ТБМ патрабуе спыніць пераслед зняволеных за ўжыванне беларускай мовы ў турмах

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім накіравала лісты ва ўстановы МУС, у якіх заявіла пра ўціск зняволеных сяброў арганізацыі ТБМ, якія гавораць па-беларуску, паведамляе «Свабода».

Зняволены праваабаронца Валадар Цурпанаў, якога пакаралі карцарам за беларускую мову

Зняволены праваабаронца Валадар Цурпанаў, якога пакаралі карцарам за беларускую мову

Алена Анісім нагадала іх кіраўніцтву, што «гэта парушэнне дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Пра гэта Анісім расказала ў Facebook.

Яна прапанавала «правесці тлумачальную працу ў сістэме МУС аб недапушчальнасці пераследу зняволеных за карыстанне дзяржаўнай беларускай мовай».

Алена Анісім не назвала, у якія канкрэтна папраўчыя ўстановы адправіла звароты, але зазначыла, што ТБМ адсочвае сітуацыю з парушэннем правоў яго сябраў.

Каго дыскрымінавалі ў турме за беларускую мову

Сярод тых, хто апошнім часам заяўляў пра дыскрымінацыю паводле моўнай прыкметы, зняволены праваабаронца Валадар Цурпанаў, якога трымаюць у магілёўскай турме №4. Актывіста двойчы каралі карцарам, бо размаўляе з ахоўнікамі па-беларуску.

Паыодле слоў жонкі Ірыны, якая бачылася з мужам на спатканні 15 чэрвеня, другі раз яго адправілі ў штрафны ізалятар «за злоўжыванне беларускай мовай». З тлумачэння Валадара яна зразумела, што не ўсе супрацоўнікі турмы разумеюць беларускую мову, а некаторыя словы лічаць нават абразлівымі.

У турму Цурпанаў трапіў пасля месяца знаходжання на «хіміі» ў райцэнтры Круглае. Там яго абвінавацілі ва ўхіленні ад адбывання пакарання, а суд Круглянскага раёна пакараў яго за гэта двума гадамі калоніі агульнага рэжыму.

На судовым працэсе актывіст заяўляў, што супрацоўнікі Круглянскай спецкамендатуры парушалі яго канстытуцыйнае права на карыстанне роднай мовай. Ён сцвярджаў, што яны не толькі адмаўляліся гаварыць з ім па-беларуску, але ігнаравалі яго патрабаванні рыхтаваць дакументы, якія тычыліся яго знаходжання пад вартай, на беларускай мове. У судзе супрацоўнікі тлумачылі гэта тым, што справаводства ў іх рускамоўнае, і прызнаваліся, што з такім асуджаным, як Цурпанаў, сутыкнуліся ўпершыню.

Падчас разгляду крымінальнай справы судом не было задаволенае хадайніцтва Цурпанава, каб працэс вёўся па-беларуску. Сваю пазіцыю прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачвання і суддзя аргументавалі тым, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, таму яны маюць поўнае права з падсудным гаварыць па-руску.