У Мазыры шматдзетную маці пакаралі за прагулку з дзіцячым вазком

Нягледзячы на працэсуальныя парушэнні і прамінулы тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, жанчыну прызналі вінаватай і пакаралі, піша Палеская Вясна.

Кацярына Лявонава (з правага боку) перад залай для судовых паседжанняў.

Кацярына Лявонава (з правага боку) перад залай для судовых паседжанняў.


На Кацярыну Лявонаву яшчэ ў кастрычніку склаў пратакол участковы інспектар Мазырскага РАУС Аляксандр Вітчанка. Ён абвінаваціў жанчыну ў тым, што яна ўзяла ўдзел у так званым «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Але ў матэрыялах адміністрацыйнай справы было занадта шмат хібаў, таму суд накіраваў яе назад у РАУС на дапрацоўку. І так адбывалася двойчы.
4 снежня сыходзіў двухмесячны тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. І дата складання апошняга пратакола, паводле якога Кацярыну Лявонаву судзілі 28 снежня, пазначаная 2 снежня. Прычым, напярэдадні мінавання тэрміну прыцягнення да адказнасці пратакол ужо перапісаў старшы ўчастковы інспектар маёр Андрэй Ляўданскі. У той жа дзень Кацярыне накіравалі праз СМС позву ў суд на раніцу 3 снежня.
Але ў Кацярыны трое дзетак. Малодшаму ўсяго 8 месяцаў. Таму яна хадайнічала аб пераносе разгляду справы, бо не мела магчымасці азнаёміцца з ёй і падрыхтавацца да суда. Разгляд адбыўся 28 снежня. У будынак суда Кацярына мусіла прыйсці з малодшым дзіцём у вазку, бо яго няма на каго пакінуць.
Кацярыне Лявонавай ставілі ў віну тое, што яна 4 кастрычніка нібыта ўзяла актыўны ўдзел у мірным сходзе.
«На бульвары, дзе на мяне напісалі пратакол, я павольна праходжвалася з дзіцём у вазочку. Дзіцё спало. Мы былі разам з кумой. Побач гуляліся ейныя дзеці. Былі іншыя людзі. Раптам аднекуль з’явіліся прадстаўнікі карных структураў і пачалі гучна крычаць у мегафон. Яны крычалі, што знаходжанне людзей на бульвары – гэта масавае мерапрыемства і яно незаконнае. Загадвалі нам разыйсціся. Пры гэтым ў мне асабіста не было аніякіх плакатаў, сімволікі ці нечага яшчэ, што можна было б расцаніць як выказванне меркаванняў. Не бачыла я нічога такога і ў іншых прысутных там людзей. Ні я, ніхто іншы не выказвалі аніякіх лозунгаў альбо заклікаў. Але сваімі крыкамі ў мегафон міліцыянты разбудзілі і напужалі маё дзіця. Яно пачало плакаць. Я выказала заўвагу пра гэта маёру Ляўданскаму. Ён адказаў, што я такім чынам пратэстую і павінна сыйсці адтуль. У нас завязалася невялікая сварка. І я думаю, што менавіта ў сувязі з гэтым асабіста Ляўданскі прыклаў намаганні, каб мяне пакаралі», – сказала Кацярына Лявонава.  
Тое, што ў яе не было ніякай атрыбутыкі ці сімволікі пацвердзіў і відэазапіс, аб разглядзе якога хадайнічала Лявонава. Але на вынік судовага паседжання гэта не паўплывала. Рапарты міліцыянтаў адыгралі для суддзі больш важкую ролю, ніж відавочны доказ, які абвяргае абвінавачванне.
Суддзя Галіна Кніжонак-Максімава падпісала пастанову аб прызнанні Кацярыны Лявонавай вінаватай у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага часткай 3 артыкула 23.34 КабАП і прызначэнні ёй пакарання ў выглядзе штрафу на 540 рублёў.