парушыла б абавязацельствы Кыргызстана перад міжнароднымі арганізацыямі.


Глядзіце таксама

Пасля таго, як суд адхіліў апеляцыю Кадарыі, за яго «заступіліся» ў ААН. Прадстаўнік Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека па Цэнтральнай Азіі Фабіа Піяна і прадстаўнік Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў Ханс Фрыдрых Шодэр заявілі, што судовае рашэнне парушае Канвенцыю аб статусе бежанцаў і мясцовае заканадаўства, паведамляла «Настоящее время».

Каб пазбегнуць экстрадыцыі, Кадарыя звярнуўся з лістом да прэзідэнта Кыргызстана Садыра Жапарава і прасіў прытулку ў Кыргызстане.

У сакавіку 2023 года яго экстрадавалі назад у Беларусь.

На відэазапісе, апублікаваным беларускім Следчым камітэтам 24 сакавіка 2023 года ў Telegram, Кадарыя заявіў, што не быў звязаны з апазіцыяй і што ніколі не ўдзельнічаў у палітычным руху і не быў звязаны з палітыкай.

Паводле суправаджальнага тэксту, ён «расказаў следчым пра нібыта палітычныя матывы яго экстрадыцыі, якія тыражаваліся экстрэмісцкімі рэсурсамі».

У Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі» многія незалежныя навінавыя выданні ў выгнанні, праваабарончыя рэсурсы і форумы. Сілавыя структуры Беларусі часта публікуюць відэа затрыманых з заявамі, відавочна зробленымі пад прымусам. Невядома, пры якіх умовах быў зроблены гэты відэазапіс.

Калі выказаць здагадку, што Кадарыя сапраўды не быў звязаны з палітыкай, як растлумачыць атрыманне ім статусу бежанца ва Украіне?

Дзмітрый Мазурок, каардынатар праекта ва ўкраінскім незалежным Цэнтры палітычных даследаванняў і былы адвакат, які спецыялізаваўся на міграцыі, лічыць, што гэта было нескладана, асабліва ў перыяд з 2016 па 2021 гады.


Глядзіце таксама

«Я дакладна магу сказаць, што атрымаць статус уцекача, а пасля і грамадзянства для чалавека з грашыма — не праблема», — сказаў ён у інтэрв'ю «Голасу Амерыкі».

Пры гэтым ён таксама нагадаў, што не варта давяраць каментарам, дадзеным у прысутнасці беларускіх следчых: «У іх жорсткая сістэма прымусу», — падкрэсліў Мазурок.

Амерыканскія абвінавачанні

12 жніўня Мінюст паведаміў, што Максім Сільнікаў, меркаваны лідар групы кіберзлачынцаў, быў экстрадаваны з Польшчы ў ЗША, дзе яму былі выстаўленыя абвінавачанні ў штатах Нью-Джэрсі і Вірджынія.

Паводле слоў амерыканскіх пракурораў, ён з'яўляецца саўдзельнікам Кадарыі і яшчэ аднаго меркаванага ўдзельніка групы — расійца Андрэя Тарасава.

Як і Кадарыя, Сільнікаў таксама валодае і беларускім, і ўкраінскім грамадзянствам.

Згодна з абвінаваўчым актам штата Нью-Джэрсі, з 2013 па 2022 гады трое мужчын выкарыстоўвалі так званае «maladvertising» (шкоднасную рэкламу) у Інтэрнэце, каб інфікаваць кампутары амерыканцаў шкоднасным ПЗ, у тым ліку «Angler Exploit Kit».

Яны зараблялі на гэтай схеме шляхам перапродажу іншым кіберзлачынцам скрадзенай інфармацыі інтэрнет-карыстальнікаў і доступу да іх прылад.

Для прасоўвання сваёй схемы трое саўдзельнікаў стварылі дамены для хостынгу шкоднаснага ПЗ і прыкідваліся сапраўднымі рэкламадаўцамі.

Абвінаваўчы акт апісвае Кадарыю як «шкоднаснага рэкламадаўца».


Глядзіце таксама

Калі яны будуць прызнаныя вінаватымі, кожны з траіх мужчын можа атрымаць 27 гадоў за кратамі за «змову з мэтай здзяйснення махлярства з ужываннем электронных сродкаў сувязі», 10 гадоў — за «змову з мэтай здзяйснення камп'ютарнага махлярства», 20 гадоў — за кожны пункт «махлярства з выкарыстаннем электронных сродкаў сувязі».

У выпадку з Кадарыяй застаецца адкрытым адно важнае пытанне: ці на волі ён?

Ён можа знаходзіцца ў зняволенні ў Беларусі, куды яго экстрадавалі паўтара года таму. Аднак пацвердзіць гэтую інфармацыю «Голасу Амерыкі» не ўдалося: у Міністэрстве ўнутраных спраў не адказалі на запыт.

На пытанне пра магчымае знаходжанне Кадарыі ў зняволенні таксама не адказалі Мінюст і Дзярждэпартамент ЗША.

У аб'яве на сайце Дзярждэпартамента прапануецца ўзнагароджанне за інфармацыю, якая прывядзе да арышту або прызнання Кадарыі вінаватым у любой краіне свету.