Незаконныя кар’еры на Альманскіх балотах: распачатая крымінальная справа

Па факце незаконнай распрацоўкі кар'ераў у рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Альманскія балоты» распачатая крымінальная справа. Выявіць парушэнні змагла Лясная рабочая група «Аховы птушак Бацькаўшчыны».

Адзін з незаконных кар’ераў на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты». Фота Андрэя Абрамчука.

Адзін з незаконных кар’ераў на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты». Фота Андрэя Абрамчука.

Сабраны экспертамі матэрыял па незаконных кар'ерах на Альманскіх балотах быў накіраваны для праверкі ў Мінпрыроды, Камітэт дзяржаўнага кантролю і Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету.
Несанкцыянаваная распрацоўка кар'ераў была заўважаная падчас маніторынгу месцаў пражывання ахоўных відаў жывёл, а спадарожнікавыя здымкі дапамаглі дадаткова выявіць некаторыя кар'еры і лакалізаваць дакладныя месцы размяшчэння ўсіх участкаў, якіх аказалася каля дзесяці. Для трох з іх упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі ўжо пацверджаныя факты незаконнай дзейнасці.
Як паведаміў у лісце Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у лістападзе 2018 года абследаваць месца распрацоўкі кар'ераў выехалі тры інспекцыі: Столінская гарадская і раённая інспекцыя Мінпрыроды, а таксама Брэсцкая абласная і Столінская міжраённая інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. У Брэсцкім абласным камітэце Мінпрыроды ўдакладнілі, што крымінальную справу па незаконнай распрацоўцы трох кар’ераў распачалі яшчэ ў 2017 годзе – факты парушэння дзяржаўныя органы выявілі падчас планавай праверкі ў лістападзе мінулага года.
Актывісты АПБ знайшлі, што на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты» незаконна вядзецца здабыча пяску (альбо застаюцца нерэкультываванымі) яшчэ ў 5 кар'ерах. Яшчэ 5 кар’ераў распрацоўваюцца з парушэннем заканадаўства. Абласны камітэт Мінпрыроды паведаміў, што гэта інфармацыя падцвердзілася часткова.
У апошнія 2-3 гады на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты» пры будаўніцтве памежнай і іншай дарожнай інфраструктуры незаконна або з парушэннем заканадаўства распрацоўвалася каля 10 кар'ераў з агульнай плошчай каля 20 га.
У шэрагу выпадкаў распрацоўка кар'ераў прывяла да поўнага знішчэння пясчаных выдмаў/дзюнаў (то бок да змены натуральнага ландшафту) з рэдкімі біятопамі. 
Па пацверджаных фактах несанкцыянаванай распрацоўкі трох кар'ераў у Палескім лясгасе на тэрыторыі заказніка «Альманскія балоты» Следчы камітэт Столінскага раёна распачаў крымінальную справу і цяпер вядзе расследаванне.
Працягваецца праверка астатніх фактаў прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю ў выніку несанкцыянаванай здабычы агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў і несанкцыянаванага правядзення земляных работ на тэрыторыі «Альманскіх балотаў».
Камітэт дзяржаўнага кантролю таксама сочыць за гэтым пытаннем.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
«Грамадскія эколагі — рух, які падтрымлівае Мінпрыроды. Падрыхтаваныя энтузіясты могуць істотна дапамагаць дзяржаўным прыродаахоўным органам у выяўленні парушэнняў на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. Валанцёры АПБ — захавальнікі тэрыторый, важных для птушак, — не раз абіраліся найлепшымі грамадскімі эколагамі ў краіне.
Вельмі важна захаваць Альманскія балоты ў максімальна некранутым выглядзе, таму да гаспадарчай дзейнасці ў заказніку заўсёды будзе прыкутая пільная ўвага!»
Альманскія балоты разам з часткай украінскага Ровенскага запаведніка — гэта найбуйнейшае ў Еўропе лесабалотнае трансгранічнае Рамсарскае ўгоддзе, плошча якога складае больш за 100 000 га. Акрамя таго, Альманскія балоты маюць статус тэрыторыі еўрапейскай «Ізумруднай сеткі» і Тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП).
Паводле прэс-рэлізу