Пра будучыню мы больш не думаем: як у Бараўлянах жыве сям’я з Луганшчыны

Нараджэнка Луганскай вобласці Ала Выскваркіна разам з дачкой у верасні мінулага года пераехала ў Беларусь. У канцы сакавіка сям’я перабралася ў Бараўляны пад Мінскам. Некалькі дзён Радыё Свабода правяла разам з імі, каб паглядзець, у якіх умовах жывуць украінскія мігранты ў Беларусі.



eabff031_030c_43f7_a80c_4357471b7c07_w640_r1_s_cx0_cy2_cw0.jpg

Не хацела, каб дачка бачыла вайну

«Так, так, мы з Украіны», — на інтэрв'ю і фотарэпартаж 42-гадовая Ала пагаджаецца на месцы — у офісе Чырвонага крыжа, дзе яна ў той дзень атрымлівала ваўчары на вопратку.

gdb.rferl.org__049063c0_56e7_4_573e6ea317899bab977b58467654806d.jpeg

Яшчэ да красавіка мінулага году, узгадвае Ала, пра вайну ніхто не мог і падумаць. Сёмага красавіка, на Дабравешчанне, пачаліся баявыя дзеянні, а ў траўні ўжо Ірміна пачалі абстрэльваць. 29 траўня, адразу пасля лінейкі ў школе, Ала забрала дачку і адвезла да сваякоў у Белгародскую вобласць у Расіі.

«Гэта мая прыёмная дачка, яна нічога добрага да 6 год не бачыла. Я не магла яе пакінуць у вайне».

gdb.rferl.org__679195e8_3908_4_ec561edf2046a888375afd8ae25a1be2.jpeg

Ала працавала кантралёрам у аддзеле тэхнічнага кантролю на прадпрыемстве па вуглеперапрацоўцы. З вясны мінулага году яна стала часта браць дачку на працу, бо там былі лепшыя бамбасховішчы.

gdb.rferl.org__03f761fc_260a_4_154fac69fb1936bf04e03f3a1b7b6370.jpeg

«Не думалі, што калісьці яны спатрэбяцца. Бамбасховішчы былі закінутыя, і ўвесь горад быў заняты прыбіраннем, праводам камунікацыяў у іх».

Дачка заставалася ў далёкіх сваякоў у Расіі, і ў ліпені Ала паехала, каб перавезці яе да больш блізкіх сваякоў. Пасля думала вярнуцца назад, але гэта ўжо было небяспечна. Да восені яны пажылі ў Расіі, а потым прыехалі ў Стоўбцы, дзе былі далёкія сваякі па бацькавай лініі і сябры дзяцінства.

«Нас у Расіі вельмі шмат было, у двух пакоях — дванаццаць чалавек, і мы там не маглі заставацца».

Пажыўшы тры месяцы ў сяброўкі ў Стоўбцах, Ала з Воляй сталі наймаць пакой за мільён рублёў на месяц. Уладкаваўшыся ў пральню мясцовай бальніцы, Ала атрымлівала заробак 1,5 мільёна. Яшчэ каля 1,5 мільёна дапамогі плацілі за прыёмную дачку.

«Грошы тут зарабляюць прыкладна тыя самыя, што і ва Украіне, — кажа Ала. — Але ў Беларусі ўсё нашмат даражэйшае».

Стоўбцы і Бараўляны — розныя краіны

gdb.rferl.org__3b105191_07b4_4_9fa8451c469e2cc70841d350d4a4cab8.jpeg

У Беларусь яны прыехалі амаль без анічога. Калі ў Волі былі нейкія рэчы, то Ала выязджала літаральна з адным пашпартам. Таму мусілі прыстасоўвацца на хаду.

«Вось у мяне была камізэлька, — паказвае куртку Ала. — А я давязала рукавы і хадзіла ў гэтай куртцы ўсю зіму».

Да таго ж старая вопратка ўжо не падышла б Але па памеры, бо толькі за апошнія чатыры месяцы яна схуднела на 18 кг.

gdb.rferl.org__d1bf439d_2e60_4_59c9fe178a5605131c2d08d57618f7ec.jpeg

«Калі перастаеш есці, перастаеш спаць, у пастаянных думках і на нервах, яшчэ не такое здарыцца з арганізмам».

Калі мы першы раз сустрэліся з Алай, яна толькі тыдзень як пераехала са Стоўбцаў у Бараўляны. У яе было адчуванне, што яна прыехала ў іншую краіну, так адрозніваецца ментальнасць мясцовых людзей.

gdb.rferl.org__fa19b792_e4df_4_be4809cc113868ba42112bade0ab287d.jpeg

«У Стоўбцах было дзіка, там кожны сам па сабе, а тут людзі самі прапануюць дапамогу».

