Максім Знак застанецца пад вартай да 9 студзеня
Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады юрыст Максім Знак застанецца пад вартай яшчэ два месяцы, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

«Нам стала вядома, што яшчэ перад выходнымі Следчы камітэт і Генеральная пракуратура вырашылі падоўжыць тэрмін утрымання Максіма Знака пад вартай яшчэ на 2 месяцы, гэта значыць да 9 студзеня.
Таму Максім застаецца ў СІЗА. Працяг утрымання Максіма Знака пад вартай мы лічым незаконным і неабгрунтаваным, зараз мы рыхтуем скаргу ў суд, сёння ж яе пададзім», — распавёў адвакат Дзмітрый Лаеўскі.
Максім Знак быў затрыманы і змешчаны пад варту 9 верасня. Яму прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса. У знак нязгоды з абвінавачваннямі адвакат трымаў галадоўку, ад якой мусіў адмовіцца праз пагаршэнне стану здароўя.
Праваабаронцы прызналі Максіма Знака палітзняволеным.