У Кіеве пасля слоў Лукашэнкі пра ЛНР і Пратасевіча заклікалі разарваць дыпадносіны з Мінскам
У Вярхоўную раду Украіны паступіла прапанова разарваць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю. Пра гэта сёння, 10 жніўня, паведаміў дэпутат украінскага парламента і лідар міжфракцыйнага аб'яднання (МФА) «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка.
«Дыктатар Лукашэнка пацвердзіў, што асабіста даў дазвол на допыт Рамана Пратасевіча тэрарыстамі з так званай ЛНР. Гэта яўка з павіннай. Лукашэнка, які сілай захапіў і ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, прызнаў, што супрацоўнічае з тэрарыстычнымі «рэспублікамі», — напісаў Аляксей Ганчарэнка на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Паводле яго слоў, «яшчэ месяц таму атрымаў адказ на свой зварот, падтрыманы калегамі-дэпутатамі, ад Генпракуратуры, што там дэталёва вывучаюць супрацоўніцтва Лукашэнкі з тэрарыстамі т. зв. ЛНР».
«Трэба
рухацца далей і адкрываць справу! Акрамя таго, наша МФА «За дэмакратычную
Беларусь» у сувязі з дзеяннямі Лукашэнкі зарэгістравала ў Радзе пастанову
аб поўным спыненні дыпламатычных стасункаў з рэжымам Лукашэнкі... Таксама падаў
Зяленскаму хадайніцтва аб
неабходнасці далучэння да новых санкцый ЕС супраць Беларусі, на што атрымаў
адказ, што РНБА разгледзіць гэтае пытанне», — паведаміў Ганчарэнка.
Дэпутат Вярхоўнай
рады таксама папрасіў офіс генпракурора Украіны, Савет нацыянальнай бяспекі і
офіс прэзідэнта «звярнуць увагу на заявы Лукашэнкі і як мага хутчэй
прыняць меры».
«Адкрыць
крымінальную справу, увесці санкцыі, спыніць дыпламатычныя адносіны і нарэшце
афіцыйна не прызнаць дыктатара прэзідэнтам Беларусі», — падкрэсліў ён.
Нагадаем, Украіна афіцыйна не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі і заяўляе пра гатоўнасць увесці санкцыі, аналагічныя еўрапейскім. У сваю чаргу, у Мінску заяўляюць аб тым, што гатовыя аднавіць дыялог з Кіевам. 9 жніўня падчас «Вялікай размовы» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Мінск прыязджалі прадстаўнікі Луганскай Народнай Рэспублікі для правядзення следчых дзеянняў з затрыманым у маі журналістам Раманам Пратасевічам, які браў удзел у баявых дзеяннях на Данбасе.
Паводле eadaily.com.