Уладкаваўшыся санітаркай у дзіцячы анкалагічны цэнтр, Ала цяпер чакае месца ў інтэрнаце. Заробак тут удвая вышэйшы, чым у Стоўбцах. Аднак галоўнае, чаго не хапае Але, — гэта дакументаў, каб атрымаць від на жыхарства. Калі на руках няма нічога, акрамя пашпарту, звароты ў любыя дзяржаўныя інстанцыі ўскладняюцца.

gdb.rferl.org__30faf9d9_544b_4_4775d1eea01c0c85b6cd1f2782ad77c8.jpeg

«А каб зрабіць толькі адну даведку, мне трэба заплаціць 55 даляраў ва ўкраінскім консульстве. Маючы беларускае паходжанне, я б за месяц магла аформіць від на жыхарства. Але каб атрымаць усе дакументы з украінскіх архіваў, трэба заплаціць 400 даляраў».

Ала здзіўлена, што ў Беларусі ў яе ёсць ільготы, а ва Украіне няма. Цэлы шэраг дакументаў жыхарам Данецкай і Луганскай абласцей у Беларусі афармляюць бясплатна.

Хто па даведку аб несудзімасці, а хто хоча ажаніцца

Каля консульства Украіны людзей як ніколі шмат. Абсалютная большасць — украінцы з паўднёвага ўсходу. Яны чакаюць дакументаў, якія з Украіны перасылаюцца ў консульства ў Мінск.

gdb.rferl.org__688f4480_e7fc_4_0909ec5bfc3286b10dd81f3d1daa9612.jpeg

«А вы таксама даведку аб несудзімасці чакаеце?» — пытаецца Ала. Гэта самая неабходная даведка для атрымання дазволу на працу, на падставе чаго можна жыць у Беларусі.

«Не, мы хочам ажаніцца», — кажа хлопец. Яшчэ на жнівень 2014 году ў Сяргея Бурлакіна з Луганску было заплянаванае вяселле. Але праз вайну давялося яго перанесці. У снежні разам з нявестай яны пераехалі да далёкіх сваякоў у Мінск, бо на чыгунцы, дзе ён працаваў, сталі плаціць толькі палову заробку.

«Я працую касірам у гандлёвай сетцы „Алмі“. Мая дзяўчына таксама знайшла працу. Сяк-так на пражыць хапае. Вось ужо трэба шукаць пакой, з'язджаць ад ейнага стрыечнага дзядулі. Але гэта складана зрабіць, бо мала хто пагаджаецца заключаць дамову наймання».

У чарзе людзі кансультуюць адзін аднаго, як аформіць від на жыхарства, якія даведкі для чаго патрэбныя. Але ні Сяргей, ні Ала ў консульства ў той дзень не трапляюць. Нягледзячы на вялікі наплыў наведнікаў у апошнія месяцы, яно працуе, як і раней, да абеду.

Калі ёсць вада — не магу не прыбіраць у хаце

Наступным разам Ала сустракае нас ужо дома — пакуль ім не выдзелілі інтэрнат, яны з дачкой жывуць у сябра дзяцінства ў Бараўлянах. Ала працуе на 1,25 стаўкі і вяртаецца дамоў каля шостай гадзіны вечара.

«Чым займаюся пасля працы? Вось прыбіраюся, гатую».

У Беларусі яе здзівіла, што вада з крана цячэ круглыя суткі. Яшчэ да вайны ў іхнім доме ў Ірміне ваду давалі двойчы на дзень: дзве гадзіны раніцай і дзве гадзіны ўвечары.

«Калі я прыязджаю некуды, дзе вада цячэ цэлы дзень, для мяне гэта свята. Па звычцы я тады пачынаю прыбірацца і мыць вопратку».

Яшчэ Ала шмат гатуе. Распавядае рэцэпт сапраўднага баршчу, у якім павінна лыжка стаяць. У Беларусі ж ёй не падабаецца хлеб, таму што «чыстага — без разынак, арэхаў і кмену» — тут амаль не знайсці. А яшчэ ёй нестае хатняга малака.

gdb.rferl.org__ca15f13b_7303_4_fc6d2bd0b9c3e7750ec8cbbe88afc0ae.jpeg

«У нас хоць і горад, але заўжды на рынак вяскоўцы прывозілі свежае малако. Два разы на тыдзень я брала там 3-літровы слоік свежага малака. А ваша малако з крамы не магу піць».

Хачу захаваць горад у памяці мірным

Увесь час у размовах Ала ўзгадвае родны горад. Там, кажа, у адрозненне ад Беларусі, вельмі шмат разарыяў.

«Там увесну так прыгожа... Было прыгожа», — увесь час яна выпраўляе дзеясловы на мінулы час. — «Шчыра кажучы, я, напэўна, ужо туды не вярнуся. У маёй памяці гэта мірны, прыгожы горад, дзе паўсюль растуць ружы. Я хачу, каб ён такім і застаўся для мяне».

gdb.rferl.org__a3e77385_df31_4_07162b5ee2d29f4e27e58f67bd0c76f9.jpeg

Там, у Ірміне, у Алы засталіся маці і сяброўкі. Сувязь з імі нетрывалая, бо часта няма электрычнасці. Ці засталася цэлай яе кватэра, яна не ведае.

