Невядомыя намалявалі Z на фасадзе сінагогі ў Бабруйску. Надпісы прыбралі мясцовыя валанцёры

Карэспандэнт «Вячэрняга Бабруйска» апынуўся на месцы ў той момант, калі гэтыя надпісы ўжо спрабаваў выдаліць валанцёр, бабруйчанін Дзмітрый.

full_5.webp

Пра тое, што на сцяне сінагогі-музея з'явіліся літары Z, у 6 вечара выхаднога дня Бабруйскай габрэйскай суполцы паведамілі з Ізраіля — там з'явілася гэтая інфармацыя ў інтэрнэт-пабліках. Сябра абшчыны Сяргей папрасіў свайго сябра Дзмітрыя з'ездзіць і паспрабаваць прыбраць надпісы, той адразу прыехаў. За гэтай справай Дзмітрыя і застаў карэспандэнт «ВБ».

На параднай сцяне сінагогі, якая выходзіць на Чангарскую, сіняй фарбай былі намаляваныя тры літары Z, адна з іх «задам наперад».

Як распавяла гаспадыня суседняга дома Алена, надпісы з'явіліся ў суботу ўвечары. На браме яе дома намалявалі тое ж самае.

— Учора ў шэсць я прыйшла з працы, нічога не было, — распавядае Алена. — Потым зноў з'язджала, у восем прыехала — а тут такое! На ўсе вароты — велізарная «зэт»! Я прайшла па вуліцы і ўбачыла, што сінагога размаляваная сапраўды гэтак жа. Больш нідзе гэтых надпісаў не заўважыла.

Алена нікуды пра гэта не паведамляла, у нядзелю падабрала сродак і змыла «зэт» са сваёй брамы. Яна нядаўна зрабіла рамонт дома і брамы, таму асабліва абураная:

— Гэта ж трэба! Навошта так паганіць? А мы рамонт толькі што зрабілі... Баялася, што, змываючы іх крамзолі, і вароты свае сапсую. Але абышлося.

sinagoga_2.webp

Дзмітрый спрабаваў змыць фарбу ацэтонам — не атрымлівалася, яна ўелася ў поры і расколіны цэглы. Металічнай шчоткай справа пайшла лепш. Неўзабаве Сяргей прывёз спецыяльны выдаліцель лакафарбавых пакрыццяў, з ім і з упартай працай шчоткай справа пайшла.

Тым часам Бабруйскі рабін Шауль Хабоба выклікаў міліцыю. Да яе прыезду ад трох «зэт» засталіся толькі частковыя сляды.

На думку Дзмітрыя, каб ачысціць сцяну цалкам, патрэбна мыйка высокага ціску. А каб выказаць сваё стаўленне да ўчынку невядомых, ні ў Дзмітрыя, ні ў Сяргея «друкаваных» слоў не знайшлося.

Руіны сінагогі на скрыжаванні вуліц Чангарскай і Бахарава з'яўляюцца музейнай пляцоўкай пад адкрытым небам. Урачыстае адкрыццё «габрэйскага дворыка» на месцы старадаўняй сінагогі адбылося 4 жніўня 2019 года.