Оруэл ці Радары? Чаму затрымліваюць прыстойных людзей
Рок-музыка Дзмітрый «Агнявіт» Новікаў разважае на budzma.by чаму прыспеў час перачытваць дзіцячую літаратуру.
Учора ў Гомелі падчас мірных акцыяў пратэсту затрымалі артыста незалежнага «Тэатра адкрытых» Леаніда Маркевіча. Пакуль я жыў у Гомелі мы неаднаразова разам бавілі час, працавалі разам над спектаклямі. Я магу сказаць, што гэта вельмі годны прыстойны чалавек. Сёння над ім мусіць адбыцца суд.
У суботу пасля дваравога канцэрту былі затрыманы і цяпер месцяцца ў засценках на Акрэсціна рок-музыкі Аляксандр Памідораў і Уладзіслаў «Lesley Knife» Наважылаў з легендарнага метал-гурта Gods Tower. Памідораў — аўтар адной з самых драматычных і пранізлівых беларускіх рэп-кампазіцый — «Крывавага свята», якая прысвечана трагедыі 99-га году на Нямізе. У 2011 годзе Памідораў разам з музыкамі Pomidor/OFF атрымаў галоўную музычную беларускую ўзнагароду — рок-карону ў намінацыі «гурт года».
Казаць пра заслугі Нажа, а так у Гомелі заўсёды называлі «Lesley Knife», справа яшчэ больш складаная. Напэўна, варта сказаць галоўнае: Gods Tower — гэта галоўны цяжкі гурт на беларускай сцэне апошнія 30 з хвосцікам год. У момант, калі я пісаў гэтыя радкі, суда над Уладам і Аляксандрам яшчэ не было.
У Віцебску быў затрыманы мясцовы genius loci — Уладзімір Булаўскі. Чалавек, які шмат зрабіў для свайго горада, які мог дамовіцца з выканкамамі, каб ажыццявіць шматлікія крутыя і вартыя ўвагі ініцыятывы. Зараз ён у ІЧУ. Яго абвінавачваюць у парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах і дробным хуліганстве. У міліцэйскім рапарце напісана, што ён «граў на барабане ў групе грамадзян, якія выкрыквалі лозунгі і трымалі плакаты».
Не так даўно на волі апынуўся мой стары знаёмы, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўчых навук, выкладчык Яўген Малікаў. У Гомелі не так шмат людзей, якія настолькі добра ведаюць гісторыю горада і робяць максімум для таго, каб яе захаваць. Яўгена затрымалі нават не падчас пратэставай акцыі, яго выкралі каля дома.
У пятніцу на волю выйшаў Сяргей Кандраценка — прэс-сакратар ЗБС «Бацькаўшчына». Ён атрымаў пяць сутак арышту за ўдзел у мірнай пратэстнай акцыі. Гэта вельмі прыстойны, эрудыяваны чалавек і меламан.
Спіс тых, хто трапіў за краты праз тое, што хоча жыць у вольнай краіне і не баіцца пра гэта казаць, можна працягваць вельмі доўга. Я пералічыў толькі тых, з кім добра знаёмы асабіста і тое не ўсіх. Толькі па дадзеных МУС са жніўня за краты па палітычных матывах трапіла больш за 11 тысяч чалавек.
Да чаго ўсе мае словы і пералічэнні? Прынцу Лімону прыстойныя людзі не падабаюцца. З нашага боку прыстойныя людзі — краязнаўцы, гісторыкі, музыкі, журналісты, медыкі, працоўныя, акторы, айцішнікі. На адваротным баку — толькі дубінкі і азлоблены погляд з-пад балаклавы.
Гэтае супрацьстаянне прыстойнага з непрыстойным. Што ўлада можа прапанаваць? Нафталінавых зорак расейскай папсы, якія потым кажуць, што нічога не ведалі пра палітыку ці ўвогуле так і не змаглі перамагчы рускі сінтаксіс у сацсетках?
Краіна, дзе мы зараз знаходзімся, гэта не «1984» Оруэла і не «Дзіўны новы свет» Хакслі. Гэта «Чыпаліна» Джані Радары і «Урфін Джус і яго драўляныя салдаты» Волкава. Варта перачытваць дзіцячую літаратуру, там вельмі дасціпна даводзіцца, што дабро перамагае. Пра гэтае намякае і сама сістэма, калі не прапускае на мытні беларускамоўныя кніжкі пра «хлопчыка, які выжыў».
Дзмітрый Новікаў, budzma.by