«Калі пытаюся, мае сяброўкі ўвесь час увільваюць ад гэтага пытання. І я думаю, што няма там нічога».

На сваю кватэру яна збірала грошы палову жыцця, працуючы ў трох месцах. Потым яшчэ доўгі час абстаўляла. Гадуючы сына і прыёмную дачку без мужа, патраціла на гэта шмат высілкаў.

«Амаль усё жыццё сышло на тыя кватэры. А зараз, калі яе няма, трэба яшчэ адно жыццё?»

У той кватэры засталіся і ўсе ўспаміны. Адзіныя фатаграфіі з даваеннага жыцця ў яе — толькі ў тэлефоне і ў профілі сацсеткі odnoklassniki.ru.

«Не, пра будучыню больш не думаем. Раней — так, заўжды будавалі планы, марылі пра нешта. А цяпер такога няма. Дзень пражылі — і гэта ўжо добра».

gdb.rferl.org__5d840f59_ef0a_4_95d8e8631c613f4c8524f30fb67968b6.jpeg

Ні ўва што ўжо не веру

Дамоў да Алы прыехалі 7 красавіка — на Дабравешчанне. Менавіта ў гэты дзень пачаліся актыўныя ваенныя дзеянні на ўсходзе Украіны. Але ў царкву, кажа Ала, ісці не хочацца.

«З нядаўняга часу мы перасталі ўва ўсё верыць. Калі вось такое перажываеш, ты перастаеш верыць у нешта найвышэйшае».

gdb.rferl.org__5abecb61_72fd_4_e2a5f8162b9d0ddab93ebdf946633640.jpeg

Нават на звычайныя святы з мінулага лета не было ні часу, ні настрою. Ні Каляды, ні Новы год, ні дні народзінаў — было не да весялосці.

«Вось на 8 сакавіка дачка падарыла кветкі. Мы яшчэ ў Стоўбцах былі, я прыходжу дамоў — а там чырвоныя тульпаны. Гэта першы раз пасля выезду было. Я нават заплакала ад радасці».

gdb.rferl.org__eb719641_e189_4_f93c4cdd0d64f821af67a3400e4b0de3.jpeg

Воля ўзгадвае, як у Стоўбцах яна разам з аднакласнікамі хадзіла калядаваць. Маці яе папраўляе: «Шчадраваць вы ж хадзілі? Гэта ж было пасля Калядаў?» «Не, — адказвае Воля. — Тут мне казалі, што мы калядуем».

У рускамоўных Алы і Волі праблем з разуменнем у Беларусі няма. А ўкраінская мова дапамагла Волі хутчэй вывучыць беларускую. Але пры гэтым шмат ёсць словаў, якіх Ала не разумее, а некаторыя яе словы незразумелыя беларусам.

«Вось у вас кажуць — шуфлядка. Гэта ж проста скрыня. А майго „тремпель“ таксама ніхто не разумее. А ў нас так называюць плечкі».

Паўсюль чужыя

Жывучы ў Беларусі з верасня, Ала кажа, што паўсюль вылучае з натоўпу ўкраінцаў. Яны хоць і прыехалі з вайны, але чамусьці больш пазітыўна настроеныя, чым беларусы.

gdb.rferl.org__bae255fd_466b_4_253470c78f65b0b2d90a6b9cff98c8ac.jpeg

«Мы — іншыя. Чамусьці беларусы ўсе больш самі па сабе. А мы весялейшыя за вас. Калі ў краме ідзем з нашымі, дык жартуем, шумім, і вашы людзі на нас заўжды азіраюцца».

Пра сябе ды пра іншых землякоў, што ратуюцца ў Беларусі ад вайны, Ала кажа — нашы, «данбасяне». Яе маці — руская, бацька — беларус, нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ва Украіне. Але ў сённяшніх умовах яна ўжо сама не ведае, да каго сябе аднесці.

«Ва Украіне цяпер вельмі складана, наш горад вымірае. У Расіі, дзе ў мяне жывуць сваякі, ужо нас столькі, што няма на ўсіх месца. Не пачувалі мы сябе добра і ў Стоўбцах. Вось тут, у Бараўлянах, — першае месца, дзе нам утульна».

Што яшчэ не дае Але расчароўвацца — клопат пра дачку. Летась яна пахавала сына, які загінуў у аўтакатастрофе. Кажа, што вось гэта адзінае, што цяжка перажыць — пахаваць дзяцей. А ўсё астатнія матэрыяльныя і бытавыя цяжкасці — з імі можна справіцца.

«Праца ёсць, хутка дах над галавой будзе, не галадаем — на што нам наракаць? Так, сустракаюцца дрэнныя людзі, але вы пра іх не пішыце. Таму што, я лічу, большасць людзей паўсюль — яны ўсё-ткі добрыя».

www.svaboda.org