«Ахова птушак Бацькаўшчыны» выпусціла мабільны вызначальнік птушак Беларусі

Вызначыць птушку, якая сустрэлася вам у прыродзе, цяпер будзе лягчэй. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» выпусціла першы мабільны вызначальнік птушак Беларусі.

Фота Каці Зябко

Фота Каці Зябко

Калі вы ўбачылі і добра запомнілі птушку або ў вас атрымалася яе сфатаграфаваць – адкрывайце мабільны вызначальнік і абірайце з прапанаваных відавочныя параметры: месца і сезон назірання, адносныя памеры птушкі, колеры апярэння і ног, форму, памеры і колер дзюбы. Праграма адфільтруе віды, якія адпавядаюць гэтым характарыстыкам, і з некалькіх здымкаў вы зможаце выбраць птушку, якую назіралі.
Аплікацыя называецца “Ptushki – Определитель птиц Беларуси”.
У спісе птушак 325 відаў, якіх можна сустрэць ў нашай краіне. Спіс можна сартаваць па алфавіце (беларускім, рускім або лацінскім), а таксама па групах (атрадах): вераб’іныя асобна, гусі і качкі асобна і г.д.
Для кожнага віду даецца апісанне, розныя фота, запіс голасу, адзначаюцца асаблівасці: напрыклад, як адрозніць самца, самку і маладую птушку.

screenshot_2018_11_23_10_03_08_520_com.apbbirdsguide.app.jpg


Карына Салавей, кіраўнік аддзела развіцця АПБ, адзначае: “Распрацоўка мабільнага дадатку — важная падзея для свету бёрдвочынгу ў Беларусі. Гэта першая версія, яшчэ зусім птушаня, і дзякуючы каментарам, прапановам і заўвагам карыстальнікаў мы плануем яго палепшыць і зрабіць максімальна зручным. Бёрдвочынг — выдатнае хобі для душы і цела — не паспееш азірнуцца, як прайшоў больш за 6 кіламетраў! Спадзяемся, цяпер назіраць за птушкамі будзе крыху прасцей — мабільны вызначальнік дапаможа, калі побач няма дасведчанага бёрдвочара або кнігі-вызначальніка".

screenshot_2018_11_23_10_04_30_213_com.apbbirdsguide.app.png


Гэты мабільны дадатак унікальны для Беларусі, аналагаў яму няма. Стварыць яго дапамагла кампанія EPAM. Адметна, што каардынаваў распрацоўку вызначальніка выпускнік Акадэміі бёрдвочынгу пры АПБ.
Дзяніс Каргін, распрацоўшчык мабільнага дадатку, Senior Experience Designer EPAM: “Я не быў да гэтага бёрдвочарам, але падчас распрацоўкі скончыў Школу бёрдворчара-пачаткоўца і Акадэмію бёрдвочынгу, што мне значна дапамагло: я зразумеў больш, як гэта ўсё працуе, што патрэбна людзям падчас пошуку птушак, як робяцца назіранні за птушкамі. Падчас распрацоўкі аплікацыі я адкрыў для сябе самую цікавую, яркую птушку — мандарынку, здымак якой выкарыстоўваўся для прататыпаў. Самае цікавае ў вызначальніку для мяне — гэта гукі, бо з іх дапамогай можна прывабліваць птушак. Калі ў нас нарэшце атрымалася прывязаць гукі да аплікацыі, самым займальным было паслухаць птушак, і цяпер я чакаю наступнай вясны, каб паспрабаваць зрабіць гэта ўжывую".

screenshot_2018_11_23_10_03_27_324_com.apbbirdsguide.app.png


Вызначальнік птушак можна бясплатна спампаваць у Play Market. Гэта адзін з першых рэлізаў мабільнага дадатку, таму цяпер асабліва важныя каментары і парады карыстальнікаў.
Мабільны вызначальнік птушак Беларусі – частка ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.