Прыгажосць выратуе свет. І Беларусь

Показка пра тое, што свет выратуе прыгажосць, падаецца ўжо занадта звыклай і банальнай – і тым не менш мы часта звяртаемся да яе: магчыма, таму, што ў цёмныя змрочныя часы любая душа прагне святла і прыгажосці. І магчыма, таму, што насамрэч гэты выраз — праўда. Вы, безумоўна, заўважалі, як ззяе прыгажосцю чалавек, што шчыра верыць у сваю справу і ўпарта ўвасабляе ў ёй свае мары.

Святлана Антановіч

Святлана Антановіч

Менавіта з такім чалавекам сёння знаёміць вас «Новы Час» — з заснавальніцай гродзенскай крамы-музея «Феафанія», дзе не толькі можна набыць годныя беларускія рэчы, але галоўнае дакрануцца да старажытных беларускіх традыцый.
Усіх сваіх гасцей, у тым ліку і нас, гаспадыня «Феафаніі» Святлана Антановіч сустракае пачастункам: духмянай гарбатай з зёлак, якія ўласнаруч збірае і нарыхтоўвае. Здавалася б, дробязь — але так любы наведвальнік крамы адчувае сябе не простым пакупніком, а дарагім госцем, якому абавязкова раскажуць і пакажуць шмат цікавага і, канечне, па-беларуску. Хоць першая крама Святланы «Евдокия» мела рускамоўны брэндынг, «Феафанія» пазіцыянуецца ўжо цалкам па-беларуску: ад шыльды на ўваходзе да апошняга цэтліка ў краме, сацсетак і, канечне ж, персанала.

286179169_5196472273783943_3301345416319713218_n__1_.jpg

Святлана распавядае гісторыю ўзнікнення свайго бізнесу:
— Стварэнне першай крамы было вымушаным крокам. У 2010 годзе памёр мой тата, маме прыйшлося сысці з працы, і яна засталася адна. Хацелася нечым заняць маму, бо яна была заўсёды вельмі актыўная, дапамагчы ёй фінансава. Мама ўсё жыццё прапрацавала на швейнай фабрыцы — і вось, ужо дакладна і не памятаю, чаму ў маёй галаве саспела думка пра пасцельную бялізну. Я замовіла тканіны, замовіла маме пашыў, пры гэтым раскройвала бялізну сама, самастойна гэтаму навучылася. Мама адшыла. Я заплаціла ёй за працу, сказала, што ведаю, каму прадаць... Замовіла тканіны яшчэ — і гэтак далей. Вядома, прадаваць мне не было каму. Брала сабе, бралі родныя, калегі, знаёмыя. Паступова, каб неяк аформіць усю гэтую працу, узнікла крама, дзе мы займаліся і пашывам, і продажам. Шыеш уночы, а ўдзень прадаеш.
Здавалася б, гэтаму шчыраму аповеду зусім не месца ў шэрагу тысячы і адной парады паспяховых людзей, як стварыць паспяховую справу. Але што можа быць прыгажэй такога спрадвечнага беларускага памкнення рабіць штосьці дзеля сваіх родных людзей, ва імя любові? Магчыма, не надта прагматычна, але высакародна, і таму сусвет ніколі не абміне такую з’яву і абавязкова адгукнецца на яе. За некалькі год замест адной крамы ў Святланы іх стала тры. Першыя дзве нават і названыя ў гонар яе маці — «Евдокия»:
— Заўжды марыла, што ў мяне будзе дачка і я назаву яе гэтым прыгожым імём (зараз у Святланы трое сыночкаў). А ў краме я намагалася прыстасаваць у інтэр’ер элементы традыцыйнага вясковага побыту, розныя прылады для рукадзелля, старажытныя рэчы з бабулінай вясковай хаты. Напрыклад, гэтая посцілка вышытая ўручную сястрой маёй бабулі Феафаніяй. Яна доўга клапацілася пра тату, пакуль ён быў маленькім, не маючы ўласных дзяцей, любіла пляменніка як свайго і была яму нейкі час бліжэй за родную маці.

