Праваабаронцы патрабуюць распачаць крымінальныя справы па фактах прымянення гвалту і спецсродкаў 8 лістапада
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі ў асобе беларускіх праваабарончых арганізацый падаў заяву ва Упраўленне Следчага камітэта горада Мінска з патрабаваннем узбудзіць крымінальныя справы па фактах прымянення гвалту і спецсродкаў 8 лістапада на акцыі «Марш народаўладдзя».
Са спасылкай на СМІ і іх тэлеграм-каналы праваабаронцы адзначаюць, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў відавочна выйшлі за межы прадастаўленых ім правоў і паўнамоцтваў.
У заяве прыводзіцца 13 фактаў гвалту і выкарыстання спецсродкаў у парушэнне заканадаўства.
Юрысты вельмі абураныя тым, што ва ўнутраным дворыку Савецкага РУУС людзі стаялі па 8-9 гадзін тварам да сцяны і з паднятымі рукамі. Яны лічаць, што такія дзеянні з'яўляюцца не толькі бесчалавечнымі, але і падвяргаюць здароўе людзей рызыцы, бо працяглае знаходжанне на вуліцы ў такое надвор'е без руху, акрамя ўсяго іншага, правакуе рызыку захворвання ВРВІ. А знаходжанне такой вялікай колькасці людзей блізка адзін да аднаго падвяргае рызыцы перадаць або заразіцца COVID-19.
Праваабаронцы патрабуюць распачаць крымінальную справу па факце перавышэння службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі органаў унутраных спраў (ч.3 арт.426 КК).
Заяву падпісалі РГА «Прававая ініцыятыва», «Беларускі дакументацыйнага цэнтр», Праваабарончая арганізацыя «Human Constanta», ПСОО «Звяно», «Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын», Праваабарончы цэнтр «Прававая дапамога насельніцтву».
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі заклікае сведак і пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў звяртацца для дакументавання і далейшага аналізу таго, што адбываецца падчас пратэстаў.