Карысныя ідыёты. Чаму рэйды «хунвэйбінаў» не знішчаюць, а гартуюць беларускую мову

Кнігарня «Янушкевіч», галерэя «400 квадратаў», бар «Каліноўскі» — апошнія ахвяры антыбеларускага імпэту «штурмавікоў» рэжыма.

Полацк, помнік літары Ў. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева, Новы Час

Полацк, помнік літары Ў. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева, Новы Час

Месяц таму ў беларускамоўную кнігарню «Кнігаўка», якую адкрыла па новым адрасе выдавецтва «Янушкевіч», прыйшлі прапагандысты на чале з Азаронкам. Чапляліся да выдаўцаў, што тыя прадаюць ідэалагічна шкодную літаратуру. Выказвалі прэтэнзіі да асартыменту, дзе адсутнічала кніжка Мукавозчыка, а замест яе прапаноўвалася даследаванне творчасці Уладзіміра Някляева. Абураліся, што ў адной з кніг згадваецца гетман Канстанцін Астрожскі, які перамагаў маскоўскіх захопнікаў, а вось пра імперскага палкаводца Суворава анічога няма.
У выніку пазней у кнігарню прыйшлі сілавікі, і ўсе закруцілася паводле знаёмых сцэнароў. Затрымалі дваіх — супрацоўніцу крамы Насту Карнацкую і кіраўніка Андрэя Янушкевіча. Дзяўчына нядаўна выйшла на волю пасля 23 сутак на Акрэсціна, выдаўца дагэтуль застаецца за кратамі. Кнігарня закрылася — твор Мукавозчыка там так і не з’явіўся.
На пачатку чэрвеня тыя ж прапагандысты (у сеціве іх іранічна называюць «грамадскімі кантралёрамі», альбо наўпрост «хунвэйбінамі») адсправаздачыліся аб закрыцці бара «Каліноўскі» на сталічнай вуліцы Зыбіцкай. «Дэнацыфікаваны і дэмілітырызаваны» — падсумаваў Азаронак па выніках чарговага рэйда.
Установу па-за будзь якой юрыдычнай працэдурай абвінавацілі ў нібыта дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце. Назвалі «русафобскай і антыпрэзідэнцкай забягалаўкай», а кіраўніка паўстання 1863 года ў дзяржаўнай прэсе ахрысцілі «польскім бандытам». Розгаласу хапіла, каб аднекуль паступіла адпаведная каманда. Ад той пары бар не працуе, прымацаваная на ўваходзе шыльда спасылаецца на «тэхнічныя прычыны».
Напрыканцы красавіка ў Гродне зачынілася мастацкая галерэя «400 квадратаў». Зноў жа «па тэхнічных прычынах». На пляцоўцы ладзіліся нацыянальныя выставы і імпрэзы, але выстава станковай скульптуры «СКУЛЬПТУРА» стала апошняй.
Выявілася, што галерэя мусіла прыпыніць працу праз скаргу мясцовай праўладнай актывісткі Бондаравай. Тая звярнулася ў гарвыканкам, бо красавіцкая выстава нібыта «не адпавядае яе ўяўленням аб правільнай грамадзянскай пазіцыі».
Тая ж Бондарава ўжо працяглы час апантана змагаецца і з беларускай мовай. Здзекуецца ў сацсетках са слова «дзякуй», абураецца наяўнасці на гарадскіх паркінгах абвестак па-беларуску і бачыць «бэчэбэ-бесаў» у тым, што на мясцовым рынку прадаюцца цішоткі з прынтом у выглядзе літары «Ў». Усё гэта «рускамірская» жанчына называе «насильственным навязыванием мовы», хаця ў сучаснай Беларусі няма аніводнай ВНУ з выкладаннем па-беларуску, а колькасць беларускамоўных школ перманентна памяншаецца.
Бачна, што пасля выбараў 2020-га ўлады адкрылі сезон палявання на ўсё беларускае. З асаблівым службовым дбаннем пачалі ганьбіць сімволіку, грунтуючы наратывы на псеўдагістарычнай аргументацыі. Панішчылі крамы з нацыянальным адзеннем і іншым патрыятычным асартыментам. Пазакрывалі культурніцкія лакацыі і профільныя грамадскія арганізацыі, выціснулі за мяжу музыкаў і літаратараў, працягнулі перапісваць гісторыю.
Логіку рэжыму зразумець няцяжка. Апошнім часам дзяржаўная ідэалогія ўсё больш абапіраецца нават не на савецкія ці прарасійскія, а хутчэй наўпрост на бальшавіцкія патэрны. І прамовы Лукашэнкі пра ворагаў народа, і паказальныя суды з прапагандыстамі на маршы, і рыторыка пра злавесны Захад і адзіную Айчыну ад Брэста да Уладзівастока, і непрыхаванае раскулачванне буржуяў-бізнесоўцаў… Усё адсылае ў тыя часы, калі сацыяльная справядлівасць хадзіла па вуліцах у скураных куртках з наганам і фармулявала агульную ідэю роўнасці і братэрства — адабраць і падзяліць.

