Сепаратысты з ЛНР запатрабавалі ад Лукашэнкі выдаць ім Пратасевіча

Дазнаўшыся пра памілаванне Рамана Пратасевіча, камандаванне сепаратысцкай зводнай казачай брыгады «Дон» запатрабавала выдаць яго самаабвешчанай «Луганскай Народнай Рэспубліцы».

000022_1682508590_563334_big_1.jpg


У фарміраванні заявілі, што на тэрыторыі Расіі, да якой яны адносяць акупаваныя тэрыторыі так званых «ЛНР» і «ДНР», Пратасевіч усё яшчэ лічыцца ваенным злачынцам. Таму яны запатрабавалі ад Аляксандра Лукашэнкі перадаць Рамана брыгадзе, «каб ён атрымаў шанец загладзіць сваю віну перад народам Данбаса».

«Калі ж ён ад гэтага адмовіцца, то казакі просяць перадаць яго ў рукі луганскіх і данецкіх пракурораў», піша «Маскоўскі камсамолец».

Нагадаем, што ў канцы траўня 2021 года КДБ Беларусі заявіў, што Раман Пратасевіч нібыта ўдзельнічаў у аперацыях батальёна «Азоў» ва Украіне. «Гэтая асоба ў поўнай меры адпавядае вызначэнню тэрарыста, баевіка, найміта, удзельніка крывавых падзей у складзе сумна вядомага батальёна «Азоў», — заяўляў кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель.

Пратасевіч інтэрв'ю Юрыю Дудзю не адмаўляў, як і тое, што быў у зоне канфлікту на Данбасе, але працаваў там у якасці журналіста і асвятляў баявыя дзеянні. «МК» піша, што ён нават быў там паранены.

Заснавальнік і першы камандзір добраахвотніцкага батальёна «Азоў» Андрэй Білецкі цалкам абверг словы Церцеля і Лукашэнкі, заявіўшы, што затрыманы ў Мінску журналіст і блогер не ваяваў, а працаваў журналістам.

9 жніўня падчас «Вялікай размовы» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Мінск прыязджалі прадстаўнікі «Луганскай Народнай Рэспублікі» для правядзення следчых дзеянняў з Пратасевічам.

Сам Пратасевіч абверг «допыт», але не факт сустрэчы з так званымі «следчымі» сепаратыстаў. Блогер паведаміў, што «афіцыйна ніякіх паказанняў не даваў». «Я сказаў так: "Калі ў вас ёсць нейкія пытанні, вы можаце спытаць, але ніякіх ні паказанняў не дам, ні распісвацца ў вашых паперах я не буду"», — сказаў тады Пратасевіч.

Што праўда, «МК» лічыць выдачу Пратасевіча малаверагоднай. «Наўрад ці гэта магчыма, паколькі закон Беларусі «Аб грамадзянстве» ад 2002 года забараняе выдачу грамадзяніна краіны іншай дзяржаве. З самага пачатку афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі заяўлялі, што следства і суд над Пратасевічам будуць адбывацца выключна на тэрыторыі краіны ў адпаведнасці з яе заканадаўствам. Цяпер тым больш: Пратасевіч пайшоў на здзелку са следствам, распавёў усё, што ведаў, і «здаў» каго толькі мог. За гэта яго і памілавалі», — піша расійскае выданне.