Пракуратура распачала крымінальную справу з-за экалагічнага забруджвання
Пракуратура Магілёўскага раёна высветліла, што ў рэкі Дзягцярка і Вільчанку рэгулярна скідаліся сцёкавыя вады, у якіх узровень шкодных рэчываў у шмат разоў перавышаў дапушчальныя нормы.
Галоўнымі фігурантамі крымінальнай справы з'яўляюцца чыноўнікі МКУП «Жылкамгас». Па версіі пракуратуры, камунальнікі ўзялі на сябе абавязак па ачыстцы водных адходаў з прадпрыемстваў «Кронаспан», «ВМГ Індустры», «Мебелайн». Камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Магілёўскага аблвыканкама ў свой час выдаў МУКП «Жылкамгас» дазвол на спецыяльнае водакарыстанне, у якім прадугледзеў нарматывы дапушчальных скідаў хімічных і іншых рэчываў у складзе сцёкавых вод, уключаючы фармальдэгід.
Пракурорская праверка паказала, што воды, якія нібыта ачышчаў «Жылкамгас», прычынялі шкоду экалогіі, паколькі канцэнтрацыя забруджвальных рэчываў неаднаразова перавышала ўстаноўленыя велічыні. Больш за тое, ачышчальнае абсталяванне «Жылкамгаса» зусім не дазваляла выдаляць з вадкасці фармальдэгід.
Трэба сказаць, што рэкі Вільчанка і Дзягцярка, у якую скідалі сцёкавыя вады прадпрыемствы, вядзе да Вільчанскага вадасховішча. Улетку тут купаецца мноства дзяцей і дарослых. Праўда, служба санітарнага нагляду ў гэтым годзе забараніла адпачынак на вадаёме, паколькі ўстанавіла неадпаведнасць вады гігіенічным нарматывам.
Як паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці, «Жылкамгас» груба парушыў прыродаахоўнае заканадаўства — сістэматычна дапускаў скід сцёкавых вод з перавышэннем канцэнтрацый шкодных рэчываў у камунальную дажджавую каналізацыю, адкуль яны далей патрапілі ў рэкі Дзягцярку і Вільчанку без нармаванай ачысткі, а таксама не мадэрнізаваў гідратэхнічныя збудаванні.
Па факце парушэння распачата крымінальная справа ў дачыненні да службовых асоб МУКП «Жылкамгас», ЗТАА «ВМГ Індустрыі», ЗТАА «Кронаспан осб» і ЗТАА «Мебелайн» па ч.2 ст.272 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Для арганізацыі папярэдняга расследавання накіравала справу ў Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Дзеяннямі прадпрыемства нанесены ўрон навакольнаму асяроддзю ў асабліва буйным памеры (1148 базавых велічынь) на агульную суму 28.142 рубля.
Аналагічны выпадак быў у 2015 годзе, калі ў выніку аварыйнага скідку сцёкавых водаў у сажалку на р.Дзягцярка ЗТАА «Кронаспан» хімічныя рэчывы патрапілі ў паверхневыя воды, што таксама пацягнула прычыненне шкоды навакольнага асяроддзю ў буйным памеры.