У выдаўца і ў рэдакцыі ганцавіцкай газеты прайшлі ператрусы

Раніцай у аўторак, 29 снежня, у рэдакцыі газеты «Ганцавіцкі час» і дома ў яе выдаўца прайшлі ператрусы, сам выдавец знаходзіцца ў міліцыі.

Пётр Гузаеўскі

Пётр Гузаеўскі


Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў 10.30 і адправіліся ў пакой выдаўца і галоўнага рэдактара Пятра Гузаеўскага. Сярод іх быў начальнік крымінальнага вышуку мясцовага РАУС Дзмітрый Юрчык. Праз гадзіну міліцыянты разам з галоўным рэдактарам з’ехалі — журналісты не бачылі, каб яны канфіскоўвалі тэхніку, паведамляе REFORM.by са спасылкай на сайт «Першы Рэгіён»

Пры гэтым міліцыянты паведамілі, што праверка ініцыяваная Драгічынскім РАУС. Магчыма, ператрусы звязаныя з узбуджанай у Драгічыне крымінальнай справай супраць журналіста «Першага рэгіена» Сяргея Гардзіевіча, які цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Пасля рэдакцыі міліцыя адправілася з ператрусам у кватэру Пятра Гузаеўскага.

Газета «Ганцавіцкі час», якая выходзіць ужо 19 гадоў, і рэгіянальны сайт «Першы Рэгіён» належаць адной кампаніі — «Медыя-Ганцавічы».