Пазіцыя ЗША
13–14 студзеня Беларусь з афіцыйным візітам наведаў сенатар Рычард Дурбін. На выніковай прэс-канферэнцыі галоўнай мэтай свайго прыезду ён назваў імкненне даць яснае пасланне беларускаму народу, што Злучаныя Штаты Амерыкі ўважліва адсочваюць падзеі, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь.
На здымку: сенатар Дурбін
Гэта ўжо трэці прыезд сенатара ў нашу краіну. Два гады таму ў складзе дэлегацыі амерыканскіх парламентарыяў ён сустракаўся з А. Лукашэнкам. Гэтым разам сустрэчы з
прадстаўнікамі афіцыйных структур абмежаваліся працяглай размовай з міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым.
Працоўны графік візіту Рычарда Дурбіна быў шчыльна насычаны сустрэчамі з сем’ямі палітвязняў, прадстаўнікамі палітычных партый, грамадскіх арганізацый і СМІ. Ён з абурэннем адзначыў
факт паўторнага ператрусу ў кватэры Вольгі Некляевай, прымеркаванага менавіта такім чынам, каб тая не змагла з ім сустрэцца.
Асноўны сэнс паслання ЗША беларускім уладам і беларускаму грамадству быў сфармуляваны сенатарам праз ацэнкі выбараў, што адбыліся і падзей пасля іх. Рашэнні адміністрацыі Лукашэнкі, адзначыў
ён, не засталіся незаўважанымі ні ў Амерыцы, ні ў краінах Еўрасаюза.
«Дзеянні беларускіх уладаў, — заявіў амерыканскі сенатар, — якія арыштавалі больш за 600 апазіцыйных актывістаў, а таксама тое, што пяць
кандыдатаў у прэзідэнты былі арыштаваныя, а яшчэ два кандыдаты застаюцца ў статусе падазраваных па крымінальнай справе, ствараюць раней не вядомы ў сусветнай
палітыцы прэцэдэнт. У краіне не можа быць дэмакратычнай формы кіравання, калі пройгрыш на выбарах Лукашэнку азначае накіраванне наўпрост у турму».
Галоўным патрабаваннем ЗША, якое сенатар Рычард Дурбін, перадаў міністру Мартынаву, з’яўляецца патрабаванне неадкладнага вызвалення ўсіх арыштаваных і зняцце з іх усіх
абвінавачанняў.
Пра наступную магчымую рэакцыю ЗША на падзеі ў Беларусі і прыняцце новых санкцыі адносна беларускіх уладаў сенатар Дурбін заявіў:
«Я збіраюся абмеркаваць гэта з дзяржаўным сакратаром Хілары Клінтан, з прадстаўнікамі Белага дому — наконт таго, якія далейшыя дзеянні
павінны быць зроблены. Але я шчыра спадзяюся, што не будзе патрэбы рабіць нічога, я спадзяюся, што прэзідэнт Лукашэнка зразумее, як гэта несправядліва
і несумленна, і сам прыме рашэнне спыніць гэты крызіс. Ён можа гэта зрабіць. Ён можа вызваліць палітвязняў, ён можа забяспечыць справядлівыя юрыдычныя
працэдуры і ўсё зрабіць, як у нармальным дэмакратычным грамадстве».
Сенатар таксама паведаміў, што ўчора ён абмеркаваў беларускія падзеі з кіраўніцтвам Літвы, і зазначыў, што яно вельмі занепакоенае сітуацыяй у Беларусі. Дэталі, аднак,
не ўдакладняў, спаслаўшыся, што права на выкладанне сваёй пазіцыі належыць літоўскім уладам.
Нэнсі МакЭлдані
Тым жа вечарам 14 студзеня з Вільнюса прыйшло паведамленне «Інтэрфакс» аб заяве прадстаўніцы Дзярждэпартамэнта ЗША Нэнсі МакЭлдані: «Калі арыштаваныя
не будуць вызваленыя вельмі хутка, у нас не будзе іншага выйсця, як лічыць іх палітзняволенымі. А гэта будзе азначаць, што зноў будуць уведзены
санкцыі, дзеянне якіх было прыпыненае». На пытанне ўдакладніць, як хутка такое можа здарыцца, амерыканская чыноўніца адказала: «Гэта пытанне некалькіх
дзён».