Збор на палітвязняў перавысіў 475 тысяч еўра. Далучайцеся да салідарнасці!
Марафон незалежных медыя і арганізацый пачаўся ў суботу раніцай. Данаціць можна да 23:59 нядзелі. Па стане на 13:15 сабрана 475 тысяч 253 еўра.
Заданаціць можна на сайце salidarnasc.com.
Пасля анлайн-марафону пройдзе першае пасяджэнне назіральнай рады з прадстаўнікоў медыя, што рэалізоўваюць праект. Яны прымуць рашэнне, як размеркаваць сабраныя сродкі паміж арганізацыямі — удзельніцамі марафону, а тыя, у сваю чаргу, змогуць на сабраныя грошы дапамагчы сем’ям палітвязняў, з якімі працуюць. Праз нейкі час назіральная рада вывучыць справаздачы арганізацый і агучыць публічную заяву пра тое, на што пайшлі сродкі.
Вось пра якія арганізацыі гаворка:
- сацыяльны праект INeedHelpBY;
- праект дапамогі палітзняволеным беларускам «Палітвязынка»;
- праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітвязням Dissidentby;
- фонд дапамогі беларусам у Літве RAZAM;
- ініцыятыва BY_help;
- Беларуская асацыяцыя палітвязняў «ДА ВОЛІ»;
- Беларуская рада культуры;
- фонд медыцынскай салідарнасці ByMedSol;
- Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці;
- фонд беларускай салідарнасці BYSOL;
- дабрачынны фонд «Краіна для жыцця»;
- публічная дабрачынная арганізацыя Littouwin LIONS CLUB;
- Анархічны чорны крыж — Беларусь.
Паводле падлікаў «Вясны», у краіне цяпер 1475 палітвязняў. Праваабарончая ініцыятыва Dissidentby называе лічбу 1741 чалавек. Гэты тыя, хто цяпер знаходзіцца ў няволі за палітыку.
Арганізатары мерапрыемства нагадваюць пра меры бяспекі: не варта данаціць з выкарыстаннем расійскіх ці беларускіх плацёжных інструментаў. Таксама, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, не рэпосціце, не лайкайце і не каментуйце трансляцыі са сваіх персанальных акаўнтаў.
Паводле «НН»