Кіберзлачынец ці дысідэнт? Што вядома пра беларускага ўкраінца, які амаль 15 гадоў хаваўся ад правасуддзя

Дзярждэпартамент ЗША прапануе да 2,5 мільёнаў долараў за інфармацыю, якая прывядзе да арышту беларуса, які, відаць, таксама мае ўкраінскае грамадзянства. Паўтара гады таму яго экстрадавалі з Казахстану ў Беларусь, дзе збіраліся таксама асудзіць. Выглядае, што беларускія сілавікі маглі б някепска падзарабіць, калі б прадалі інфармацыю амерыканцам.

Лагатып Міністэрства юстыцыі ЗША на шыльдзе Федэральнага бюро турмаў у Нью-Ёрку. Фота: AP/Mark Lennihan

Лагатып Міністэрства юстыцыі ЗША на шыльдзе Федэральнага бюро турмаў у Нью-Ёрку. Фота: AP/Mark Lennihan

Пра лёс меркаванага махляра, які амаль 15 гадоў хаваўся ад правасуддзя, распавядае «Голас Амерыкі». Дзярждэпартамент ЗША прапануе да 2,5 мільёнаў долараў за інфармацыю, якая прывядзе да ягонага арышту.

Калі Дзярждэпартамент ЗША абвясціў узнагароду за інфармацыю пра яго, гэта азнаменавала канец шэрагу ператварэнняў чалавека з падазраванага ў махлярстве ў дысідэнта і наадварот.

Гаворка ідзе пра Уладзіміра Кадарыя, якога ЗША абвінавачваюць у схеме распаўсюду шкоднаснага праграмнага забеспячэння, Украіна, верагодна, дала яму прытулак, а Кыргызстан дэпартаваў у Беларусь.

Кадарыя выглядаў асабліва няўлоўным. Калі ён упершыню стаў падазраваным на радзіме, у Беларусі, — дык ён уцёк і шмат гадоў жыў за мяжой. За гэты перыяд ён паспеў атрымаць прытулак і новы пашпарт або нават некалькі пашпартоў.

Падчас аднаго з ганенняў на яго за Кадарыю заступіліся прадстаўнікі ААН.

Сёння, паводле Міністэрства юстыцыі ЗША, ахвярамі яго злачынстваў сталі мільёны карыстальнікаў кампутараў – у ЗША, Польшчы, Францыі і Брытаніі.

Глядзіце таксама

Хто такі Уладзімір Кадарыя

У адкрытых крыніцах асабістай інфармацыі аб Кадарыя вельмі мала. Яму 38 гадоў, ён родам з Беларусі.

Як раней паведамляў Следчы камітэт (СК) Беларусі, каля 2008 года Кадарыя быў прызнаны падазраваным у прысваенні грашовых сродкаў у асабліва буйным памеры «шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі».

«Мужчына скупляў у «даркнэце» рэквізіты і інфармацыю з магнітных палос банкаўскіх картак, запісваў іх на «белы пластык» для імітацыі банкаўскай плацежнай карткі, а скрадзеныя грошы здымаў праз банкаматы ў Мінску. Таксама ён выводзіў грошы праз банкаўскія рахункі «дропаў», сярод якіх былі, у прыватнасці, грамадзяне Беларусі», — паведамлялі беларускія ўлады ў сакавіку 2023 года.

«Дропы» — людзі, якія за ўзнагароджанне прадастаўляюць зламыснікам доступ да сваіх банкаўскіх рэквізітаў, карт/рахункаў, у тым ліку ПІН-коды і доступ да інтэрнэт-банкінгу. У асноўным гэта людзі з нізкім даходам, якім патрэбныя хуткія грошы.

Паводле Следчага камітэту Беларусі, у 2016 годзе Кадарыя звяртаўся ва Украіну з просьбай надаць яму статус уцекача. Пасля гэтага, верагодна, атрымаў украінскае грамадзянства.

Паводле следства, адна з махлярскіх схем прыносіла з 2012 па 2014 год прыкладна 400 тысяч долараў штомесяц.

У прэс-рэлізе Мінюста ЗША ён названы «грамадзянінам Беларусі і Украіны». Адкрытай інфармацыі, на падставе чаго Украіна дала Кадарыя прытулак або грамадзянства, няма.

