«Ну, ён ехаў у горадзе на ровары. Артыкул 23.34, у гугле паглядзіце, што гэта»
У Мінску за ўдзел у акцыі асудзілі раварыста. Сведка «Іван Іваноў» заявіў, што Аляксей крычаў «Жыве Беларусь!» на пустой вуліцы, а на яго ровары былі стужачкі.
У нядзелю 27 снежня ў Мінску затрымалі 25-гадовага Аляксея Адамовіча, распавядае kp.by. Ён ехаў на ровары дадому са спаборніцтваў па плаванні. Яго жонка Карына распавядае, што ровар — асноўны від транспарту Аляксея, ён ездзіць на ім і зімой і летам. Аляксей — трэнер па трыятлоне і настаўнік у школе.
Каля 12 гадзін ён выехаў з працы, прыкладна ў гэты час тэлефон Аляксея стаў недасяжны. Карына кажа, што такое здараецца добра калі раз у год, таму расхвалявалася. Тады дзяўчына спадзявалася, што тэлефон яе мужа проста адключыўся ад марозу. Пазней яна даведалася, што муж у міліцыі.
— Мне патэлефанавалі з Маскоўскага РУУС і сказалі, што муж затрыманы, мне тэлефануюць па ягонай просьбе. Я спытала пра прычыну затрымання, расплакалася. «Ну, ён ехаў у горадзе на ровары. Артыкул 23.34, у гугле паглядзіце, што гэта», — так мне адказалі.
Карына паспела перадаць у РУУС цёплыя рэчы і абутак для мужа — яго затрымалі ў велаформе.
«СТАЯЎ НА ТРАТУАРЫ З РОВАРАМ І ВЫКРЫКВАЎ «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ», «СЫХОДЗЬ» І ЯШЧЭ НЕШТА»
Суд па гэтай справе адбыўся на наступны дзень, 28 снежня. Працэс вяла суддзя Таццяна Пірожнікава. З Аляксеем звязаліся па скайпе. Ён распавёў, што ехаў дадому з працы на ровары. Лозунгі не выкрыкваў, у пікетаванні ўдзелу не прымаў. На пешаходным пераходзе яго спынілі сілавікі ў чорнай форме і адвялі ў бус.
Сапраўдныя імёны міліцыянтаў, якія выступаюць у судах па такіх справах, ужо некалькі месяцаў засакрэчваюць. Так было і сёння — каб высветліць асобу сведкі, суддзя зрабіла гэтую частку працэсу закрытай — усе выйшлі з залы. Для прысутных сведкі назвалі Іванам Івановым. Мужчына сказаў, што працуе ў Маскоўскім РУУС. 27 снежня ён з калегамі патруляваў вуліцы горада, таму што з'явілася інфармацыя, што ў гэты дзень пройдзе акцыя пратэсту.
— Ён (Аляксей Адамовіч) стаяў на тратуары з роварам і выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!», «Сыходзь» і яшчэ нешта. Было прынята рашэнне затрымаць.
Ровар Аляксея Адамавіча цяпер у РУУС. На ім, як кажа сведка, былі стужачкі бел-чырвона-белага колеру.
«ВЫРАШЫЎ ЗАХАВАЦЬ НА ВІДЭА МОМАНТ ВЫКРАДАННЯ ЧАЛАВЕКА»
Затрыманне Аляксея на відэа зняў мінчук, які ў той момант быў непадалёк. Сёння ён выступае ў судзе сведкам.
— Два цёмна-сініх мікрааўтобусы спыніліся на скрыжаванні Алібегава і Рафіева. З гэтых мікрааўтобусаў выбеглі людзі ў цёмным адзенні, схапілі Аляксея і накіравалі яго ў салон аўтамабіля. Ніякага масавага мерапрыемства ў тым месцы не было. У гэты момант быў зялёны сігнал святлафора, і людзі пераходзілі дарогу. Былі адзін-два чалавекі, якія пераходзілі пешым ходам, і вось Аляксей — на ровары.
— З якой мэтай вы праводзілі відэазапіс? — пытаецца суддзя.
— Каб захаваць на відэа момант выкрадання чалавека. Я ўбачыў, што мужчыну, які рухаецца на ровары, адвялі ў мікрааўтобус. Я вырашыў, што гэта выкраданне.
У перапынку людзі, якія прыйшлі падтрымаць Аляксея, чытаюць навіны і абмяркоўваюць працэс:
— О, асудзілі людзей, якія зладзілі прабежку ў касцюмах Дзядоў Марозаў.
— Мяне судзілі пяць хвілін. Гэты суд ужо амаль гадзіну ідзе.
«БЫЛА НАДЗЕЯ, ШТО СПРАВУ СПЫНЯЦЬ, АЛЕ ЯНА ЗГАСЛА»
Адвакат Аляксея Адамовіча адзначыў, што ў матэрыялах справы шмат супярэчнасцяў і парушэнняў. У пратаколе вопісу няма ні сімволікі, ні стужачак, там не пазначаны нават ровар.
Суддзя прызначыла Адамовічу 10 сутак арышту. У Аляксея і яго жонкі двое дзяцей, малодшаму 5 месяцаў. Карына, жонка Аляксея пасля заканчэння працэсу распавяла, што спакойная толькі вонкава.
— Тры ночы да затрымання Лёшы ў нас дрэнна спалі дзеці, сёння я паспала дзве гадзіны з перапынкамі, нічога не ела. Гэта проста такое напружанне.
Яна пракаментавала словы сведкі з міліцыі аб тым, што на ровары Аляксея былі стужачкі, а сам ён выкрыкваў лозунгі.
— Я веру мужу, і калі ён казаў, што ён гэтага не рабіў, значыць, не рабіў. У мяне была надзея, што справу спыняць, таму што было вельмі шмат нестыковак. І відэа затрымання мы далучылі, і сведка быў. Але надзея згасла.