Новы год за кратамі: свята ўзмоцненага рэжыму

Сотні чалавек у Беларусі праз сваю грамадзянскую пазіцыю сустрэнуць Новы год за кратамі. Сярод іх — наш калега, анархіст і блогер Мікалай Дзядок. Гэты артыкул Мікола напісаў у 2016 паводле свайго досведу амаль пяцігадовага зняволення па «справе анархістаў». Мы жадаем каб Мікола і іншыя палітвязні як мага хутчэй выйшлі на волю!

352540_art_novyj_1920x1359__www.getbg.net__logo_1.jpg


Новы год — надзвычай важнае свята для вязняў не толькі таму, што дазваляе наесціся прысмакаў і выйсці за межы штодзённага рэжыму. Навагодняя ноч — гэта тая прынцыповая і лёсавызначальная рыска, якая адмярае час, што застаўся да заканчэння тэрміну.
Арыштанты — народ забабонны. У іх нават не прынята віншаваць «з Новым годам» — бо гэта можна расцаніць як пажаданне таго, каб табе дабавілі яшчэ год (сумная рэчаіснасць да асуджаных па арт. 411 КК РБ).
У вязняў прынятыя іншыя формы віншаванняў: «З надыходзячым!» ці «З Новым дзве тысячы такім-та годам». Але падрыхтоўку да свята забабоны ніяк не абмяжоўваюць — наадварот, рыхтавацца да яго большасць зэкаў пачынае загадзя, бо гэта, бадай, адзінае свята ў годзе, на якое адміністрацыя дазваляе адступленні ад штодзённага рэжыму.

qivgsespmpk_logo_1.jpg


Якія радасці даступныя зэку ў няволі? Там няма шампанскага, не дазволена запускаць салюты, нельга хадзіць у госці — у пераважнай большасці калоній забаронена нават схадзіць да прыяцеля ў іншы атрад. Застаюцца толькі дзве традыцыйныя навагоднія забавы: аб’есціся і паглядзець тэлевізар.
За некалькі тыдняў вязні купляюць у атаварцы каржы для тартоў, згушчонку і сметанковае масла — калі, вядома, гэтыя прысмакі маюцца ў продажы. Чые родныя могуць сабе дазволіць — засылаюць з дома разынкі, арэхі, шакалад. З усяго гэтага вязні робяць торты, што ўяўляюць сапраўдныя творы мастацтва. Бо калі патрэбных інгрэдыентаў няма, у ход ідзе літаральна ўсё. Замест згушчонкі — мёд, замест арэхаў — мармелад, ці паламаныя цукеркі, замест шакаладу — халва. Так і вырастаюць на сталах арыштантаў да 31 снежня самаробныя “монстры”, зробленыя без усялякіх рэцэптаў, затое з душой.
Сам не бачыў, але чуў, што ў асабліва бедных месцах, дзе рэжымам не дазволена нічога (звычайна гэта крытая турма) вязні ў якасці каржоў выкарыстоўваюць белы хлеб, а ў якасці крэму — кісель і салодкую ваду. А паколькі турма — мадэль грамадства ў мініяцюры, то ёй уласцівыя і ўсе несправядлівасці вольнага жыцця: і пакуль нехта лепіць “торт” з белага хлебу і кісялю, на сталах асобных вязняў у навагоднюю ноч можна сустрэць прысмакі, якія далёка не ўсе беларусы на волі могуць сябе дазволіць: ікру, сёмгу, свежыя ягады, дарагія кілбасы. Але пры сённяшніх маштабах пасадак чыноўнікаў і бізноўцаў гэта не выглядае дзіўным.
Тыя зэкі, якім у жыцці не хапае рызыкі, за пару тыдняў да Новага году ставяць брагу, і ў навагоднюю ноч разліваюць па кубках падабенства хлебнага віна. Але паколлькі рэжым у турмах з кожным годам узмацняецца, і забава гэта робіцца ўсе больш небяспечнай, то ўсе менш вязняў гатовыя атрымаць 10 сутак ШІЗА за магчымасць адчуць забыты ўжо смак алкаголю.

sizo3_74783600_logo_1.jpg


Апошняя з магчымых радасцяў, якую арыштанты могуць раздзяліць з вольным (так і хочацца паставіць двукоссі) насельніцтвам Беларусі — начны прагляд тэлевізару. Навагодняя ноч — адзіны выпадак у годзе, калі адміністрацыя калоніі афіцыйна дазваляе адбой пасля поўначы: а 1.00 ці а 2.00, у залежнасці ад строгасці мясцовых начальнікаў. А да гэтага часу вязні паглынаюць нарыхтаваныя салаты, тарты і, вядома, чыфір у неймавернай колькасці (калі, вядома, дазваляе ўзровень дастатку).
У камернай сістэме — свае традыцыі. Вязні СІЗА і крытых турмаў, як толькі гадзіннік пачынае адбіваць 00.00, пачынаюць што ёсць моцы барабаніць у сцены, падлогу, дзверы і нават столь — віншуюць такім чынам суседнія камеры. У большасці турмаў адміністрацыя закрывае вочы на такую бяскрыўдную традыцыю, але толькі не ў Жодзіна — ахоўнік, як звар'яцелы, абавязкова падбяжыць да вочка і пачне лаяцца на зэкаў, пагражаючы ўсімі смяротнымі карамі.
Але Новы год — надзвычай важнае свята для вязняў не толькі і не столькі таму, што ён дазваляе наесціся прысмакаў, падурэць і выйсці за межы штодзённага рэжыму. Навагодняя ноч — гэта тая прынцыповая і лёсавызначальная рыска, якая адмярае час, што застаўся да заканчэння тэрміну. Нават кожны дзень і кожны тыдзень, што засталіся за плячыма, робяць свабоду бліжэйшай, але адмераны год гэта ўжо сур’ёзная, грунтоўная рыса на ўяўнай лінейцы, у канцы якой — запаветны дзень вызвалення.
І пасярод навагодняга шуму ў цесным бараку, астротаў і жартаў ад татуяваных “пасажыраў”, з якімі звёў лёс, кожны арыштант, будзь у яго тры ці пятнаццаць гадоў тэрміну, у думках усміхнецца сам сабе, уздыхне, і у тысячны раз падлічыць, колькі цяпер засталося “да званка”. А зранку 1 студзеня працягне свой пануры, але непазбежны шлях наперад — туды, дзе маячыць прывід свабоды.