«Не саромцеся кантраляваць чыноўнікаў». Экалагічныя актывісты — пра тое, як змагацца са звалкамі
Стыхійныя несанкцыянаваныя звалкі часта ўтвараюцца ля дарог, месцаў адпачынку, у лясах і на будоўлях. Ніякай карысці ад іх, вядома, няма, але і прыбіраць смецце таксама ніхто не імкнецца. Ці магчыма паўплываць на сітуацыю?
Завяршаецца дачны сезон у Беларусі, і гэтае завяршэнне азначаецца тымі самымі стыхійнымі звалкамі, якія вы маглі бачыць у лесе паблізу дач і ўздоўж дарог. Інфаслужба па рашэнні экапраблем «Зялёны тэлефон» расказвае, як можна ліквідаваць падобнае смецце пры дапамозе дзяржслужбаў і дзеліцца гісторыямі поспеху, піша «BGmedia».
Навошта наогул прыбіраць звалкі?
Стыхійныя звалкі не толькі псуюць эстэтычны выгляд мясцовасці, але і нясуць непасрэдную пагрозу навакольнаму асяроддзю і здароўю людзей і жывёл. Смецце выдзяляе хімічныя элементы. Яны прасочваюцца ў глебу, назапашваюцца і атручваюць грунтавыя вады. Асобныя небяспечныя віды адходаў, такія як выкарыстаныя батарэйкі, атручваюць цяжкімі металамі зямлю вакол, на доўгі час робячы яе неўрадлівай.
Дзікія жывёлы могуць выпіць атручаную ваду альбо праглынуць небяспечныя адходы і загінуць. Асаблівую пагрозу ўяўляюць несанкцыянаваныя звалкі ў лясной зоне летам, бо яны могуць стаць прычынай пажараў. Таму важна прыцягнуць увагу мясцовых уладаў да праблемы для аператыўнай ліквідацыі звалак.
Што пагражае тым, хто зладзіў сметнік?
«Адказнасць за забруджванне лесу або драўняна-хмызняковай расліннасці адходамі — арт.16.22 КаАП, штраф да 10 базавых. І ч. 3 арт.16.44 КаАП — да 30 базавых велічынь, — каментуюць у «Зялёным тэлефоне», які рэгулярна дапамагае абанентам разбірацца з падобнымі кейсамі. — Калі вы не ведаеце, перад вамі дазволены або несанкцыянаваны сметнік, зверцеся з пералікам санкцыянаваных на сайце БелНІЦ "Экалогія". Усе аб'екты пералічаныя па абласцях і тыпах адходаў з указаннем дакладнага адрасу».
Як ліквідаваць нелегальную звалку?
Зрабіце падрабязныя фотаздымкі з засмечанага месца, пакажыце дакладныя каардынаты і дату выяўлення бытавых адходаў.
Складзіце пісьмовы зварот з апісаннем звалкі і папрасіце «правесці праверку па ўказаным факце забруджвання навакольнага асяроддзя, прыняць меры для ліквідацыі крыніцы забруджвання і ўстанаўлення меры адказнасці для вінаватых у забруджванні навакольнага асяроддзя» са спасылкай на палажэнні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя». Абавязкова прымацуйце ў дадатку фотаздымкі звалкі. Узор звароту можна ўзяць па спасылцы.
Дашліце свой зварот:
а) уласніку тэрыторыі, а менавіта арганізацыі, у падпарадкаванні якой знаходзіцца дадзеная тэрыторыя (садовае таварыства, лясгас, сельсавет і інш). Паводле закону, уласнік абавязаны забяспечваць збор і выдаленне адходаў — або яму пагражае адміністрацыйны артыкул;
б) у мясцовы выканаўчы камітэт або сельскі савет;
у) у раённую інспекцыю Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Дачакаўшыся адказу, пракантралюйце тэрміны выканання работ па ліквідацыі звалкі. Калі работы так і не былі праведзены, напішыце паўторны зварот з патрабаваннем выканаць абяцанае.
Альтэрнатыўна вырашыць праблему можна сваімі сіламі — разам з іншымі неабыякавымі мясцовымі жыхарамі. Але часта гэта рэальна толькі пры невялікіх навалах смецця.
А шанцы на поспех ад зносінаў з дзяржслужбамі наогул ёсць?
Ёсць, і нямала. Часам для вырашэння праблемы дастаткова тэлефоннага званка. Так, адны абаненты «Зялёнага тэлефона» заўважылі каля дома замест кантэйнераў будаўнічы сметнік і дрэвы, не адгароджаныя ад будпляцоўкі. У выніку яны наўпрост патэлефанавалі падрадчыку, вусна запатрабавалі правесці прыборку, і ў той жа дзень рабочыя ліквідавалі сметнік.
У іншых выпадках патрэбна больш намаганняў: так, пасля падрыхтоўкі пісьмовых зваротаў у мясцовы сельсавет і раённую інспекцыю Мінпрыроды іншым абанентам удалося прыцягнуць увагу ўладаў да сметніка на ўскрайку пасёлка.
Пасля агляду тэрыторыі інспекцыяй і выяўлення фактаў парушэння прыродаахоўнага заканадаўства мясцоваму сельсавету былі накіраваны рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых парушэнняў.
Тым не менш, абанентам давялося пастаянна быць на сувязі з прадстаўнікамі ўладаў, кантраляваць выкананне працэсу, прадастаўляць актуальныя фотаздымкі таго, як ідуць справы па прыборцы. Аднак затрачаныя намаганні далі вынік, звалка была ліквідаваная.
«Наша галоўная парада — не здавацца і быць настойлівымі ў камунікацыі з уладамі і мясцовымі жыхарамі, — гавораць аператары інфаслужбы. — Будзьце ініцыятыўнымі і не саромцеся кантраляваць, ці своечасова мясцовыя кіраўнікі выконваюць свае абавязкі. Дарэчы, усе экалагічныя петыцыі з просьбай аб ліквідацыі звалкі былі паспяховымі! І абмяркуйце з суседзямі прычыну ўзнікнення звалак: можа, не хапае сметніц? Або складанасці з утылізацыяй буйнагабарытнага смецця? Гэта дапаможа прыдумаць план дзеянняў і не дапусціць узнікнення звалак у будучыні».
«Зялёны тэлефон» бясплатна кансультуе па гэтай і іншых экалагічных праблемах. Да іх можна звяртацца.