Прэзентацыя першых двух тэстаў па беларускай мове як замежнай
Вечарам 25 жніўня ў Мінску адбылася прэзентацыя першых двух кніг цыклу “Тэст па беларускай мове як замежнай” — па пачатковаму і базаваму ўзроўням валодання беларускай мовай як замежнай.
Кніжкі выданы рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” невялікім накладам — па 100 паасобнікаў кожная.
Аўтары-складальнікі кніжак — выкладчыкі шэрагу вышэйшых навучальных установаў краіны — Белдзяржуніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Вольга Барысенка, Ларыса Кныш, Уладзімір Куліковіч, Алеся Літвіноўская, Таццяна Рамза і Аксана Семянькевіч. Яны падрыхтавалі выданні сумесна з сябрамі ТБМ, якое ініцыявала гэты праект.
Як адзначалася на прэзентацыі, кніжкі з’яўляюцца першай у Беларусі спробай стварэння цыклу з шасці пробных тэстаў для ацэнкі валодання беларускай мовай як замежнай на розных узроўнях — ад элементарнага, побытавага да дасканалага. Выданні — складнік вялікага навучальна-метадычнага комплексу “Сертыфікат беларускай мовы як замежнай”. Тэсты рыхтаваліся на аснове Агульнаеўрапейскіх кампетэнцый валодання замежнай мовай: вывучэнне, выкладанне, ацэнка (CEFR). У лістападзе 2001 года Савет Еўрасаюза прыняў рэзалюцыю, у якой рэкамендаваў CEFR у якасці асновы для стварэння нацыянальных сістэм ацэнкі моўнай кампетэнцыі.
Актуальнасць гэтай працы выклікана шэрагам акалічнасцяў. На сёння ў многіх краінах свету ёсць распрацаваныя сістэмы ацэнкі ведаў нацыянальных моваў. Прычым, гэта тычыцца не толькі краінаў — сябраў Еўрасаюза, але і іншых міждзяржаўных утварэнняў. Так, у нядаўна створаным Мытным саюзе (у які ўваходзіць Беларусь) і Расія, і Казахстан маюць распрацаваныя і зацверджаныя на дзяржаўным узроўні сертыфікаты нацыянальных моваў (у Казахстане, напрыклад, гэта “Казтэст”). На жаль, Беларусь пакуль не далучылася да гэтага шэрагу. Вось чаму ў нашай краіне пытанне сертыфікацыі беларускай мовы як замежнай ўзяла на сябе няўрадавая структура — Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
Кніжкі накіруюць на апрабацыю, якая цягам навучальнага года будзе праводзіцца ў шэрагу сталічных ВНУ, у Беластоцкім і Варшаўскім універсітэтах (Польшча), у Пражскім універсітэце (Чэхія), а таксама ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільнюс, Літва), дзе навучаюцца замежныя студэнты. Пасля ацэнкі тэстаў замежнымі экспертамі па гэтай праблеме запланавана правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, а на працягу некалькіх наступных гадоў — падрыхтоўка і выпуск шэрагу падручнікаў па беларускай мове для іншаземцаў.
Мяркуецца, што тэсты стануць крытэрыям для ацэнкі ўзроўню валодання беларускай мовай замежнымі дыпламатамі, гісторыкамі, бізнэсоўцамі, журналістамі, культуролагамі, палітолагамі, навукоўцамі-гуманітарыямі, каб яны маглі займаць пэўную пасаду, а таксама для замежных студэнтаў, якія вывучаюць беларускую мову, і мігрантаў, якія пасяліліся на Беларусі і хочуць атрымаць від на жыхарства ці грамадзянства.
Астатнія чатыры кніжкі тэстаў кіраўніцтва грамадскага аб’яднання збіраецца выдаць да XII з’езду ТБМ, які адбудзецца ў Мінску 26 кастрычніка бягучага году.