Праваабаронца: Некаторых збівалі так моцна, што сведкі кажуць — іх проста «забівалі»
З моманту стварэння Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі прайшоў месяц. Як прасоўваецца яго праца, распавёў адзін са стваральнікаў Камітэта праваабаронца Сяргей Усцінаў.
— Колькі ўсяго пацярпелых ад катаванняў было апытана Камітэтам?
— Фармальна Камітэт быў створаны 20 жніўня, але функцыянаваць пачаў яшчэ раней, ужо з 11 жніўня валанцёры апытвалі пацярпелых людзей у медыцынскіх установах. За гэты час было апытана каля 300 чалавек. Мы апытваем не толькі пацярпелых, але і сведак. Нам важна задакументаваць усе выпадкі катаванняў і зразумець, што ж адбывалася ў тыя жудасныя для Беларусі дні.
— Ці атрымліваецца вам аднавіць тую самую карціну падзей?
— Не ўсе інтэрв'ю ўжо вывучаны і прааналізаваны, аднак ужо цяпер можна скласці нейкую карціну агульных паводзінаў сілавікоў у тыя дні і зрабіць выснову, што катаванні да хлопцаў ўжываліся фактычна паўсюдна з моманту непасрэднага затрымання і да вызвалення. Некаторых збівалі так моцна, што сведкі кажуць пра тое, што іх проста «забівалі». Некаторыя літаральна адключаліся, але хуткую дапамогу выклікаць не спяшаліся, калі наогул выклікалі.
— Збівалі толькі хлопцаў?
— У асноўным так, калі абагульняць вывучаныя інтэрв'ю. Дзяўчат і жанчын імкнуліся не збіваць, але гэта не значыць, што да іх было чалавечае стаўленне. Што тычыцца агульнай сітуацыі ў Мінску, то жорсткаму і бесчалавечнаму абыходжанню падвяргаліся ўсе без выключэння. Калі казаць аб фізічным уздзеянні, то дастаткова ўспомніць жорсткія паставы, у якіх людзі вымушаныя былі стаяць на працягу доўгіх гадзін у РУУС і дворыках ЦІП. Рукі сцягвалі за спінай пластыкавымі сцяжкамі або кайданкамі, людзей прымушалі станавіцца на калені, пры гэтым лоб павінен быў упірацца ў падлогу. На самай справе, гэта вельмі цяжкая пастава, асабліва калі чалавек сядзіць у ёй працяглы час. Некаторых хлопцаў прымушалі паўзці на каленях з рукамі, сцягнутымі за спінай.
— Якое стаўленне ў цэлым было да затрыманых?
— Па сведчаннях апытаных склалася такое адчуванне, што супрацоўнікі, якія затрымлівалі і катавалі людзей, наогул не ўмеюць размаўляць чалавечай мовай, толькі нецэнзурнымі словамі. Калі казаць пра стаўленне да затрыманых, то многія сыходзяцца ў адным — звярталіся як да «быдла». «Пераменаў захацелі», «за Ціханоўскую галасаваў», «зараз мы вам пакажам перамены» — гэта самыя бяскрыўдныя словы, якія суправаджалі збіцці. Прыніжэнні, пагрозы згвалтаваннем, абразы па прыкмеце нацыянальнасці — гэта не поўны спіс жахаў тых дзён.
Таксама былі патрабаванні крычаць «я люблю АМАП», а за адмову — жорсткае збіццё. Адзначу, што ў 2014 годзе ва Украіне супрацоўнікі Беркута таксама прымушалі затрыманых крычаць «я люблю Беркут».
— Як вы думаеце, што выклікала супрацоўнікаў на гэтыя дзеянні?
— У апытаных ёсць розныя здагадкі. Некаторыя, хто змог убачыць вочы тых, хто здзекаваўся, кажуць пра «шалёныя чырвоныя вочы» і мяркуюць, што ім далі нейкі прэпарат для зверстваў. Іншыя кажуць, што супрацоўнікі спрэс замбаваныя ідэалогіяй: усе, хто галасаваў супраць асобы, які займае пост прэзідэнта — ворагі і праплочаныя пратэстоўцы. Яны так і крычалі: «Колькі табе заплацілі?», «Табе дрэнна жывецца?». Многія апытаныя казалі, што супрацоўнікам важна было атрымаць доступ да тэлефонаў затрыманых і паглядзець асабістую інфармацыю, фота і тэлеграм-каналы. Калі там знаходзілі пэўныя тэлеграм-каналы ці відэа з пратэстаў, то людзей дадаткова збівалі. Людзі, якія адмаўляліся паведаміць пароль, таксама падвяргаліся жорсткаму збіццю.
— Так паводзілі сябе толькі супрацоўнікі АМАПу?
- На жаль не, зыходзячы з апавяданняў апытаных, унутраныя войскі стралялі ў людзей з 3-4 метраў, амаль ва ўпор, і кідалі святлашумавыя гранаты ў натоўп людзей. Самі супрацоўнікі ЦІП і іншых месцаў несвабоды таксама не адрозніваліся выкананнем закона, некаторыя нават удзельнічалі ў збіцці. Да гэтага часу не зразумела, на якой падставе АМАПаўцы гаспадарылі на тэрыторыі таго ж ЦІП, але гэта ўжо пытанне да начальніка дадзенай установы.
— У якім стане цяпер пацярпелыя людзі?
— Многія наогул страцілі веру ў закон і правапарадак, некаторыя проста адчуваюць нянавісць і злосць, некаторыя — безвыходнасць ад таго, што следчыя органы не распачынаюць крымінальныя справы за ўсе гэтыя зверствы.
Усё, што я распавёў — толькі малая частка абагульненай інфармацыі. Натуральна, Камітэт зробіць поўную справаздачу, якую змогуць вывучыць усе ахвотныя.
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі заклікае сведак і пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў звяртацца для дакументавання і далейшага аналізу таго, што адбываецца падчас пратэстаў.
legin.by