Выдрыца: дом многіх рэдкіх жывёл і раслін пад пагрозай

У рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Выдрыца», які знаходзіцца на поўнач ад Светлагорска, Жлобінскі лясгас збіраецца будаваць дарогу, падобную той, якую правялі на Альманскія балоты.

dscn8633abramchuk800.jpg


Лесавозныя дарогі зноў пагражаюць бяздумна знішчыць унікальную прыродную тэрыторыю.
Выдрыца — унікальная тэрыторыя. Тут нізінны забалочаны ліставы лес плаўна пераходзіць у найпрыгажэйшыя чорнаальшанікі. На ўзвышшах — багацце найбуйнейшых клёнаў, дубоў і ліп. Гэта захаваўся фрагмент малапарушанага лесабалотнага комплексу ў пойме ракі Бярэзіна.
Мясціны вакол ўжо дастаткова моцна трансфармаваны, ды і самому заказніку дасталося — яго ўжо парэзалі дарогамі. Але ў паўночнай часткі захаваўся досыць буйны суцэльны фрагмент.
Менавіта тут жывуць вялікія падворлікі, якім пагражае глабальнае знікненне. І менавіта там хочуць пабудаваць дарогу.
Цяпер вялікія падворлікі з Беларусі зімуюць на Балканскім паўвостраве і ў Афрыцы і не здагадваюцца, што леснікі з будаўнікамі на Радзіме ў Беларусі рыхтуюць ім сюрпрыз. Іх дом тут можа быць знішчаны. Групоўка вялікага падворліка налічвае ў Беларусі ўсяго 120-150 пар акурат у сувязі з абмежаванай колькасцю забалочаных месцаў, прыдатных для гнездавання гэтага адчувальнага да турботы выгляду.

vydryca1.jpg

Выдрыца з'яўляецца не толькі рэспубліканскім заказнікам і адным з ядраў экалагічнай сеткі Рэспублікі Беларусь нацыянальнага ўзроўню. Яна мае і міжнародныя прыродаахоўныя статусы. Гэта Рамсарская тэрыторыя і Тэрыторыя, важная для птушак, якая мае міжнароднае значэнне.
Паўночны ўчастак Выдрыцы, праз які плануюць правесці дарогу, захаваў сваю першародную дзікую структуру, як відаць на спадарожнікавым здымку.
Яшчэ ў ліпені 2018 года прыкмет будаўніцтва дарогі на Выдрыцы не было.
28 кастрычніка 2018 года валанцёры Аховы птушак Бацькаўшчыны Андрэй Шэўчык і Аляксандр Зяцікаў пабывалі на месцы меркаванага будаўніцтва дарогі. Яны выявілі, што на ўсім працягу планаванай дарогі ўжо праведзена разметка для пачатку будаўніцтва.
Андрэй Шэўчык, валанцёр АПБ адзначае, што мяркуючы па месцы размяшчэння планаванай дарогі, яна пройдзе ўшчыльную да месца гнездавання паўночнай пары вялікіх падворлікаў, што не пакіне птушкам ніякіх шанцаў застацца ў гэтым раёне. «Без усялякіх сумневаў можна сказаць, што яе будаўніцтва трэба выключна для правядзення высечак спелых і пераспелых лісцяных лясоў заказніка. Гэта не зможа не паўплываць на існуючую там экасістэму. Знікне вельмі шмат дупляных дрэў, акрамя асноўнай дарогі з'явіцца сетка тэхналагічных праездаў для лесанарыхтоўчай тэхнікі, пра якую-небудзь цішыню ў радыусе некалькіх кіламетраў можна будзе забыцца назаўжды. Такім чынам будзе запушчана ланцуговая рэакцыя, якая прывядзе да кардынальнага змянення або, іншымі словамі, знішчэння гэтага унікальнага месца».
Ландшафт і гідрарэжым будуць парушаныя, а гэта негатыўна паўплывае на рэдкія і звычайныя віды фауны і флоры гэтых месцаў. Многія не змогуць прыстасавацца да зменаў.
Галоўны ляснічы Жлобінскага лясгаса Павел Міхайлавіч Цікаловіч тлумачыць, што дарогу хочуць пабудаваць для доступу да лесу (па рэчышчах ручаёў шмат алешыны, на балотных выспах — хвоя), а таксама для аховы лесу ад пажараў — каб да месцаў лакацыі пажараў магла праехаць тэхніка.
Аднак, як адзначае старшыня Лясной рабочай групы АПБ Андрэй Абрамчук, большая частка тэрыторыі ўчастка, дзе збіраюцца будаваць дарогу, адносіцца да 4-5 класаў пажаранебяспекі, гэта значыць — там такія лясы, якія практычна не гараць. З іншага боку, чым больш даступнымі для людзей робяцца дзікія месцы, тым больш верагодныя там пажары. Па дадзеных Мінлясгаса, у 9 з 10 выпадкаў вінаватым ва ўзгаранні з'яўляецца чалавек.
Праект абыйдзецца ў немалую суму, бо сыпаць дарогу прыйдзецца па балоце, якое паглынае велізарную колькасць пяску. Выдаткі ледзь акупяцца той драўнінай, якая будзе тут здабывацца.
У выніку дарога будзе не толькі бескарысная, але і небяспечная.
Неабходны этап пры падрыхтоўцы праектаў на прыродаахоўных тэрыторыях — правядзенне ацэнкі аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе (АУНА). Справаздача аб АУНА па дарозе ў заказніку «Выдрыца» была падрыхтавана, але Гомельскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя яе не зацвердзіў. Цяпер справаздачу дапрацоўваецца.
Мясцовыя жыхары ведаюць пра тое, што па балоце плануюць правесці дарогу, але кажуць, што ім самім яна не патрэбна. Яны наведваюць лес толькі да мяжы з забалочанымі ўчасткамі, так як далей пачынаюцца цяжкапраходныя месцы без грыбных і ягадных угоддзяў. 
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ, лічыць: «Сучасная дрэваапрацоўчая прамысловасць ужо не мае патрэбы ў буйных ствалах, як раней. З тонкіх стволікаў склейваюцца зараз панэлі любой велічыні. Для біяразнастайнасці, для захавання арлоў узрост лесу мае безумоўнае значэнне. АПБ зараз імкнецца наладзіць узаемадзеянне з Міністэрствам лясной гаспадаркі па абмеркаванні планаў будаўніцтва лесагаспадарчых дарог, каб прадухіляць такія сітуацыі загадзя, калі яшчэ няма праектаў і на іх не затрачаны народныя грошы». Ёсць надзея, што Выдрыца застанецца некранутай.
Як паведаміў Сямён Левы, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытанням, «участкі лесу, якія плануюць высечы, з'яўляюцца месцам гнездавання не толькі вялікага падворліка, але і дзясяткаў пар іншых «чырвонакніжных» відаў птушак. Для вераб'інага сыча, валасянка-белашэйкі і беласьпіннага дзятла падрыхтаваны пашпарты месцаў пражывання і праекты ахоўных абавязацельстваў і перададзеныя ў Жлобінскую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Калі дакументы прымуць, лясгас абавязаны будзе ахоўваць гэтыя унікальныя месцы, а не знішчаць».
Паводле ptushki.org