«Вашыя дзеці адправяцца ў прытулак». Спявачка Кацярына Ваданосава атрымлівае пагрозы з РУУСа
Сёння спявачцы, былой вядоўцы праграмы «Жывая культура» на «Беларусь 3» Кацярыне Ваданосавай патэлефанавалі і запрасілі на гутарку ў РУУС. Калі тая адмовілася, пачалі пагражаць.
![Кацярына Ваданосава. Фота з асабістага архіва Кацярына Ваданосава. Фота з асабістага архіва](/img/v1/images/78152310_430748364504915_4041877783918411776_n_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кацярына Ваданосава. Фота з асабістага архіва
Да гэтага Кацярына Ваданосава атрымала па пошце копію пратакола за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 27 верасня.
— А ў сённяшнім званку прагучала, што яны мяне сфатаграфавалі на Кальварыйскай 4 кастрычніка. То-бок, у мяне будзе два суды. Але калі я сказала, каб дасылалі позву, мне адказалі, што «мы маем права вас выклікаць у любы момант для размовы». Я кажу: ну давайце, я прыйду са сваімі дзецьмі — мне няма куды іх падзець. На што мне сказалі «вашыя дзеці адправяцца ў прытулак».
Па словах Кацярыны, той, хто тэлефанаваў, не прадставіўся і нават не ўдакладніў, з якога РУУСа тэлефануе. Калі спявачка папрасіла яго назваць сябе, ён нешта прагугнеў і кінуў слухаўку. Ператэлефанаваць яна не змагла, таму што нумар суразмоўцы быў схаваны.
Кацярына Ваданосава не мае намеру ісці ў РУУСы без адпаведных дакументаў, але той, хто званіў, сказаў, што, калі яна настолькі занятая, яны могуць прыехаць да яе пад пад'езд.
— Крыўдна! Я думала — будзе за канцэрты, за творчасць, а тут — за нейкі марш! — жартуе спявачка. — Як сказаў Павел Аракелян у нашай размове: «Давядзецца пасядзець усім» (музыка Павел Аракелян быў затрыманы 7 кастрычніка падчас дваравога канцэрту і сёння атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. — НЧ).
Нядаўна сям'і Кацярыны Ваданосавай спрабавалі пагражаць сацыяльна небяспечным становішчам, але працягу гэтая гісторыя не атрымала. Ды й яго і не можа быць: у сям'і не маюць шкодных звычак, ёсць усё неабходнае, старэйшая дачка спявачкі вучыцца на «выдатна» і пастаянна перамагае ў школьных алімпіядах і конкурсах.
Таму пагрозы ніяк не паўплывалі на перакананні Кацярыны.