Правіла 5 еўра. Як можна маштабаваць салідарнасць з палітвязнямі

Анлайн-марафон «Нам не ўсё адно» скончыўся, але збор сродкаў на дапамогу палітвязням і іх сем’ям працягваецца. Няма сумневаў у тым, што да канца дня будзе сабрана больш за 500 тысяч еўра. Як зрабіць так, каб такія грошы закладнікі рэжыму Лукашэнкі атрымлівалі штомесяц? Ёсць ідэя, і яна на паверхні.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Папулярная тэза падчас марафона ў суботу — ён нібыта вярнуў у 2020 год. У той вір падзей, у цэнтры якіх былі, вядома, выбары, і ў тыя неймаверныя салідарнасць, узаемадапамогу, чуласць і эмпатыю, што адкрылі ў сабе беларусы.

Уласна, гуртавацца насуперак бяздушнай дзяржаве людзі пачалі крыху раней — падчас каронавіруснай пандэміі. Аднак менавіта тры гады таму гэты грамадскі інстынкт праявіўся напоўніцу. Зборы грошай на патрэбы рэпрэсаваных, дваравыя імпрэзы, адкрытыя пад’езды для пратэстоўцаў. Самаарганізацыя ў бясконцых чатах і суполках, агромністыя чэргі ў кавярні, якія лукашысты пастанавілі ліквідаваць, безліч іншых актыўнасцяў… І, канечне, сам пратэсны рух, які ахапіў гарады і сотні тысяч чалавек.

Тады сапраўды здавалася: што б з кім ні здарылася — ён не застанецца сам на сам са сваёй праблемай. Людзі арганізуюцца і дапамогуць. Матэрыяльна, маральна, фізічна — як заўгодна. Бо беларус беларусу беларус.

З гэтай салідарнасцю рэжым змагаўся зацята і бязлітасна — і працягвае змагацца дагэтуль. Рэпрэсіямі, гвалтам, прапагандай. Абвяшчаючы дапамогу «экстрэмізмам». Забараняючы любую некантраляваную дзейнасць. Выціскаючы за мяжу самых актыўных.

І вось праз тры гады пасля выбараў і менавіта за мяжой (у асноўным) салідарнасць зноў сябе паказала. Паўмільёна еўра за два дні на патрэбы палітвязняў і іх сем’яў — гэта вельмі моцна. Гэта, бадай, галоўнае, што адбылося з беларусамі за апошні час. І што бадзёрыць, радуе і натхняе. Дае надзею, што нічога не згасла і старонка не перагорнутая.

Але ўзнікае пытанне: калі беларусы па-ранейшаму здольныя мабілізавацца дзеля светлай ідэі, ці можна зрабіць гэта не асобным кейсам, а працяглым, устойлівым працэсам? Бо палітычных зняволеных у краіне занадта шмат, каб аднаразовая дапамога ім нешта глабальна вырашала. Бо тэрміны ў турмах многія атрымалі цалкам сталінскія, і грошай ад сваякоў гэта вымагае таксама шмат.

То ці можна дапамагаць пастаянна? І як? Насамрэч можна, і пры ўдалай арганізацыі гэта зусім не напружыць ахвотных ахвяраваць палітвязням і надалей.

Арганізатары марафона «Нам не ўсё адно» неўзабаве давядуць статыстыку па зборы гэтых 500 тысяч еўра. Колькі людзей удзельнічала, «сярэдні чэк», з якіх краінаў дасылаліся грошы і г. д. Але і так відавочна, што ў акцыі прынялі ўдзел тысячы. Самы абазнаныя — хто ведаў, што, дзе і як. Самыя дзейныя — хто гатовы быў патраціць не толькі сродкі, але і час на неабходныя маніпуляцыі ў сеціве. Самыя пасіянарныя — хто не адрываецца ад беларускага парадку дня і працягвае сваё змаганне за новую Беларусь. Здаецца, менавіта гэтая катэгорыя ахвяравала сумы ў выглядзе рэпрэсіўных артыкулаў (23.34, 342 і г. д.).

Дык вось: каб наладзіць сталую дапамогу палітвязням, варта адначасова павялічыць колькасць удзельнікаў фандрайзінгу і мінімізаваць час і высілкі для пералічэння грошай.

Умоўна, гэта можна назваць правілам 5 еўра — мінімальны памер унёска ў добрую справу. 100 тысяч беларусаў па 5 еўра штомесяц — вось і тыя самыя 500 тысяч палітвязням. Ці, напрыклад, 50 тысяч — 250 тысяч, што таксама нямала. Арыфметыка тут простая.

Простым мусіць быць і тэхнічны алгарытм ахвяравання. У ідэале — сервісы такія ёсць — тыя самыя 5 еўра павінны спісвацца з карткі ўладальніка аўтаматычна. Па факце атрымання карыстальнікам адпаведнага СМС-паведамлення. Павінен быць, вядома, і кантроль са справаздачамі — максімальна празрысты і аптымальна бяспечны для ўсіх удзельнікаў гэтага ланцуга салідарнасці. І прыстойныя людзі на мадэрацыі — пажадана, не ўключаныя ў палітычныя працэсы і роўнааддаленыя ад цэнтраў дэмакратычных сіл.

Залішне казаць, што з Беларусі пасля падзей 2020-га з’ехалі сотні тысяч чалавек. І шмат хто з іх ужо добра ўладкаваўся на чужыне, прайшоў этап сацыялізацыі і мае неблагі даход. Яшчэ больш залішне — што 5 еўра ў еўрапейскіх краінах з’яўляюцца існай дробяззю, якую не шкада аддаць на годную справу. Не схадзіць адзін раз на каву ў Вільні, аднойчы праехацца па Варшаве не на таксі, а на трамваі, прайсці міма вітрыны з марозівам у Берліне. Адзін раз паставіўшы «птушачку» ў прыкладанні, вы нават не адчуеце на сваім гаманцы страту тых 5 еўра, і добрая справа будзе рабіць сябе сама.

Падаецца, што ахвотных уключыцца ў такі нязмушаны від дапамогі будзе даволі шмат. І не толькі праз тэхнічную нескладанасць працэсу. Найперш — праз усеагульны кансэнсус у стаўленні да палітычных зняволеных як да герояў, паланёных рэжымам. Анлайн-марафон якраз паказаў гэта, аб’яднаўшы розныя ініцыятывы, розныя медыя, розных людзей. Атрымалася вельмі інклюзіўная гісторыя, крытыкуюць якую хіба толькі зусім ужо клінічныя фрыкі, палітычныя банкруты і махровыя канспіролагі.

То варта працягваць. Гэтымі днямі беларусы ўпэўніліся, што іх салідарнасць нікуды не дзелася. Цяпер гэтую магутную энергію добра было б скіраваць у важнае і патрэбнае рэчышча.

А пакуль да канца дня можна яшчэ падтрымаць сем'і палітвязняў тут: https://salidarnasc.com/