Пра апраўданне вайны
Крысціна Бандурына ў сваім фэйсбуку расказвае пра тое, як напад на Украіну ўспрымаецца ўнутры Беларусі — пра апраўданне вайны і пра тое, як з'яўляюцца даносы.
З Мінска быццам выганяў снег: мяло так, што за акном не было відаць блізкіх машын. Крыху развіднела дзесьці пад Бабруйскам. Едзеш — быццам усё як звычайна, але ты ведаеш, што ні халеры не.
На пад’ездзе да Мазыра пачалі з’яўляцца калоны — пераважна транспартнікаў. Яны сапраўды з гэтымі літарамі "V", і іх сапраўды суправаджае беларуская міліцыя.
Ад Прымаставой да дома маёй мамы на аўтобусе 20 хвілін. Замовіла таксі, абсалютна не здольная пасля трохгадзіннага анлайна па вайне трэсціся ў аўтобусе.
Таксоўцу пад 60. Пачаў ветліва — з надвор'я. Маўляў, абяцалі дождж — не самае спрыяльнае для паездкі.
«А ў нас тут вайна» было чаканым і нечаканым адначасова. Я напружылася, разумеючы небяспечнасць тэмы.
«Нам цяпер як мінімум гадоў на 30 дарога ва Украіну закрытая. Не, я разумею, што мы агрэсары, але бываюць моманты, калі на гэта трэба заплюшчыць вочы. Я лічу, што Расія ўсё робіць правільна: ну колькі можна яе задзіраць сваім цяўканнем? Ні адна краіна ў свеце не наважыцца ваяваць з Расіяй, а тут гэтыя ўкраінцы. І сраная Польшча, якая амерыканцам зад ліжа. Якая злосць? У мяне злосць? Не, гэта проста я так гавару, вам падаецца. Літва туды ж. Яшчэ скажыце, што гэта самастойная дзяржава! Ды там жа ўсяго два чалавекі! Якія міжнародныя дакументы? А вы юрыст што лі? Філолаг — гэта іншае. Разумееце, бываюць моманты, калі трэба заплюшчыць вочы. А то будзе тут ўся гэтая брыдота: лесбіянкі, геі, негры, гендары. Я словянін! Ува мне няма англасаксонскай крыві, толькі словянская! І я не гавару, што яны горшыя, але гэта яны ўвесь час лічаць, што горшыя мы, гэта яны глядзяць на нас як на вошай. А, ну ясна, зараз вы яшчэ скажаце "Гітлер прынёс нам свабоду».
На гэтай не аптымістычнай ноце я прашу яго высадзіць мяне.
— Пажалуста-пажалуста, толька сначала заплаціце!— У мяне па карце.— А я напішу в «Яндэкс» і ішчо в ЧК, пусць с вамі разберуцца! — далятае мне ў спіну. — Ждзіце гасцей!
Засталася траціна дарогі. Іду пасярод богам закінутай станцыі і трымаюся, каб не расплакацца. Калі пачну, будзе цяжка спыніцца. Ужо другія суткі вось так — то смех, то слёзы, і калі прарывае, не хочацца жыць.
Думаю, навошта я сюды ехала. Рыхтуюся да чагосьці падобнага з мамай, дзеля якой рызыкнула. Учора раніцай, як толькі свет стаў не такім аглушальным, набрала ёй. Плакала яна, плакала я, і адлегласць была невыноснай.
Заходжу на двор. Святло гарыць на кухні — значыць, мама гатуе. Значыць, чакае. Гэта заўсёды было радасным прадчуваннем — як яны будуць мяне сустракаць, кожны па-свойму: мама абдыме і адразу пачне накладваць есці, малы сарамліва пацалуе ў шчаку і прабурчыць сабе пад нос «прывет», котка пачне крычаць на ўсю хату і прасіцца на рукі...
Прамотваю ўсё гэта, гледзячы на святло ў акне, — і толькі вастрэйшым становіцца ком у горле. Адчыняю дзверы — мама радая, сустракае, адчуваю няўлоўна, па голасе, але не бачу — ужо не магу далей трымацца, ужо цякуць слёзы. Абдымаю яе як ніколі доўга, яна чуе, што плачу, і пачынае плакаць сама. А мне ад гэтага яшчэ горай — і ўжо ўголас.
Прыбягае котка і тут жа заскоквае на рукі, лашчыцца, быццам шкадуе, а я не магу слова вымавіць.
Абдымае малы. Адчуваю: разгубіўся — ніколі не бачыў, як я плачу. Гляджу на яго — рослы, прыгожы, — і адмаўляюся верыць у гэтую вайну, у тое, што яна іх такіх забірае.
Пытаюць, што са мной, а я не магу патлумачыць, душаць слёзы, калоцяцца рукі, зуб на зуб не трапляе. Такой мяне мама бачыла даўно, толькі калі з бацькам біліся.
І як тут патлумачыш? Што вайна, паміраюць людзі, мы нападнікі, баліць за дарагія мясціны, за цудоўных людзей, за тое ў маім родным горадзе ім жадаюць смерці, што разлом гэты такі катастрафічны — яго не выправіць дзесяцігоддзямі, што "данос" у спіну, і гэтая злосць, і нянавісць, і так балюча за ўсё разам.
Як патлумачыць, калі ты сядзіш у машыне і чалавек называе цябе брыдотай і табою апраўдвае вайну? Як сказаць пра гэта маме, з якой мы самі на мяжы?
П’ю ваду, плачу, расказваю, кляну Пуціна, і вайну, і таксіста, і ўсіх тых, у каго тэлевізар замест мазгоў. Мама так смешна абураецца: «Пускай только попробует! Я ему потом сама такой донос устрою!». Малы супакойвае, што яго не забяруць.
Вечар не адыходзяць ад мяне. Над галовамі перыядычна гудуць самалёты, і мы трывожна маўчым, толькі-толькі адталыя, а ў паветры лунаюць нядаўнія жарты пра бункер на агародзе.
Такі час. Збліжае і падзяляе. Вучыць дамаўляцца і варагаваць. Цаніць секунды і любімых — непрадказальны час, нясцерпны да нежадання жыць. Да немагчымасці адмовіцца ад гэтага жыцця — такога складанага і несправядлівага. Але ўсё адно чакаеш вясны, і сонца, і тых непаўторных дзён, калі спяваюць птушкі і здаецца, што лепшае яшчэ магчыма.