Посцілка з традыцыйнай беларускай вышыўкай

Посцілка з традыцыйнай беларускай вышыўкай

286906879_1039691456668650_4802387333002754925_n.jpg

Але праз нейкі час Святлана сышла ў дэкрэт, і супрацоўніцы крамы прыбралі народную экспазіцыю. Гэта выклікала ў Святланы пэўны супраціў, бо яе захапляла беларуская вёска і балела сэрца за тое, як шмат усяго не вернеш:
— Гэты ранак, калі прачынаешся з пеўнямі, гэты ранішні туман і кароўкі, якіх выганяеш пасвіцца, і пахі вясковага поля, і духмяныя аладкі з печы… Зараз гэтага няма. Старыя печы ў вёсках развальваюцца, мала хто застаецца жыць тым жыццём. Але ж і некаторыя людзі сумуюць гэтак жа, як і я: часам у нашай краме проста плакалі пры адным поглядзе на посцілку бабулі. Для мяне гэта быў знак.
Святлана зазначае, што 2021 год балюча адбіўся на жыццях і маралёвым стане шматлікіх людзей, і яна не стала выключэннем. Разумеючы, што трэба заняцца нечым грунтоўным, Святлана і прыйшла да ідэі наступнай крамы – але ўжо з зусім іншай канцэпцыяй.
— Я так хацела стварыць, паказаць сапраўдную вясковую хату. Гэтае памяшканне ў самым цэнтры горада – тут не патрэбная яшчэ адна звычайная крама. І па шчырасці, я нават не нацэльвалася на нейкі вялікі прыбытак. На тое, каб зрабіць адпаведны інтэр’ер, сышло вельмі шмат сродкаў, але я задаволена тым, што атрымалася. Напачатку было маралёва цяжка, але я проста прымусіла сябе дапісаць дамову арэнды, дамову з дызайнерам – і шляху назад ужо не было.

285244542_1444956275917912_5466241753127901548_n.jpg

284901477_3252796398323378_8963238724780947779_n.jpg


286329351_1030300911191938_5326136116402896661_n.jpg


286423024_737292894357752_146711631546354714_n.jpg


285996554_1144072699708349_8127546396138518075_n.jpg


285579389_4976088302513489_2640377420556080921_n.jpg


285767223_5675401249139354_4489585099388703693_n.jpg


Важнай асаблівасцю крамы «Феафанія» стаў беларускамоўны брэндынг. Святлана сама часцей размаўляе па-беларуску, а ў краме гэта абавязковы элемент. У адрозненне ад шматлікіх месцаў, якія даволі часта выкарыстоўваюць беларускую мову не далей за назву, «Феафанія» гэта сапраўдны свет беларускай аўтэнтыкі і яшчэ адзін гродзенскі цэнтр прыцягнення для гараджан, што шануюць сваю мову і культуру.
Не ўсе сябры і блізкія людзі змаглі зразумець Святлану ў яе імкненні стварыць асаблівае месца паводле ўсіх сваіх задумаў. Як яна прызнаецца, шырока пра свае планы нават не распавядала: не хацелася сутыкацца з крытыкай ці дэматывуючымі каментарамі. Таму зрабіла ўсё паводле распаўсюджанай беларускай традыцыі: па-партызанску.
— Калі ў мяне былі ваганні, ці адчыняць гэтую краму, я разумела, што бізнес гэты не вельмі даходны. Але ўсе сродкі, якія ў мяне ў руках з’яўляліся, я ўкладала сюды. Можа, гэта не вельмі добра: часам у мяне не хапала грошай схадзіць у краму за прадуктамі, але хапала штосьці дарабіць тут. Раней я рабіла ўсё сама, пакуль не вымушана была, пайшоўшы ў першы дэкрэтны адпачынак, дэлегаваць абавязкі. І мне гэта вельмі спадабалася (смяецца). А зараз зноў вельмі складана… Але я вельмі задаволена тым шляхам, які прайшла. Уласны бізнес — гэта калі працуеш на ўсіх пасадах, ад прадаўца да дырэктара.
Толькі папяровую працу з дакументамі Святлана не любіць, аддае перавагу творчасці: пашыць, раскраіць, аздобіць прастору. Крама з’яўляецца адначасова атэлье, дзе шыюць па індывідуальных замовах, музеем вясковага побыту, а таксама пляцоўкай для мерапрыемстваў, звязаных з беларускай культурай, рамесніцтвам, рукадзеллем. А на адкрыццё «Феафаніі» зладзілі сапраўдныя традыцыйныя беларускія ўлазіны – праўда, з пэўнымі адметнасцямі гарадской культуры. Дапамагалі ў арганізацыі гэтай цырымоніі суседзі Святланы: этнакрама «Цудоўня», пра якую мы ўжо распавядалі.

284404355_2161602327339164_511440427271460678_n.jpg


У спякотны летні дзень зусім не хочацца пакідаць прахалодныя сцены крамы, дзе пануе атмасфера спакою і гармоніі, дзе быццам пераносішся ў іншы свет, у якім няма перажыванняў ды жахаў, што за апошнія два гады ўвайшлі ў жыцці беларусаў. Гэта адзначаюць усе: першыя пакупнікі, супрацоўнікі суседніх устаноў, якія часта завітваюць на кубак зёлкавай гарбаты. Напэўна, у «Феафаніі» так прыемна знаходзіцца, бо з'яўляецца адчуванне непарушнай, устойлівай, як стагоддзі беларускіх традыцый, абароненасці і пяшчоты. Салодкі водар кветак, пах старога дрэва, гучанне роднай мовы, сяброўская падтрымка і разуменне — вось яна, простая беларуская прыгажосць, якая напоўнена верай у сваю справу і любоўю да сваёй зямлі, а таму абавязкова выратуе і свет, і нашу краіну.

284209736_459695932583528_1960273131453247535_n.jpg


Фота: Інстаграм.