«Няхай мне будзе горш, але я пайду іншых абараняць»

22 студзеня Першамайскі суд прысудзіў былой паштарцы Ларысе Танкашкур тры месяцы арышту за перадачу ў чат звестак сілавікоў. З жанчынай пагутарыла «Радыё Свабода».

Ларыса Танкашкур, фота «Радыё Свабода»

Ларыса Танкашкур, фота «Радыё Свабода»

Жанчыну асудзілі паводле часткі 1 артыкула 179 Крымінальнага кодэкса за «незаконнае збіранне і распаўсюджванне звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую сямейную тайну іншай асобы без яе згоды, якое пацягнула прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелага».
Ларыса Танкашкур будзе адбываць пакаранне ў арыштным доме. Да набыцця прысудам моцы ёй пакінулі ранейшую меру стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва. Ейны тэлефон канфіскуюць.

«Жыве Беларусь! Вы наш герой!»

Прысуд Ларыса Танкашкур можа абскардзіць цягам дзесяці дзён у Мінскім гарадскім судзе.
«Я думаю, што яны пакінуць прысуд у сіле. Ну неяк перажывём. Я характарам чалавек моцны. У турме, калі забралі на 15 сутак, мне больш страшней за дачку, за сваякоў, а не за сябе, хоць з мяне здзекаваліся», – сказала Свабодзе Ларыса пасля працэсу.
Былая паштарка перадала ў тэлеграм-чат «Лебяжий 97%» імёны і адрасы супрацоўнікаў міліцыі, якія былі падпісчыкамі ведамаснага выдання МУС «На страже». Пасля гэтай гісторыі Ларыса была вымушаная звольніцца з паштовага аддзялення «па згодзе бакоў». Цяпер яна працуе прыбіральніцай.
35 супрацоўнікаў міліцыі, былых і цяперашніх, праходзілі пацярпелымі ў справе. Яны не мелі матэрыяльных прэтэнзій да жанчыны, але казалі, што публікацыя іх прозвішчаў і адрасоў прынесла ім маральную шкоду.
«Я не шкадую, бо шчыра гэта зрабіла, не за нейкія грошы. Так ужо назбіралася гэтай несправядлівасці, што людзей садзяць незразумела за што: за парасоны, за тое, што проста стаяць... Я абурылася. Гэта перапоўніла мяне, – кажа Ларыса. – Усе мне пішуць. Мужчына знайшоў мяне ў інтэрнэце, прыехаў і кветкі прывёз, а ягоная ўнучка напісала: «Жыве Беларусь! Вы наш герой!» Таму добрых людзей больш, і я веру, што мы пераможам. Я цяпер ужо кажу «мы», бо веру, што гэта так не спыніцца. Таму ні пра што не шкадую. Усё, што робіцца, робіцца да лепшага».

Ларыса Танкашкур у судзе Першамайскага раёна Мінска. Фота «Радыё Свабода»

Ларыса Танкашкур у судзе Першамайскага раёна Мінска. Фота «Радыё Свабода»


«Я нараджала пад гэтым сцягам»

Ларыса Танкашкур збіраецца напісаць заяву на супрацоўніка міліцыі, які быў дапытаны ў судзе як пацярпелы. Ён сказаў, што бачыў жанчыну ў Цэнтральным РУУС. Ларыса сцвярджае, што менавіта ён ёй пагражаў, калі яна была затрыманая паводле артыкула 23.34.
«Я ўбачыла, што гэта менавіта ён мне пагражаў. Цяпер напішу, ведаю яго прозвішча. Няхай ужо будзе, што будзе. Ён жыве на Лебядзіным. Ён казаў, каб я здохла ў турме, каб з мяне там пеўня зрабілі; што ён напіша, што мы прастытуткі з дачкой, каб нам тэлефанавалі; што нагадзіць пад дзверы. Што будзе пагражаць усёй маёй сям’і да сёмага калена, — кажа Ларыса. — Да мяне сапраўды прыйшлі і ля кватэры на сцяне напісалі, што „Тут жыве стукач Нехты, здраднік“, намалявалі свастыку і на паштовай скрыні напісалі „польская шлюха“. Я думаю, што гэта яны, бо я ні з кім не сварылася».
Ларыса кажа, што сама зафарбавала надпісы, а ў міліцыю не стала падаваць, бо «ўсё роўна не знойдуць».
«Калі мяне прывялі ў пастарунак, гэты пачаў на мяне крычаць: «Пляваць я хацеў, за каго вы галасавалі, бегаеце са сцягам». Я кажу: «Я нараджала пад гэтым сцягам. Дачка ў 1992 годзе нарадзілася, і быў бел-чырвона-белы сцяг. Што не так з гэтым сцягам?», — расказвае Ларыса.

