Павольныя крокі Макея

ХІІ Мінскі форум прайшоў у рэчышчы тэмы «Беларусь і Усходняе партнёрства: перспектывы развіцця ў сферах палітыкі, эканомікі і грамадства». Сёлета мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў 21 дзяржавы. Сенсацый на адкрыцці форума, як летась, калі да публікі выйшаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, не было. Чыноўнік унікнуў адкрытай дыскусіі, абмежаваўшыся адной толькі прамовай з дэкларацыяй ужо вядомых прынцыпаў беларускай палітыкі.



81c8727c62e800be708dbf37c4695dff.JPG

ХІІ Мінскі форум прайшоў у рэчышчы тэмы «Беларусь і Усходняе партнёрства: перспектывы развіцця ў сферах палітыкі, эканомікі і грамадства». Сёлета мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў 21 дзяржавы. Сенсацый на адкрыцці форума, як летась, калі да публікі выйшаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, не было. Чыноўнік унікнуў адкрытай дыскусіі, абмежаваўшыся адной толькі прамовай з дэкларацыяй ужо вядомых прынцыпаў беларускай палітыкі.
Макей уваходзіў у залю ў шчыльным коле журналістаў, якія, не разбэшчаныя ў Беларусі допускам да асобаў палітычнайга алімпу, хоць так імкнуліся атрымаць сваю порцыю інфармацыйнага матэрыялу. Аднак у сухім астатку займелі толькі пратакольныя фотаздымкі і стрыманую прамову. У ёй Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь чакае, каб на лістападаўскім пасяджэнні ЕС было прынята рашэнне пра поўную адмену санкцый у адносінах да нашай краіны. «Нельга адначасова працягваць адну руку для палітычнага дыялогу, а ў іншай трымаць спіс патрабаванняў і абмежаванняў», — падкрэсліў чыноўнік. У якасці негатыўных фактараў беларуска-еўрапейскіх адносінаў чыноўнік назваў цяперашні гандлёвы рэжым, а таксама тое, што грамадзяне Беларусі адзіныя ва ўсёй Усходняй Еўропе плацяць за шэнгенскія візы 60 еўра.
Паводле слоў Макея, Беларусь падтрымлівае дыялог з Еўропаю на прынцыпах узаемапавагі і роўнасці, для гэтага ёсць эканамічныя перадумовы і палітычная воля абодвух бакоў. «Аднак будзе няправільна на гэтым шляху заўважаць некаторыя негатыўныя тэндэнцыі, — лічыць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. — Памылкаю з’яўляецца ацэнка сітуацыі ў нашай краіне, як гэта часта робіць Еўрасаюз, толькі па маштабу рэформ выключна ў грамадска-палітычнай сферы». Павольнасць зменаў у бок дэмакратыі Макей абгрунтаваў цытатаю з Гётэ: «Той, хто хоча рабіць упэўненыя крокі, мусіць рабіць іх павольна».
«Усходняе партнёрства», па словах чыноўніка, прадстаўляе для Беларусі несумнеўную цікавасць, і краіна гатовыя ўдзельнічаць у праграме «як у двухбаковым, так і шматбаковым фарматах». Беларусь зацікаўлена ў інфраструктурных, эканамічных праектах, аднак не ставіць на мэце асацыянаванае ці поўнае сяброўства ў ЕС.
Своеасаблівы рэверанс быў зроблены ў бок старшыні Усходняга камітэта Германскай эканомікі прафесара Клаўса Мангольда. «Я хачу адзначыць пазітыўную ролю Усходняга камітэта і асабіста спадара Мангольда, майго добрага сябра, у актывізацыі дзелавых кантактаў. Прычым не толькі ў сферы ўзаемавыгоднага дзелавога супрацоўніцтва, але і добразычлівым давядзенні да бізнес-супольнасці Германіі, Еўрасаюза аб’ектыўнай, рознабаковай інфармацыі аб рэальным патэнцыяле Беларусі і рэформах, якія яна праводзіць», — зазначыў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. У сваю чаргу, Клаўс Мангольд падтрымаў Макея ў меркаванні, што «павольныя крокі» — гэта рацыянальны выбар. Завяршыў свой выступ кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта цытатаю са Шпэнглера пра незваротнасць усяго, што адбываецца, а таксама параіў быць абачлівымі ў сваіх рашэннях, каб пасля не шкадаваць пра страчаныя магчымасці.
Пасля прамовы Уладзімір Макей сышоў, спаслаўшыся на іншыя справы. Невялікая дыскусія, што была запланаваная арганізатарамі, звялася да кароткіх выступаў-тэзаў усё пра тыя ж магчымасці, якія не варта ўпускаць, і кроках насустрач.
Хацелася б звярнуць увагу на словы пасла Швецыі ў Беларусі спадара Стэфана Эрыксана, які адзначыў, вяртаючыся да тэмы рэформаў, што праграма «Усходняе партнёрства» ахоплівае многія сферы жыцця, таму цалкам натуральна чакаць прагрэсу не толькі ў лібералізацыі эканомікі, але і ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Дарэчы, як гэта не прыкра і сорамна, але на Мінскім форуме шведскі пасол быў адзіным, хто выступаў па-беларуску.
Крыху ажывіць дыскусію паспрабаваў кіраўнік цэнтра Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук, зрабіўшы акцэнт на несуадноснасць жадання беларускіх уладаў мець імклівы эканамічны прагрэс і дзеючыя інстытуцыянальную і заканадаўчую базы, што абмяжоўваюць прыток замежнага капіталу. Аднак яго выступ прыйшоўся на фінал адкрыцця і рэзанансу не прынёс.