Пратасевіч даў паказанні супраць Соф'і Сапега, яны і сталі асновай для абвінавачання — Baza
Раман Пратасевіч даў паказанні на сваю былую дзяўчыну Соф’ю Сапегу, якую раней асудзілі на шэсць гадоў калоніі, піша расійскі праваабарончы тэлеграм-канал Baza.

Памілаваны Раман Пратасевіч даў паказанні Соф'ю Сапега. У пачатку красавіка беларускі бок пагадзіўся перадаць Соф’ю ў Расію для далейшага адбыцця пакарання. У асноўным на яго паказаннях і грунтавалася абвінавачанне. Цяпер, паводле звестак Baza, справа аб яе экстрадыцыі можа быць накіраваная ў суд Уладзівастока — менавіта там было яе апошняе месца рэгістрацыі.
Паводле Baza, Раман паведаміў следчым, што за сваю працу па дэаноне сілавікоў Соф’я Сапега атрымала 5 тысяч долараў. Па словах Пратасевіча, дзяўчына, калі была ў Вільні, прабівала беларускіх сілавікоў праз сэрвіс «Вока Бога» і публікавала іх даныя ў «Тэлеграме». У справе Сапегі значацца 238 пацярпелых.

Раней Пратасевіч таксама выступаў сведкам у справе супраць Рыгора Кастусёва, Юрася Зянковіча і Аляксандра Фядуты пра захоп улады. На працэсе ён расказаў, што «змоўшчыкі» бачылі адзін варыянт зрынання ўлады — «сілавы з удзелам вайскоўцаў», нагадвае «Люстэрка».
Соф'ю Сапегу затрымалі разам з Раманам Пратасевічам у Мінску ў 23 траўня 2021 года пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс і пралятаў над Беларуссю. Пара вярталася з адпачынку. Пазней Пратасевіч згадваў, што падчас адпачынку яны дамовіліся пра расстанне.
Соф'ю абвінавацілі ў вядзенні тэлеграм-каналаў, дзе ў тым ліку публікаваліся асабістыя даныя беларускіх сілавікоў.

У траўні 2022-га Соф’ю прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса.
У памілаванні ёй адмовілі. У красавіку 2023 года стала вядома, што Соф’ю Сапега, магчыма, адправяць даседжваць тэрмін у Расію. Матэрыялы па ёй мусіў разгледзець сёння, 24 траўня, Прэсненскі суд Масквы, але пасяджэнне перанеслі на 1 чэрвеня.
Цяпер справу Сапегі могуць накіраваць у суд Уладзівастока — менавіта там было яе апошняе месца рэгістрацыі. Расійскі суд мусіць вызначыць тэрмін, які палізняволеная будзе адбыць ужо ў РФ. Пасля гэтага яе перавод з Беларусі стане тэхнічна магчымы.
Як пісаў «НЧ», Раман Пратасевіч у траўні 2022 года расказаў, што расстаўся з Соф’яй Сапега і ўжо паспеў ажаніцца. Паводле яго словаў, адносіны з дзяўчынай былі ў крызісе яшчэ перад паездкай у Грэцыю, якая стала «апошняй спробай іх захаваць», а ў момант падарожжа яны прынялі рашэнне разысціся па вяртанні ў Вільнюс. Ён заявіў, што пад хатнім арыштам адносіны яшчэ больш ускладніліся, і маладых людзей рассялілі праз шматлікія канфлікты. З таго часу, паводле блогера, яны з Соф’яй не кантактуюць. Таксама ён падкрэсліў, што не лічыць, што Сапега сутыкнулася з праблемамі з сілавікамі праз тое, што была ягонай дзяўчынай.

3 траўня абвясцілі прысуд па «справе N*XTA». Раману Пратасевічу прызначылі 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Сцяпану Пуцілу — 20 гадоў, Яну Рудзіку — 19 гадоў.
22 траўня Пратасевіч заявіў, што Аляксандр Лукашэнка яго памілаваў.

Паводле «Люстэрка», Baza