Адзін з міліцыянтаў, якога прызналі пацярпелым — Станіслаў Цімашук. Фота «Радыё Свабода»

Адзін з міліцыянтаў, якога прызналі пацярпелым — Станіслаў Цімашук. Фота «Радыё Свабода»



«У нас была цудоўная кампанія»

Ларыса Танкашкур згадвае пра сваіх новых сябровак, з якімі пазнаёмілася за кратамі, калі адбывала 15 дзён арышту за непадпарадкаванне. Гэта Алена Леўчанка, Наталля Хершэ, Іна Кавалёнак і Соф’я Малашэвіч. Сядзела ў камеры, дзе да таго была ейная сястра Галіна Лагацкая, якую аштрафавалі таксама на 15 дзён за ўдзел у маршы пенсіянераў.
«У нас была цудоўная кампанія: малайцы дзяўчаты, пазітыўныя. Іну штодня вадзілі на гадзіну-паўтары на допыты, бо яна была валанцёркай у Бабарыкі. Потым Наталлю Хершэ перавялі ў Жодзіна», – апавядае Ларыса.
Жанчына гаворыць, што яны спалі на нарах без матрацаў, а Ларыса на вузкай лавачцы, да якой прывязвала падушку ручніком, каб не падала.
Цяпер Ларыса перапісваецца з Наталляй Хершэ, хадзіла падтрымаць яе на судзе.

«Хершэ напісала, што трымаецца, настрой добры; верыць, што мы пераможам і ўсё будзе добра. Яна пазітыўная. Казала ў судзе, што хоча, каб Беларусь была такой, як Швейцарыя. Я напісала ёй ліст, што «будзеш мяне маляваць», – кажа Ларыса. – Лісты пісаць за краты вельмі важна. Напішу зноў Віктару Бабарыку, Святлане Купрэевай, Соф’і Малашэвіч».

«Нас бацькі ніколі не білі»

Ларыса Танкашкур нарадзілася ў вёсцы Гарадзец Рагачоўскага раёна ў шматдзетнай сям’і. Маці была настаўніца, а бацька інвалід вайны, нядаўна памёр, у 94 гады (маці памерла раней). «Нас сямёра, сям’я вельмі дружная. Нас бацькі ніколі не білі, ніякага гвалту не было», – кажа Ларыса.
Жанчына скончыла вучылішча электронікі, працавала на «Інтэграле». Пасля нараджэння дачкі пайшла працаваць у «Саюздрук», потым закончыла гандлёвыя курсы, працавала на рынку. Успамінае, як прадавала газету «Народная воля» ў пераходах.
Пасля смерці мужа выхоўвала дачку і даглядала свякроў-інваліда, без нагі. Ільготнага крэдыту на кватэру ёй не далі, таму давялося ўзяць крэдыт пад 35% і самой яго выплочваць.
«Вядома, усё гэта цяжка, адной. Працавала, не бачачы ні белага свету, ні таго, што адбываецца ў краіне, – кажа Ларыса. – Ніколі на выбарах не было столькі людзей. Калі паехала да бацькі, мы з ім абмеркавалі, ён казаў таксама, што супраць Лукашэнкі, што не будзе за яго галасаваць».

«Ён як стаў крычаць: „Што вы супраць Лукашэнкі ваюеце?“»

На судзе Ларысу падтрымлівалі яе сястра, вядомая ўдзельніца акцый пратэсту Галіна Лагацкая. А вось з братам Міхаілам пайшоў разлад, бо ён за Лукашэнку.
«Міхаіл мяне на 10 гадоў старэйшы, яму 64. У яго быў дзень народзінаў 15 жніўня. Ён як стаў на мяне крычаць, што вы супраць Лукашэнкі ваюеце, вы прыдуркі, вы такія-сякія. Потым нібыта памірыліся. Я кажу: «А гэта справядліва, калі адна мая сястра пенсію атрымлівае 560 рублёў, бухгалтаркай адпрацаваўшы, а другая, што ў Добрушы жыве – 320 рублёў, кухарам адрабіла? І тое, што я толькі ў 50 гадоў кватэру атрымала, стаяўшы ў чарзе, пражыўшы без нічога? А колькі другая сястра ходзіць па судах, гэта нармальна?»
Брат працуе, хаця ўжо на пенсіі.
«На пахаванні бацькі я не ведаю, што мы з сястрой сказалі такое, што ён як схапіўся, як пабег. «Вы гэты гвалт бачылі?» – пытаецца. «Так, – кажу, – Міша, бачыла гвалт. Ты што, вітаеш гвалт, што з людзей здзекуюцца?» Ён павярнуўся і пайшоў. Я з ім не сустракаюся, не гавару. Не знаю, ці ведае ён што пра гэты мой суд», – кажа Ларыса.
Ларыса раней добра з ім сябравала, гэта быў любімы брат, называў яе любімай сястрой. Цяпер старэйшая сястра стараецца ўжо не збіраць іх разам, каб не сварыліся.
«Мы ў сям’і ўсе такія, за справядлівасць. Няхай мне будзе горш, але я пайду іншых абараняць, – кажа Ларыса. – Ды я неяк і Галі кажу: «Не ваюй ты з гэтым ветраком, нічога не дакажаш». Але яна сказала, што ніколі не спыніцца. Цяпер я таксама гэта зразумела. У мяне няма знаёмых за Лукашэнку, усе толькі за перамены».