У Мінску пачаўся суд над Паўлам Спірыным. На яго не трапіла каля 70 чалавек (дапоўнена)
У Мінскім гарадскім судзе 25 студзеня ў 10.00 пачаўся суд па крымінальнай справе ў дачыненні да блогера Паўла Спірына. Не ўсе жадаючыя змаглі трапіць туды — толькі 50 чалавек, яшчэ каля 70 чалавек засталося стаяць па-за залай судовых паседжанняў, бо ім не хапіла месца. Дзверы залы зачынілі, паведамляе «Вясна».
Блогера Паўла Спірына абвінавачваюць у частцы 1 артыкула 130 КК РБ (Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці).
Як піша «Радыё Свабода», Паўла Спірына даставілі ў суд пад канвоем, ён знаходзіцца ў клетцы. У пачатку працэсу ён заявіў хадайніцва аб адмове ад адваката, будзе абараняць сябе сам. Адмова ад адваката не звязаная з маім матэрыяльным становішчам, сказаў Павел. Суд пастанавіў задаволіць хадайніцва. Спірын сказаў суду, што не прызнае сябе вінаватым.
Спірын таксама заявіў, што не давярае пракурору і выступіў з хадайніцвам пра выклік у суд сведак, якія выказвалі сваю думку пра ягоны фільм і якіх дапытвала следства.
Павел Спірын, фота «Наша Ніва»
Паўла Спірына затрымалі 4 верасня 2020 года. Праз трое сутак выпусцілі і праз паўтара дня зноў затрымалі 9 верасня пасля таго, як ён апублікаваў новы відэаблог. Вядома, што яго справа звязаная з фільмам Спірына «Грань» пра наркагандаль у Беларусі, які быў ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Другое відэа, за якое абвіначваюць блогера, «Жудасная тайна генпракурора Беларусі: карт-бланш на садызм». Вядзе справу Цэнтральны апарат Следчага камітэту. У доме ў Паўла Спірына прайшоў ператрус.
На мінулых выбарах Павел Спірын заявіў пра намер балатавацца кандыдатам у прэзідэнты. Аднак Цэнтрвыбаркам яго ініцыятыўнай групы не зарэгістраваў.