Арыштавалі актывістку і блогера Вольгу Такарчук (дапоўнена)
Жанчына запісала відэа на выпадак свайго затрымання. Сёння яго апублікавалі на YouTube-канале BalaganOFF.
«Калі вы бачыце гэтае відэа, значыць, я ў месцах не такіх аддаленых», — гаворыць Вольга Такарчук у звароце.
Яна распавядае, што ў яе было некалькі варыянтаў: хавацца ў Беларусі, замаўчаць, з'ехаць за мяжу альбо сесці ў турму.
Вольга Такарчук удзельнічала ў акцыях пратэсту, а таксама вяла блог на YouTube, дзе адкрыта крытыкавала ўлады.
Вольга гаворыць, што ў яе няма дамовы з адвакатам і просіць дапамагчы ёй. Таксама яна просіць дапамагчы яе мужу, які застаўся адзін з дзецьмі.
Як паведамляе «Белсат», муж Вольгі Зміцер пацвердзіў затрыманне жонкі. Цяпер яна знаходзіцца ў Першамайскім РУУС Мінска.
Дапоўнена: Суддзя Максім Трусевіч аштрафаваў Вольгу Такарчуку на 30 базавых велічыняў па ч. 1 арт. 23.34 КаАП за яе відэа YouTube, па якім прыйшлі да высновы, што Вольга прыняла ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 29 лістапада. Блогерка віну не прызнала і сказала, што відэа яна рабіла раней, а 29 лістапада толькі апублікавала ў інтэрнэце.
Пасля абвяшчэння рашэння Вольгу Такарчук затрымалі наўпрост у залі суда. Яе затрымалі за пікетаванне 23 снежня на балконе з шарыкамі, што нібыта падцвярджаецца відэа.