Тых, хто сабраўся падтрымаць шахцёра ў Салігорску, затрымліваюць

Стачкам «Беларуськалія» перадае, што тых, хто сабраліся каля рудаўпраўлення для падтрымкі Алега Кудзёлкі, прама цяпер затрымліваюць.

kaliy_stachkom.jpg

Таксама паведамляецца, што жонка шахцёра перадала, што ёй патэлефанаваў муж і паведаміў, што яго паднялі на паверхню і на машыне хуткай дапамогі вязуць у цэнтральную раённую бальніцу Салігорска.
Алег Кудзёлка, які застаўся ў шахце і высунуў патрабаванні, працуе майстрам горнага ўчастка 4-га рудніка. Заўтра ў яго будзе дзень нараджэння, яму споўніцца 43 гады. Ён выхоўвае траіх дзяцей.
«Са слоў жонкі Таццяны, такі пратэст Алег хацеў выказаць яшчэ адразу пасля 9 і 10 жніўня», — паведамляюць у стачкаме «Беларуськалія».

kudelka_oleg_belaruskaliy.jpg


Раней паведамлялася, што каля 11.10 да рудаўпраўлення 4 прыехала машына хуткай дапамогі, у якую праз нейкі час пасадзілі чалавека (тады не было вядома, ці гэта быў Алег Кудзёлка).
Да прысутных ля рудаўпраўлення падышлі людзі ў цывільным адзенні, а таксама міліцыя. Іх прасілі разыйсціся. Людзі сталі ў счэпку. Адзін з мужчын у цывільным адзенні здымае ўсё на камеру.
Нагадаем, сёння раніцай у Салігорску шахцёр Алег Кудзёлка застаўся ў шахце пасля працоўнай змены да выканання сваіх патрабаванняў. Сярод іх — адстаўка гендырэктара «Беларуськалія» і спыненне гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзянам.
Паводле tut.by