Партыі — усё? Падпісаны закон: абавязковая перарэгістрацыя партый і не менш за 5 тысяч сябраў
Лукашэнка падпісаў закон «Аб асновах грамадзянскай супольнасці» і папраўкі ў законы наконт дзейнасці партый.

Беларускі кіраўнік 14 лютага падпісаў законы, што тычацца грамадзянскай супольнасці і дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў.
Закон «Аб асновах грамадзянскай супольнасці» вызначае, як гаворыцца ў паведамленні БелТА, «асаблівыя формы ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў (арганізацый) і суб'ектаў грамадзянскай супольнасці». Гэты закон вызначае, сярод іншага, як будзе адбывацца абранне дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу.
Цяпер правам на ўзаемадзеянне з дзяржорганамі «ў асаблівых формах» надзяляюцца суб'екты «грамадзянскай супольнасці», якія маюць рэгістрацыю «ў парадку, устаноўленым заканадаўствам», і маюць абласныя і Мінскую гарадскую арганізацыйныя структуры, якія налічваюць не менш за 100 тысяч паўналетніх грамадзян (для грамадскіх аб'яднанняў) або аб'ядноўваюць у сваім складзе не менш за палову зарэгістраваных у Беларусі прафесійных саюзаў (для прафсаюзаў).

Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў» вызначае «ўніверсальныя асноўныя мэты і задачы палітычных партый, якія павінны быць замацаваны ў іх статутах».
Закон уносіць пэўныя змяненні ўмоў стварэння і дзейнасці палітычных партый: павялічваецца мінімальны парог колькасці заснавальнікаў (чальцоў) з 1 да 5 тысяч чалавек, цяпер партыі абавязкова мусяць мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласцях і Мінску, а таксама не менш чым у адной траціне раёнаў кожнай з абласцей і не менш чым у адной траціне раёнаў Мінска.
Цяпер Міністэрства юстыцыі на працягу шасці месяцаў пасля ўступлення гэтага закона ў сілу павінна перарэгістраваць палітычныя партыі.
Дзейнасць партый, якія не прайшлі перарэгістрацыі і не прынялі рашэння аб ліквідацыі, будзе спынена па рашэнні Вярхоўнага Суда.

Закон таксама «павышае патрабаванні да рэспубліканскіх і міжнародных грамадскіх аб'яднанняў, дэталізуюцца іх правы і абавязкі». Так, цяпер рэспубліканскія аб'яднанні павінны мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласцях Беларусі і Мінску, міжнародныя — не толькі за мяжой, але і ў Беларусі.
Аб'яднанням, якія былі зарэгістраваны да ўступлення ў сілу закона, на працягу аднаго года «неабходна прывесці свае ўстаноўчыя дакументы ў адпаведнасць з яго патрабаваннямі».