Пра яго жыццё ва Украіне звестак вельмі мала. Чалавек з аднолькавымі імем і прозвішчам зарэгістраваны ва Украіне як «індывідуальны прадпрымальнік».

Паводле базы даных OpenDataBot, Кадарыя раней быў адным з бенефіцыяраў Cosmo Medical і Digital Med.

Ён таксама на адным са здымкаў падчас мерапрыемства «IT Nature Party International», якое прайшло летам 2018 года на ўскраіне Кіева. Мяркуючы па назве мерапрыемства, гэта міжнародная вечарына на адкрытым паветры для людзей са сферы інфармацыйных тэхналогій.

Арганізатары мерапрыемства запрасілі «на сапраўдную і ўжо легендарную закрытую летнюю вечарыну IT Nature Party за 30 км ад Кіева».

Глядзіце таксама

Затрыманне і экстрадыцыя

У 2022 годзе ў СК Беларусі паступіла інфармацыя, што Кадарыя некаторы час жыў у Іспаніі. У жніўні таго ж года ён вылецеў у сталіцу Кыргызстана Бішкек, дзе быў затрыманы. Тады Беларусь запатрабавала яго экстрадыцыі.

Кадарыя і яго кыргызскі адвакат заявілі, што на радзіме яго пераследуюць па палітычных матывах.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе, якія ЗША прызналі сфальсіфікаванымі, у многіх гарадах Беларусі пачаліся масавыя пратэсты супраць улады Лукашэнкі. Беларускія ўлады арыштавалі тысячы чалавек, а паводле некаторых ацэнак, да паўмільёна жыхароў краіны пакінулі краіну. У самой краіне за кратамі знаходзіцца больш за 1400 палітвязняў.

У Кыргызстане Кадарыя называў сябе грамадзянінам Беларусі пад імем Андрэй Кавалёў. Як паведамляе кыргызская служба Радыё Свабода «Радыё Азатык», у 2017 годзе ён змяніў прозвішча на Кадарыя, калі атрымаў украінскае грамадзянства.

Уладзімір Кадарыя

Уладзімір Кадарыя

У інтэрв’ю выданню «Сьогодні» Кадарыя сцвярджаў, што працаваў у Мінску адміністратарам апазіцыйнага сайту, дзе публікаваліся тэксты пра карупцыю. Паводле яго слоў, беларускія сілавікі затрымалі яго ў 2008 годзе. Яны канфіскавалі ноўтбук, але з-за сістэмы шыфравання даных не змаглі пацвердзіць яго сувязь з апазіцыяй. Пасля вызвалення Кадарыя нібыта адразу ж пакінуў Беларусь.

Генпракуратура Кыргызстана не знайшла палітычных матываў у справе супраць яго. Суд ухваліў яго экстрадыцыю.

Кадарыя паспрабаваў абскардзіць гэтае рашэнне. Яго адвакат заявіў, што экстрадыцыя парушае абавязацельствы Кыргызстана перад міжнароднымі арганізацыямі.

Пасля таго, як суд адхіліў апеляцыю Кадарыя, за яго «заступілася» ААН. Прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ў Цэнтральнай Азіі Фабіё Піяна і прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў Ганс Фрыдрых Шодэр заявілі, што рашэнне суда парушае Канвенцыю аб статусе бежанцаў і мясцовае заканадаўства, паведамляе «Сьогодні».

Каб пазбегнуць экстрадыцыі, Кадарыя напісаў ліст прэзідэнту Кыргызстана Садзіру Жапараву і папрасіў прытулку ў Кыргызстане.

Урэшце ў сакавіку 2023 года яго экстрадзіравалі назад у Беларусь.

У відэа, апублікаваным Следчым камітэтам Беларусі ў Telegram 24 сакавіка 2023 года, Кадарыя заявіў, што не звязаны з апазіцыяй і ніколі не ўдзельнічаў у палітычных рухах, не быў звязаны з палітыкай.

Як гаворыцца ў суправаджальным тэксце, ён «расказаў следству пра нібыта палітычныя матывы сваёй экстрадыцыі, якія тыражаваліся экстрэмісцкімі рэсурсамі».

