О дзіўны новы свет, або Дзіцячы інкубатар на патрэбу дзяржаве

Мудраму кіраўніку, які хоча заўсёды быць у тонусе, патрэбныя яшчэ мудрэйшыя падначаленыя. Кіраўніку, які проста хоча заўсёды быць, наяўнасць розуму ў падначаленых катэгарычна не патрэбная.

bullying_2775272_1280.jpg


Калі ты кіруеш думкамі і страхамі людзей, яны пастаянна ў цябе пад прыцэлам. А калі ты вырошчваеш гэтыя думкі і страхі, можна нават не напружвацца: гвалт перастае мець сэнс.
Тое, што апошнія дзесяцігоддзі адбываецца ў беларускай адукацыі і дасягнула сёлета свайго апагею, акурат укладваецца ў гэтую карціну. Мы вельмі хутка прайшлі шлях ад выражэння нязгоды да «зачысткі», і з той жа хуткасцю наш «оруэл» трансфармаваўся ў «хакслі». О дзіўны новы свет экстрэмісцкіх дзіцячых садкоў і праваслаўнага патрыятычнага выхавання!
Бадай што, гэта самы невідавочны вынік «інтэграцыі» — інтэграцыя ідэалогій і спосабаў барацьбы з непаслухмяным статкам. «Паршывых авечак» плануецца кантраляваць з гаршка. «Першаклашкі» складваюць з літар слова «прэзідэнт», падлеткаў вышкольваюць ваенрукі, студэнты вывучаюць «Асновы беларускай ідэалогіі», сутнасць якой ніхто не можа растлумачыць, акрамя аднаго цяпер ужо ўсім вядомага слова: усё ўпіраецца ў свайго мясцовага «Генры Форда» — таго «Генры Форда», якога мы заслужылі.
Людзей у рамане Олдаса Хакслі вырошчваюць у інкубаторыях і дзеляць на касты. Асноўныя каштоўнасці грамадства: ганарлівасць вышэйшых, пакланенне «абраным» і пагарда да ніжэйшых, спажывецтва, геданізм («чарка і шкварка»). Забароненыя і знішчаныя рэлігія, мастацтва, навука, літаратура, любыя праявы індывідуальнасці і самастойнага мыслення. Нават цела належыць не чалавеку, а ўсім — і чалавек абавязаны прадастаўляць яго любому ахвотнаму. Людзей забівае наркотык безадказнасці, і гэтую безадказнасць культывуе дзяржава.
«О дзіўны новы свет» — класічная антыўтопія, у якой «маленькі чалавек» у адзіночку супрацьстаіць дзяржаўнай машыне. Вядома ж, не перамагае. Але і нельга сказаць, што яго антаганіст застаецца ў выйгрышы.
Наша абсурдная рэальнасць абсурдная настолькі, што ў ёй усё ўвасабляецца занадта літаральна, і «маленькі чалавек» — дзіця любога ўзросту — сёння мусіць мець дастаткова сіл, каб не стаць часткай статка, вырашчанага на патрэбу аднаго чалавека. Падпарадкаванне выхоўваецца з дзіцячага садка, і сёння мы ўжо маем не «пішы правай рукой», а «пішы "Прэзідэнт"» — з вялікай літары.
Дзеці — гэта сіла: тое, што ў іх закладаецца, потым мае свае плады. У Хакслі дзецям начытвалі патрэбныя догмы, пакуль тыя спалі. Нашы дзеці таксама, у некаторым сэнсе, вырастуць у трансе: няма ні культуры, ні мастацтва, знішчаныя НДА і грамадскія аб’яднанні, і нават рэлігія перастае быць правадніком маралі, становіцца прыслужніцай цяперашняга моманту, гэткім філіялам ідэолагаў, дзе таксама «часам не да законаў».
Дзеці — гэта зброя. Немагчыма змяніць дарослую, сфармаваную асобу. З дзяцей жа, як з пластыліну, можна зляпіць што заўгодна. І менавіта гэтым зараз зоймецца школа, пакуль стомленыя змаганнем бацькі будуць прыходзіць у сябе і шукаць выйсце са сваіх ПТСР.
Ідэалагічная вайна прабралася ў нашы дамы з іншага боку — адтуль, куды наш уласны кантроль не распаўсюджваецца. І адзіным спосабам змагання ў вайне я бачу размову. Дзікуну, герою Хакслі, давялося тлумачыць людзям, што такое любоў, праўда, шчырасць. У кнізе яго спробы не атрымалі поспеху: ён быў адзін, занадта чужы, занадта дзікі для разбэшчанага свету безаблічных індывідаў.
Нам трэба размаўляць адно з адным, са сваімі дзецьмі, бацькамі, даводзіць ім нашу праўду — пастаянна тлумачыць, упарта, нават калі хочацца здацца. Бо калі мы здамося, як бы не давялося пасля быць тым самым Дзікуном — занадта дзіўным, «лішнім» стварэннем, якога толькі і можна было, што закідаць камянямі, дзеля таго, каб іншым не муляла вока.