«Яму пагражаюць, што з турмы жывым не выйдзе». Ціск на палітвязня Ягора Дуднікава працягваецца

20-гадовага грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Ягора Дуднікава затрымалі 5 траўня ў Мінску і змясцілі ў СІЗА КДБ. Хлопцу прад'явілі абвінавачанне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Крымінальную справу супраць яго распачалі з-за таго, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў телеграм-канале «ОГСБ».

Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва

Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва

Ягор праз ліст з СІЗА распавёў пра катаванні і збіццё, якія ўжываліся да яго пасля затрымання.

31 траўня хлопца перавялі ў СІЗА-1. Паводле слоў яго маці Юліі, у ізалятары Ягора адзін раз наведаў расійскі амбасадар, які паабяцаў паспрыяць, каб да зняволенага дапусцілі лекараў, але гэта ўсё засталося абяцаннямі.

Паводле інфармацыі мамы, запалохванні, фізічны гвалт і ціск на хлопца не спыніліся і на «Валадарцы» — «яму пагражаюць, што жывым з турмы не выйдзе».

Юлія рыхтуе звароты ў Камітэты ААН па фактах катаванняў і жорсткага абыходжання з сынам. Ягор зноў перадаў запіску на волю, у якой распавядае пра жорсткія ўмовы ўтрымання ў СІЗА-1, пра падтрымку з волі і перажыванні пра былога сукамерніка Рыгора Кастусёва.

«Вясна» публікуе словы палітвязня.

«У мяне моцныя галаўныя болі, бяссонніца, прыступы панічнага страху. Псіхолаг або псіхатэрапеўт не прыходзяць, хоць я пішу заявы праз дзень. Зуб баліць, і ежа вельмі дрэнная. Катастрафічна не хапае вітамінаў і нармальнай чалавечай ежы. Ад мамы дайшло толькі адно пісьмо, ад дзяўчыны — ні аднаго! Затое прыйшло некалькі лістоў ад зусім незнаёмых людзей, што мяне вельмі падтрымала і ўзрадавала. Яшчэ прыйшла адна пасылка таксама ад невядомага чалавека — я быў гэтаму шалёна рады.

У душ водзяць адзін раз на тыдзень. На гэтым тыдні не было ў душы гарачай вады (давялося мімаволі гартавацца). Пры гэтым, у душы даюць 10 хвілін часу на ўсе справы, чаго катастрафічна не хапае.

Яшчэ Рыгор Кастусёў, з якім я сядзеў разам з Бабарыкам у СІЗА КДБ, вельмі моцна перажывае, што яму не даходзяць лісты і навіны з волі. Яму будзе вельмі прыемна, калі яго падтрымаюць добрым словам ці навінамі!

Знаходжанне ў СІЗА дае магчымасць падумаць, і гэта моцна загартоўвае. Не ведаю, ці зробяць мяне палітвязнем. Дзіка прашу прабачэння і перадаю прывітанне ўсім, і усіх люблю».

Мама Ягора распавядае, што ён таксама перадаў ім, што вельмі ганарыцца сваёй сям'ёй і верыць у самае лепшае. У Бабарыкі, калі сядзеў з ім у адной камеры ў СІЗА КДБ, шмат пытаўся пра бізнес і стартапы, усё канспектаваў. Збіраецца вучыць англійскую мову.

spring96.org

"Мне вельмі горка і страшна за сваё дзіця"

Таксама мама Ягора адзначае, што яго дзяўчына піша па тры лісты на тыдзень і яна сама адправіла не адзін ліст, але іх яму не аддаюць. Юлія расцэньвае тое, што яе сыну не аддаюць лісты ад родных людзей, яшчэ адным спосабам прэсінгу і здзекаў. Яна рыхтуе звароты з нагоды сына ў Камітэты ААН і падкрэслівае, што не мае намеру здавацца:

"Я не пакіну гэта ў такім стане. Я ўжо пішу ліст у Міжнародны камітэт па абароне правоў чалавека і ў Камітэт супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. Я ў жаху, што ў сучасным свеце могуць быць такія ўмовы ўтрымання зняволеных, што адны людзі дазваляюць сабе здзекавацца над іншымі людзьмі. Мне вельмі горка і страшна за сваё дзіця, што яму даводзіцца такое трываць і спрабаваць выжываць у такіх умовах".