Незалежныя СМІ ў выгнанні, праваабарончыя арганізацыі і форумы прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі». Сілавыя структуры Беларусі часта публікуюць відэазапісы затрыманых з заявамі, запісаныя, верагодна, пад ціскам. У якіх умовах быў зроблены відэазапіс Кадарыя, невядома.

Глядзіце таксама

  • Калі дапусціць здагадку, што Кадарыя сапраўды не быў звязаны з палітыкай, то як ён атрымаў статус бежанца ва Украіне?

Каардынатар праектаў Украінскага незалежнага цэнтра палітычных даследаванняў і былы юрыст па пытаннях міграцыі Дзмітрый Мазурок лічыць, што атрымаць статус бежанца ва Украіне ў 2016-2021 гадах было нескладана.

«Я дакладна магу сказаць, што атрымаць статус уцекача, а потым і грамадзянства, не праблема для чалавека з грашыма», — сказаў ён у інтэрв'ю «Голасу Амерыкі».

Пры гэтым ён таксама нагадаў, што не варта давяраць каментарам, зробленым у прысутнасці беларускіх следчых. «У іх жорсткая сістэма прымусу», — падкрэсліў Мазурок.


Глядзіце таксама

Амерыканскія абвінавачванні

12 жніўня Міністэрства юстыцыі ЗША абвясціла, што ў акрузе Нью-Джэрсі і Усходняй акрузе Вірджыніі Максім Сільнікаў, грамадзянін Украіны і Беларусі, які, паводле судовых дакументаў, кіраваў дзвюма шматгадовымі кіберзлачыннымі схемамі, быў абвінавачаны. Яго арыштавалі ў Польшчы і дэпартавалі ў ЗША.

Паводле амерыканскіх пракурораў, саўдзельнікамі Сільнікава з'яўляюцца ўкраінец і беларус Кадарыя і чалавек з расійскім грамадзянствам Андрэй Тарасаў.

Згодна з абвінаваўчым заключэннем штата Нью-Джэрсі, з 2013 па 2022 год кібер-махляры выкарыстоўвалі «шкоднасную рэкламу», каб прымусіць ахвяр націснуць на, здавалася б, законную інтэрнэт-рэкламу, і заразіць кампутары амерыканцаў шкоднаснымі праграмамі, у тым ліку Angler Exploit Kit.

«Замест гэтага ахвяры перанакіроўваліся на шкоднасныя вэб-сайты, якія дастаўлялі шкоднасныя праграмы на іх прылады, даючы змоўшчыкам доступ да асабістай інфармацыі ахвяр. Затым змоўшчыкі прадавалі гэты доступ і інфармацыю іншым кіберзлачынцам у даркнэце. На працягу ўсёй схемы змоўшчыкі спрабавалі схаваць свае асобы ад праваахоўных органаў, у тым ліку з выкарыстаннем фальшывых псеўданімаў і анлайн-персон», — сказаў акруговы пракурор Нью-Джэрсі.

Праграма-вымагальнік Reveton прыносіла меркаваным злачынцам 400 тысяч долараў на месяц.

У абвінаваўчым заключэнні Кадарыя называецца «шкодным рэкламістам».

Калі яны будуць прызнаныя вінаватымі, кожнаму з іх пагражае 27 гадоў пазбаўлення волі за змову з мэтай здзяйснення махлярства, 10 гадоў за змову з мэтай здзяйснення кампутарнага махлярства, 20 гадоў за кожнае абвінавачанне ў махлярстве па «спасылцы».

У выпадку з Кадарыя застаецца адкрытым адно важнае пытанне: дзе ён цяпер?

Ён можа апынуцца ў турме ў Беларусі, куды быў экстрадаваны паўтара года таму. Аднак пацвердзіць гэтую інфармацыю «Голасу Амерыкі» не ўдалося: у МУС Беларусі не адказалі на запыт журналістаў.

Мінюст і Дзярждэпартамент ЗША не адказалі на пытанне аб магчымым затрыманні Кадарыя.

У абвестцы на сайце Дзярждэпартамента прапануецца ўзнагарода за інфармацыю, якая прывядзе да арышту або асуджэння Кадарыя ў любым пункце свету.