Кыргызстан хоча выдаць Беларусі грамадзяніна Украіны, якога шукаюць за ўдзел у пратэстах
Кыргызстан хоча выдаць у Беларусь апазіцыянера з украінскім грамадзянствам, які ўцёк з нашай краіны ад палітычных рэпрэсій. І ўсё таму, што Генпракуратура Кыргызстана лічыць мужчыну грамадзянінам Беларусі.

Улады Кыргызстана хочуць выдаць у Беларусь грамадзяніна Украіны Уладзіміра Кадарыю, піша 24.kg са спасылкай на праваабаронцаў «Бир дуйно Кыргызстан». Раней у Беларусь дэпартавалі толькі з Расіі, адзначае «Еўр*радыё».
Цяпер Уладзімір Кадарыя знаходзіцца пад вартай у СІЗА-1 Бішкека. Ён звярнуўся да прэзідэнта Садыра Жапарава з просьбай не выдаваць яго ў Беларусь. Адвакаты Кадарыі лічаць, што яго экстрадыцыя будзе парушэннем міжнароднага заканадаўства.
У сваім звароце на імя прэзідэнта Кыргызстана Кадарыя піша, што ўцёк з Беларусі ва Украіну ад палітычных рэпрэсій. Ва Украіне ён атрымаў грамадзянства. У Беларусі, па словах Кадарыі, ён быў адміністратарам апазіцыйнага інтэрнэт-рэсурсу.
Тым не менш Генпракуратура Кыргызстана разглядае мужчыну грамадзянінам Беларусі і рашэнне пра яго выдачу лічыць законным.

Раней выдачай у Беларусь палітуцекачоў займалася толькі Расія — астатнія краіны ўстрымліваюцца ад такіх крокаў або адкрыта адмаўляюцца дапамагаць беларускаму рэжыму.