1567834_800.jpg

На мову таксама пайшоў рашучы наступ — як на месцішча праклятай нацдэмаўшчыны. І хай сабе забаранілі фільм пра Купалу — алюзіі на сённяшні дзень там надта красамоўныя. І хай сабе затрыманых беларускамоўных пратэстоўцаў збівалі з асаблівай руплівасцю, а палітвязня Валадара Цурпанава кінулі ў карцар за тое, што размаўляў на «дзеравенскім языке». Гэта прынцыпова не супярэчыла канонам вайны, развязанай супраць любога іншадумства.
Іншая справа — з мовай як такой. Яна, канешне ж, муляе. Бо калі нехта размаўляе па-беларуску, то наўрад ці ён падтрымлівае чалавека, які называе мову «беднай» і карыкатурна ўжывае яе, хіба толькі каб чарговы раз зняважыць «змагароў». Але ж шэльмаваць беларускую на дзяржаўным узроўні… Гэта занадта нават для такой дзяржавы, дзе дэпутаты ў любы момант могуць прыняць закон аб забароне Альфа Цэнтаўры, а генеральны пракурор хоць заўтра гатовы абвясціць «экстрэмісцкай» піраміду Хеопса.
Занадта, бо мова — гэта мур. Гэта тое, што робіць беларуса беларусам. Тое, што складае сэнс існавання народа і дзяржавы. Тое, што не адмаўляе і сам рэжым, пры ўсёй сваёй нелюбові да каранёў, якія залягаюць глыбей 1994 года.
То калі ўсёй рэпрэсіўнай машынай на мур не навалішся, лепей адправіць у гэты крыжовы паход тых самых «хунвэйбінаў». Няхай яны змагаюцца з мовай, літаратурай, культурай нібы тыя «пажарныя» з вядомага рамана Брэдберы. Ім толькі ў радасць, а нейкі вынік будзе. Бо пара ж і тут паставіць на месца «бэчэбэ-бесаў».
І тут адразу дзве навіны для тых, хто пераймаецца праз гэтую антыбеларускую проксі-актыўнасць. Дрэнная — прапагандысты на рэйдзе сапраўды атрымліваюць асалоду ад сваіх налётаў і дакладна будуць працягваць. Добрая — аніякага плёну яны не даб’юцца. Не з такім прыгнётам сутыкалася беларуская мова цягам стагоддзяў, то і гэты пячорны перажыве.
Перажыве, бо хіба можна прыдумаць лепшую рэкламу чаго заўгодна, чым шальмаванне з боку самых адыёзных прапагандыстаў? Боты добрыя, трэба браць, як казалі ў старым савецкім кіно. Калі Еўтушэнка супраць калгасаў, то я за, казаў зусім з другой нагоды паэт Бродскі.
Шмат гадоў дзяржава здушвала мову метадам звычайнага крывадушнага ігнаравання. Ледзьве што — дык у нас двухмоўе, маем права па-руску. А што колькасць беларускіх школ змяншаецца, то на ўсё воля народа. І гэтай «воляй», рэгламентаванай адным з прадвызначаных рэферэндумаў, тлумачылася ўсё — адсутнасць беларускамоўных ВНУ, русіфікацыя афіцыйнай прэсы і афіцыйнага дакументаабарота, шыльды на вуліцах, абвесткі ў транспарце і гэтак далей. У гэтым сэнсе жонка Макея, узяўшыся русіфікаваць Тэатр юнага гледача, анічога новага не робіць.
Новае робяць яны — «грамадскія кантралёры» з вялікай дарогі, што дабраліся да Каліноўскага, а хутка пачнуць пляжыць і Купалу з Коласам. Яны апублічваюць тое, што раней было схавана. Яны падсвечваюць над беларускай мовай арэол пакутніцтва, а гэта заўсёды дае адваротны эфект. Як гэта некалі было з беларускай музыкай, наяўнасць якой у чорных спісах, мякка кажучы, не пашкодзіла яе папулярнасці.
У беларусаў даволі дзіўныя адносіны са сваёй мовай. З аднаго боку, у побыце і дома ёй карыстаецца несумнеўная меншасць жыхароў краіны. З іншага — роднай мову лічыць устойлівая большасць. Ад перапісу да перапісу насельніцтва лічбы трымаюцца на ўзроўні звыш 60%. Навуковае тлумачэнне гэтаму феномену хай даюць сацыёлагі і лінгвісты, аднак на першы погляд такое стаўленне можна сфармуляваць як «не ўжываю, але сваё не аддам».
То, відавочна, неабыякавыя беларусы да мовы, хто б што ні казаў. І, ладзячы свае палавецкія набегі на крамы ды кнігарні, анічога, акрамя раздражнення, праўладныя ваяры з літаратурай не выклікаюць. Раздражнення — і яшчэ большага асэнсавання, што мова гэта не проста набор літар і гукаў, з дапамогай якіх можна фармуляваць думкі і сэнсы.
Для такіх кейсаў ёсць добрае азначэнне — «карысныя ідыёты». Гэта як раз тыя, хто па ўласнай дурасці робіць глупствы і атрымлівае люстэркавы вынік. Праз гэтых добрых людзей (і не толькі, вядома) у агульным доступе мовы зараз стала болей. У фэйсбуку, дзе допісы робяць карыстальнікі, якія ледзьве ўсталявалі сабе раскладку з апострафам і нескладовым «у». У ютубе, дзе імкліва беларусіфікаваліся інфлюэнсеры са шматтысячнымі праглядамі. У яшчэ ўчора рускамоўных медыях, якія цяпер мэтанакіравана і спраўна ўсталёўваюць беларускія дні.
Трэнд добры, ён дае надзею на будучыню. Карныя рэйды па кнігарнях апантаных «хунвэйбінаў» мацуюць і трэнд, і надзею.