Пракурор запытаў тэрмін для Знака і Калеснікавай. Але які — невядома
Ёсць верагоднасць, што на гэтым тыдні Мінскі абласны суд можа вынесці прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Судовыя пасяджэнні праходзяць у паскораным тэмпе.
Даведацца падрабязнасці працэсу амаль немагчыма. Адвакаты і фігуранты справы знаходзяцца пад падпіскай, за разгалашэнне даных пагражае крымінальная адказнасць.
Ад грамадскасці схаваныя імёны следчых, дэталі абвінавачвання, сабраныя следствам доказы віны Калеснікавай і Знака. Адвакаты не могуць расказаць, на чым будуецца лінія абароны. Беларусы не змогуць пачуць апошняе слова Марыі і Максіма.
Усё, што мы ведаем пра сутнасць абвінавачвання — гэта інфармацыя з прэс-рэлізу Генпракуратуры. Толькі вось зразумець з гэтага прэс-рэлізу практычна нічога немагчыма. Калі справу супраць Віктара Бабарыкі дзяржаўныя СМІ актыўна асвятлялі яшчэ да пачатку суда, то пра Марыю Калеснікаву і Максіма Знака маўчаць.
Прэс-служба штаба Віктара Бабарыкі паспрабавала высветліць хоць якую інфармацыю ў адваката Марыі Калеснікавай Уладзіміра Пыльчанкі.
— У чым жа, па версіі следства, заключаўся план "тайнай злачыннай змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам"?
— Патлумачыць гэта будзе даволі праблематычна, паколькі нават па выніках судовага следства, абвясціўшы ўсе сабраныя па крымінальнай справе матэрыялы, абароне так і не стаў зразумелы ў дастатковай меры ні план, ні механізм захопу ўлады, пра які гаворыцца ў абвінавачанні. Гэта, дарэчы, адна з прычын, у сувязі з якой абаронай абскарджвала прад'яўленае абвінавачанне, бо той канкрэтыкі, якая вызначаная Крымінальна-працэсуальным кодэксам, пастанова аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага не ўтрымлівала.
— І як у такіх умовах вы ажыццяўляеце абарону?
— Глядзіце, абвінавачанне павінна знаходзіць сваё пацверджанне матэрыяламі справы. Калі довады абвінавачвання не падмацаваныя дапушчальнымі, дакладнымі і дастатковымі ў сваёй сукупнасці доказамі, гэта дазваляе сцвярджаць як мінімум аб недаказанасці дзеі, калі не аб адсутнасці яе наогул.
— Чаму працэс зрабілі закрытым, калі само абвінавачванне закранае, зыходзячы з фармулёвак, публічную дзейнасць?
— Трэба разумець, што разгляд крымінальных спраў у судах адкрыты ў прынцыпе. І незалежна ад таго, публічную дзейнасць ажыццяўляў абвінавачаны або не. Бываюць выключэнні, выкліканыя аб'ектыўнымі і зразумелымі прычынамі, і яны прадугледжаны КПК. У нашым выпадку суд палічыў, што матэрыялы справы ўтрымліваюць звесткі аб арганізацыі, тактыцы і метадах ажыццяўлення аператыўна-вышуковай дзейнасці, у сувязі з чым разгляд справы павінна прайсці ў закрытым судовым разглядзе. Асабіста я так і не ўбачыў законных падстаў для разгляду справы ў закрытым фармаце, як і тых звестак, у сувязі з якімі прынятае такое рашэнне.
— Раскажыце, а колькі ўсяго тамоў у крымінальнай справе? На якой стадыі цяпер судовы працэс?
— Справа досыць аб'ёмная. У ёй 41 том. У сярэднім у адным томе змяшчаецца каля 250-280 лістоў. На дадзены момант усе тамы агалошаны — і мы знаходзімся ў стадыі судовых спрэчак. У панядзелак 30 жніўня, а гэта будзе 17 дзень судовага паседжання, спрэчкі працягнуцца, і можна прагназаваць, што ў гэты дзень усе ўдзельнікі выступяць, у тым ліку Марыя і Максім скажуць апошняе слова.
Паводле Уладзіміра Пыльчанкі, з улікам аб'ёму справы і працягласці судовых спрэчак абвяшчэнне прысуду можна чакаць праз некалькі дзён.
Ён таксама распавёў, што Марыя і Максім вельмі актыўна ўключыліся ў працэс і давалі тлумачэнні амаль па кожнай крымінальнай справе: "Настрой у іх баявы, запал ёсць. Шкада, што грамадскасць не мае магчымасць за гэтым назіраць".